Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «файлах Эпштэйна» знайшлася яшчэ адна беларуска. Расказваем, хто яна і хто яшчэ зьвязвае фінансіста-пэдафіла з Беларусьсю

Джэфры Эпштэйн і ягоная сяброўка Гісьлейн Максвэл, асуджаная за гандаль непаўналетнімі дзяўчатамі да 20 год турмы. Дата фота невядомая
Джэфры Эпштэйн і ягоная сяброўка Гісьлейн Максвэл, асуджаная за гандаль непаўналетнімі дзяўчатамі да 20 год турмы. Дата фота невядомая

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала мільёны дакумэнтаў у справе амэрыканскага фінансіста Джэфры Эпштэйна, асуджанага за сэксуальныя злачынствы і загінулага ў турме. У дакумэнтах каля 1500 разоў згадваецца Беларусь. Ёсьць у справе і канкрэтныя імёны. Расказваем пра беларускі сьлед у гэтай справе.

Джэфры Эпштэйн — амэрыканскі фінансіст. Яго двойчы судзілі за злачынствы сэксуальнага характару, абвінавачвалі ў стварэньні сеткі вэрбаваньня і сэксуальнай эксплюатацыі непаўналетніх дзяўчат, што дзейнічала шмат гадоў.

У 2005 годзе Эпштэйна першы раз арыштавалі па абвінавачваньні ў разбэшчваньні 14-гадовай дзяўчынкі, паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяраў, аднак пракуратура таемна ад ахвяраў дамовілася аб пазасудовай угодзе, фінансіст атрымаў 1,5 году турмы і дазвол рэгулярна адлучацца зь яе ў сваіх справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, будучы пад арыштам. Яго саўдзельніца Гісьлейн Максвэл асуджаная ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.

30 студзеня Мінюст ЗША на патрабаваньне Кангрэсу ЗША апублікаваў у інтэрнэце каля 3 мільёнаў розных дакумэнтаў у справе Эпштэйна, дзе згадваюцца такія імёны як Дональд Трамп, Біл Гейтс, Былы брытанскі прынц Эндру і іншыя вядомыя асобы. Ёсьць каля 1500 згадак пра Беларусь і грамадзян Беларусі. Што пра іх вядома.

Прафэсійная мадэль В. С.

У матэрыялах справы ёсьць копія беларускага пашпарту на імя В. С. У кантэксьце ня згадваецца, зьяўляецца яна пацярпелай па гэтай справе, ці праходзіць у нейкім іншым статусе.

З этычных прычынаў мы не раскрываем асабістыя дадзеныя беларускі, якая ня ёсьць публічнай асобай.

Вядома, што дзяўчына нарадзілася ў Горадні ў 1998 годзе.

Пашпарт беларускі В.С., апублікаваны ў «файлах Эпштэйна»
Пашпарт беларускі В.С., апублікаваны ў «файлах Эпштэйна»

Свабода адшукала сацыяльныя сеткі беларускі В.С., дзе цалкам супадае ўказаная пры рэгістрацыі дата нараджэньня. Як вынікае з гэтых профіляў, жанчына — прафэсійная мадэль. Яна займалася, у тым ліку, рэклямай вядомых брэндаў у 2016–2018 гадах, напрыклад Mark Formelle. Вучылася ў Горадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Янкі Купалы.

На пэрыяд 2017–2019 гады прыпадае час актыўных падарожжаў дзяўчыны. Калі меркаваць па фатаздымках з сацыяльных сетак, яна наведвала Бэрлін, Мальдывы, Харватыю, Японію, Тайлянд, Дубай, Рым.

Потым В.С. выйшла замуж і зьмяніла прозьвішча. Апошні яе пост у знойдзеным Свабодай адкрытым акаўнце датуецца лютым 2021 году, там ейны фатаздымак у адкрытай вопратцы, з буйнымі завушніцамі.

Загадка Карыны Шуляк

Найбольш жа файлаў і апублікаваных дакумэнтаў тычыцца Карыны Шуляк, блізкай сяброўкі і меркаванай каханкі фінансіста. Паводла спэцыяльнасьці Карына — стаматоляг, навучалася ў БДМУ з 2006 па 2010 год, але ня скончыла ўнівэрсытэт.

Пры гэтым, Карына Шуляк мела добрыя адзнакі ў профільных прадметах: стаматалёгія — 9, фізіялёгія — 8, хірургічная паталёгія — 9, артаданталёгія — 8.

Шуляк прыехала ў ЗША ў 2009 годзе, а ў 2010 пазнаёмілася там з Джэфры Эпштэйнам, які вызваліўся пасьля 13 месяцаў турмы за ўцягваньне ў прастытуцыю непаўнелетніх.

Унівэрсытэт у Беларусі дзяўчына кінула на 4 курсе і пазьней у анкеце, як вынікае з дакумэнтаў, ужо ў ЗША тлумачыла гэта «дыктатарскім рэжымам у Беларусі» і «адсутнасьцю бясьпекі за сябе».

Гэта вынікае з перапіскі з Эпштэйнам у студзені 2012 году, Карына цытуе частку сваёй анкеты, пытаецца, ці правільна яна адказала.

Стасункі пары былі настолькі блізкімі, што Эпштэйн зьбіраўся прыехаць у Беларусь і спыніцца ў бацькоў Карыны Шуляк. Аднак, Эпштэйн у Беларусь так і не прыехаў, гэта пацьвердзілі ў арганізацыі былых сілавікоў Belpol. Гэта мусіла адбыцца ў траўні 2016 году. У перапісцы з беларускім консульствам Шуляк даводзіла, што Эпштэйн зьбіраецца ў госьці менавіта да яе.

Эпштэйн у Беларусь так і не прыехаў, гэта пацьвердзілі ў арганізацыі былых сілавікоў Belpol

Бацька Карыны — Ігар Шуляк ня раз атрымліваў буйныя грашовыя пераводы як ад Эпштэйна, так і ад сваёй дачкі. Напрыклад, у кастрычніку 2013 год Карына перавяла свайму бацьку 20 000 даляраў.

Былі і іншыя пераводы са значнымі сумамі: 10 000 даляраў, 20 000 даляраў, 25 000 у розныя гады. Згодна з базамі дадзеных, бацька Карыны — Ігар Шуляк прадпрымальнік, маці — беспрацоўная. Бацькі карыны Шуляк знаёмыя з Эпштэйнам асабіста, з архіваў дакумэнтаў вынікае, што яны прыляталі ў ЗША ў 2012 годзе і, магчыма, пазьней.

Згодна з апублікаванымі дакумэнтамі, Эпштэйн браў вельмі актыўны ўдзел у жыцьці Карыны Шуляк у ЗША, дапамагаў з атрыманьнем дакумэнтаў, адукацыяй, ліцэнзіяй, каб яна магла працаваць паводле спэцыяльнасьці — стаматолягам.

Згодна зь інфармацыяй The New York Times, Карына Шуляк магла быць апошнім суразмоўцам Эпштэйна. Такая размова згадваецца ў дакумэнтах, але там не пазначаецца канкрэтнае імя чалавека.

Сярод дакумэнтаў, апублікаваных Міністэрствам юстыцыі, ёсьць траставае пагадненьне, падпісанае Джэфры Эпштэйнам 8 жніўня 2019 года — усяго за два дні да яго самагубства ў турэмнай камэры. Паводле аналізу ABC News, беларуска Шуляк — галоўная бэнэфіцыярка ягонай маёмасьці. У дакумэнтах пазначана, што Эпштэйн запісаў на яе 50 мільёнаў даляраў. А таксама нерухомасьць:

  • ранча Эпштэйна Zorro ў Нью-Мэксыка;
  • яго ўласнасьць на скандальна вядомым востраве Літл-Сэнт-Джэймс і суседнім Грэйт-Сэнт-Джэймс;
  • кватэра ў адным з самых прэстыжных раёнаў Парыжу, каля Трыюмфальнай аркі;
  • маёнтак у Палм-Біч;
  • таўнхаўс у Верхнім Іст-Сайдзе Мангэтэну.

Карына Шуляк афіцыйна не камэнтавала гэтыя зьвесткі.

Таксама ў дакумэнтах знайшоўся допіс былой герцагіні Ёрку Сары Фэргюсан, якая віншуе Эпштэйна з нараджэньнем хлопчыка. Раней не было вядома пра якіх-кольвек дзяцей фінансіста-пэдафіла. Мэдыя задаюцца пытаньнем, ці мае да гэтага дачыненьне Карына Шуляк.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG