Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не пераступілі мяжу». Марыя Калесьнікава і тэорыя і рэальнасьць негвалтоўных рэвалюцый

Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Сьцісла

  • Дасьледаваньні Эрыкі Чэнавэт на масіве дадзеных за 1900-2006 год паказалі, што негвалтоўныя пратэсты мелі посьпех часьцей, чым гвалтоўныя.
  • У апошнія 15 гадоў сталі часьцей цярпець паразы любыя пратэсты — і гвалтоўныя і негвалтоўныя.
  • Мірныя пратэсты з прыкладна аднолькавай частатой перамагаюць як супраць жорсткіх, гэтак і супраць адносна мяккіх рэжымаў.
  • Маральнае адмаўленьне гвалту Калесьнікавай і Севярынца нагадвае падыход Марціна Лютэра Кінга.

Негвалтоўныя пратэсты часьцей прыводзяць да посьпеху, чым гвалтоўныя — кажа магістарка сацыялёгіі і антрапалёгіі Маргарыта Тарайкевіч, камэнтучы інтэрвію Марыі Калесьнікавай Юрыю Дудзю і спасылаючыся на дасьледаваньні амэрыканскай навукоўкі Эрыкі Чэнавэт.

Што гаворыць статыстыка пра пасьпяховасьць пратэстаў?

— Марыя Калесьнікава ў інтэрвію Юрыю Дудзю выклала сваё крэда негвалтоўнага пратэсту: «Упэўненая, што дакладна нельга было рабіць — правакаваць гвалт. Мне здаецца, вельмі важна, што мы не пераступілі мяжу. Бо калі ты перасякаеш яе, ты становісься гэткім жа злачынцам, як і тыя, хто зь іншага боку. Ты гатовы праліваць кроў. Я ніколі ў жыцьці на сябе такую адказнасьць не ўзяла б і, спадзяюся, у мяне ніколі ня будзе такога выбару».

Маргарыта, вы ўважліва вывучалі дасьледаваньні амэрыканскай навукоўкі Эрыкі Чэнавэт наконт гвалтоўных і негвалтоўных пратэстаў. Яна, аналізуючы шматгадовую статыстыку, прыйшла да высновы , што негвалтоўныя пратэсты ўдвая часьцей перамагаюць. Як зьмянілася статыстыка, на якой яна грунтавала свае дасьледаваньні?

Маргарыта Тарайкевіч
Маргарыта Тарайкевіч

— За апошнія 15 гадоў зьнізілася эфэктыўнасьць любых пратэстаў: раней негвалтоўныя перамагалі ў 53% выпадкаў (а ўзброеныя паўстаньні — у 27%); а пасьля нулявых выніковасьць негвалтоўных дзеяньняў зьменшылася да 34% (а ўзброеных — да 7%). Сама Чэнавэт раней, вывучаючы канфлікты і тэрарызм, вельмі скептычна ставілася да пасьпяховасьці негвалтоўнага пратэсту. І ў яе было перакананьне, што негвалтоўны пратэст можа перамагчы толькі супраць адносна гуманных рэжымаў, але ня супраць жорсткіх і рэпрэсіўных. Аднак карэляцыі з рэпрэсіўнасьцю рэжымаў не знайшлося. Мірныя пратэсты з прыкладна аднолькавай частатой перамагаюць як супраць жорсткіх, гэтак і супраць адносна мяккіх рэжымаў.

— У інтэрвію Дудзю Калесьнікава сказала, што ў 2020 годзе і не зьбіралася зрынаць тырана. Паводле досьведу іншых краінаў — ці часта пратэст дасягаў мэтаў, значна больш амбітных, чым тыя, якія яго лідэры і ўдзельнікі ставілі напачатку?

—Мяркую, што туніскі гандляр Мухамэд Буазізі, які спаліў сябе ў 2010 годзе, ня думаў, што яго ўчынак спародзіць «арабскую вясну» — каскад рэвалюцыяў у шэрагу краінаў Афрыкі і Азіі. У Калесьнікавай была мэта годна правесьці выбарчую кампанію Віктара Бабарыкі. Але мяркую, што тут справа і ў стылі. Узьнёслая палымяная рыторыка — зрынаньне, крывавая тыранія — ёй не ўласьцівая. Яна — адна з вельмі розных беларусак і беларусаў, якія ўдзельнічалі ў тых пратэстаў, у якіх былі розныя мэты і матывацыі. Відавочна, што яна хацела памяняць уладу, але на выбарах.

Чаму правіла «3,5%=перамога» больш не працуе

— У дасьледаваньнях Эрыкі Чэнавэт фігуруе «магічная» лічба — 3.5%. Калі колькасьць пратэстоўцаў перавышае 3.5% ад насельніцтва, пратэст перамагае. Максім Кац у 2020 годзе спасылаўся на гэтыя дадзеныя, калі камэнтаваў беларускія пратэсты. Ці памянялі статыстыку беларускія пратэсты 2020 году? У Беларусі колькасьць удзельнікаў пратэстаў была вышэй за 3.5%, але посьпеху не было.

— Чэнавэт і яе калегі вызначылі гэтую лічбу як эмпірычную заканамернасьць, якая вынікала з аналізу масіву дадзеных пра пратэсты ў сьвеце ў 1900-2006 гадах. На гэтым масіве атрымлівалася, што сапраўды калі пратэстная актыўнасьць вышэй за 3.5% — пратэст перамагаў. Праўда, яны потым знайшлі два прыклады ў гэты пэрыяд, дзе актыўнасьць была вышэй, а перамогі не было — гэта пратэсты ў Бахрэйне і Брунеі, у адным выпадку былі негвалтоўныя пратэсты, у другім — узброенае паўстаньне, посьпеху ня мелі абодва. Беларускі выпадак 2020 году — яшчэ адзін прыклад, які не пацьвярджаў гэтую эмпірычную заканамернасьць.

— Які пратэст лічыцца гвалтоўным? У Беларусі ў 2020 годзе 9-11 жніўня былі жорсткія бойкі ў Менску, былі і іншыя выпадкі сілавых сутыкненьняў. У той жа час украінскі Майдан 2013-2014 гадоў які часам ставяць у прыклад беларусам, тая ж Чэнавэт лічыць негвалтоўным. Які крытэр?

— Гвалтоўным лічыцца пратэст, у якім большасьць яго ўдзельнікаў дзейнічае са зброяй, ці пагражаючы зброяй ці забіваючы. Ідэальных, чыстых тыпаў пратэстаў няма. Ня толькі і першы, і другі ўкраінскія Майданы лічацца негвалтоўнымі, напрыклад, іранская рэвалюцыя 1979 году таксама лічыцца ўзорным прыкладам пасьпяховага негвалтоўнага пратэсту. Я мяркую, што і цяперашнія пратэсты ў Іране, якія падаўляюцца з надзвычайнай жорсткасьцю, будуць лічыцца навукоўцамі негвалтоўнымі, хаця там былі выпадкі ўжываньня гвалту пратэстоўцамі. Звычайна пратэст клясыфікуецца як гвалтоўны, калі гвалт — пераважная практыка пратэстоўцаў. Існуе погляд, які трактуе гвалт як нейкую «чароўную палачку» — толькі вазьміся за кактэйлі Молатава і перамога ў кішэні. Гэта такі ж міт, як і ўяўленьне, што выйдзе на вуліцу 3.5% насельніцтва — і посьпех забясьпечаны. Перамагаюць і церпяць паразу як гвалтоўныя, гэтак і негвалтоўныя пратэсты. Статыстыка паказвае, што гвалтоўныя церпяць паразу часьцей. Але гэтая статыстыка, наагул кажучы, не дазваляе сказаць дакладна, якім будзе вынік канкрэтнага пратэсту пэўнага кшталту ў пэўны час і ў пэўнай краіне.

Чым перамагае негвалтоўны пратэст?

— Як працуе, як перамагае негвалтоўны пратэст? Вы казалі, што Эрыка Чэнавэт напачатку таксама зьдзіўлялася, як ён перамагае. Сапраўды, пахадзілі людзі па вуліцах, памахалі сьцягамі, пашумелі. А на другім баку — улада з апаратам гвалту, зь людзьмі са зброяй у руках. Чаму гэтыя людзі са зброяй у пэўны момант спыняюць яе ўжываньне, а ўлада проста капітулюе?

— Адзін з мэханізмаў гэтага — defection, можна перакласьці як дэзэртырства ці як рэнегацтва. Сапраўды людзі са зброяй альбо здаюцца, альбо прыкідваюцца хворымі, не прыходзяць на працу ці адмаўляюцца ўжываць сілу, ужываць гвалт. Пасьля рэвалюцыі ў Сэрбіі ў 2000 годзе бралі інтэрвію ў сілавікоў, якія мелі загад страляць па пратэстоўцах. Іх пыталіся, чаму яны не стралялі. Адзін адказаў: «Мне падалося, што я бачу сваіх дзяцей у гэтым натоўпе. І што там стаіць чалавек, у якога я ўчора лікёр купляў».

Дарэчы, у апошнія 15 гадоў гэты мэханізм стаў працаваць горш, пра што кажа Чэнавэт у сваіх нядаўніх дасьледаваньнях. Яна адзначае, што ўлады ў розных краінах пачалі больш эфэктыўна весьці і кадравую палітыку і псыхалягічную, ідэалягічную працу. Усё часьцей у прапагандзе ўжываецца наратыў вонкавай інсьпірацыі пратэстаў, маўляў, гэта замежная змова супраць нашай краіны, гэта арганізавана чужымі, ворагамі, удзельнікі пратэстаў — гэта не свае. Ну і кадравая палітыка: у кім бачаць нават цень, нават магчымасьць неляяльнасьці, тых звальняюць ці прыбіраюць з пасадаў, якія дзейнічаюць на падаўленьне пратэстаў.

Чэнавэт некалькі гадоў таму падчас сваёй лекцыі спаслалася на інфармацыю пра тое, што Беларусь пасьля 2020 году пасылала сілавікоў-кансультантаў у Вэнэсуэлу. У Вэнэсуэле самыя масавыя пратэсты адбываліся ў 2019-2020 гадах. Але, відаць, беларускім сілавікам і пасьля пратэстаў і ў Беларусі, і ў Вэнэсуэле было, якім вопытам абмяняцца з вэнэсуэльскімі калегамі.

Законы і заканамернасьці рэвалюцыяў

— Якія яшчэ заканамернасьці былі выяўленыя пры вывучэньні статыстыкі пратэстаў?

— Цікавая заканамернасьць — чым болей доля жанчын сярод удзельнікаў пратэстаў і іх лідэраў, тым большая імавернасьць посьпеху такіх пратэстаў. Яшчэ адна заканамернасьць, да пэўнай ступені нечаканая — што супраць жорсткіх рэпрэсіўных рэжымаў пратэсты бываюць часьцей негвалтоўныя, чым супраць рэжымаў адносна дэмакратычных, супраць якіх узброеныя паўстаньні здараюцца часьцей.

У цэлым у сьвеце ў апошнія гады доля негвалтоўных пратэстаў сярод усіх пратэстаў павялічваецца. Пры гэтым, як я ўжо сказала раней, за апошнія 15 гадоў наагул зьнізілася доля пасьпяховых пратэстаў — як негвалтоўных, гэтак і гвалтоўных.

Ну і даволі чаканая заканамернасьць — што пры гвалтоўных пратэстах гіне больш людзей, чым пры негвалтоўных. Прыклад цяперашніх іранскіх пратэстаў, у цэлым негвалтоўных, дзе тысячы ці нават дзясяткі тысячаў загінуўшых, нібыта не адпавядае гэтай заканамернасьці. Але ў сярэднім падчас гвалтоўных пратэстаў гіне ўсё ж больш людзей, чым пры негвалтоўных.

А напрыканцы я б хацела сказаць ужо не як дасьледчыца, а як чалавек, як грамадзянка, што вельмі шаную той маральны імпульс негвалтоўнасьці, які ўтрымліваюць сёлетнія выступы Марыі Калесьнікавай. На мой погляд, яе падыход вельмі падобны на маральны падыход Паўла Севярынца. Мне яны абодва нагадваюць Мартына Лютэра Кінга.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG