5 лютага 2025 году ў Тэлеграм-канале маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» зьявілася паведамленьне, якое хутка разьляцелася па вядучых СМІ. «У выніку несанкцыянаванага ўваходу быў атрыманы доступ да чату з ботам, дзе зьбіралася інфармацыя ад падпісчыкаў праекту», — коратка гаварылася ў ім.
Паведамленьне стала адным з апошніх у гісторыі праекту. Яго стваральнік Антон Матолька прызнаў уласную памылку, якая прывяла да ўзлому, і праз два дні закрыў «Беларускі Гаюн». У той жа дзень, 7 лютага 2025 году, стала вядома пра першага затрыманага беларуса, які ў 2022 годзе слаў «Гаюну» інфармацыю аб перамяшчэньні расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі.
Ім стаў 42-гадовы мазырчук, рабочы Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максім Нікіценка. Яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Вынік суду ў справе Нікіценкі праваабаронцам невядомы, артыкул КК прадугледжвае пакараньне зьняволеньнем ад 2 да 6 гадоў.
Праз год пасьля тых падзеяў, у лютым 2026 году, праваабаронцам вядомыя прынамсі 163 фігуранты «справы Гаюна». І яны самыя прызнаюцца, што гэта можа быць толькі невялікая частка ад рэальных маштабаў рэпрэсіяў у яе рамках.
Вядома толькі пра нязначную частку арыштаў
«Справа Беларускага Гаюна» — адна з самых маштабных палітычных рэпрэсіўных кампаніяў рэжыму Лукашэнкі, расказвае ў размове з Свабодай праваабаронца «Вясны» Вікторыя Рудзянкова. — Сваім размахам яна саступае хіба толькі перасьледу за ўдзел у пратэстах 2020 году. Хоць нам вядомыя прозьвішчы толькі 163 фігурантаў «справы Беларускага Гаюна», рэальны маштаб рэпрэсіяў істотна большы, а прозьвішчы, вядомыя нам, могуць складаць толькі 5–10% ад агульнай колькасьці рэпрэсаваных у межах гэтай рэпрэсіўнай кампаніі».
Праваабаронцы кажуць, што падлікі арыштаваных пасьля ўзлому праекту Антона Матолькі заснаваныя на ўскосных крыніцах, у тым ліку паказаньнях былых палітвязьняў. Яшчэ адна крыніца інфармацыі для ацэнкі маштабаў рэпрэсій за інфармаваньне аб руху расейскай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў 2022 годзе — гэта сьпісы асобаў, прызнаных у Беларусі «экстрэмістамі». Пры гэтым, сьцьвярджаюць праваабаронцы, улады наўмысна хаваюць зьвесткі пра маштабы рэпрэсіяў.
«Улады спрабуюць мінімізаваць публічную бачнасьць рэальнага ўзроўню рэпрэсіяў, — гаворыць Вікторыя Рудзянкова. — Паводле нашых зьвестак, публічна дасяжныя зьвесткі пра 124 асобы, затрыманыя ў „справе Гаюна“. Зь іх 72 чалавекі на гэты момант у няволі, а 93 — ужо асуджаныя. Я падкрэсьліваю, што вядомыя прозьвішчы — вельмі малая доля ад колькасьці ўсіх рэпрэсаваных у гэтай справе».
10 тысяч чалавек
Паводле інфармацыі Свабоды, арышты ў «справе Гаюна» працягваюцца. У студзені 2026 году былі затрыманыя як мінімум некалькі чалавек, яны цяпер у СІЗА. Праваабаронцы пацьвярджаюць таксама, што ў гэтай справе надалей ідуць суды і нават прыблізную лічбу ўсіх яе фігурантаў пакуль няма як вызначыць. Маштаб рэпрэсіяў у «справе Гаюна» агулам ацэньваюць нават у 1500 чалавек. І гэта толькі тыя, каго змаглі затрымаць і арыштаваць у першы год пасьля ўзлому праекту.
Застаецца невядомым, пра колькіх чалавек займелі інфармацыю спэцслужбы 5 лютага 2025 году. Гэтага не паведамляюць ані яны, ані заснавальнік праекту Антон Матолька, які пасьля закрыцьця праекту перастаў публічна камэнтаваць зьвязаныя зь ім падзеі. Меркаваць пра колькасьць інфарматараў «Гаюна» можна толькі прыблізна. У красавіку 2022 году ў размове з «Українською правдою» Антон Матолька расказваў, што на той момант «Беларускі Гаюн» праз чат-бот атрымаў каля 33 тысяч паведамленьняў ад 10 тысяч інфарматараў.
«Справа Гаюна» мае выразна канвэерны характар, што агулам уласьціва палітычным рэпрэсіям, — працягвае праваабаронца Вікторыя Рудзянкова. — Рэальныя сьледчыя дзеяньні носяць фармальны характар і фактычна амаль што адсутнічаюць. Уся фактура абвінавачваньня складаецца толькі з факту прызнаньня «Гаюна» «экстрэмісцкім фармаваньнем», факту дасыланьня інфармацыі ў бот і наяўнасьці у сілавікоў зьвестак у тэлеграме пра тых, хто яе слаў».
На падставе ўсяго гэтага праваабаронцы называюць «справу Гаюна» паказальным прыкладам так званых «лічбавых» рэпрэсіяў. Крымінальны перасьлед вядуць выключна на падставе лічбавага сьледу, пакінутага чалавекам. Аднак ёсьць у справе і свае асаблівасьці.
«Перасьлед у „справе Беларускага Гаюна“ выразна вылучаецца з агульнага масіву рэпрэсіяў у Беларусі тым, што мае не беларускі, а ўкраінскі ці антываенны кантэкст і фактычна ёсьць пакараньнем за салідарнасьць з Украінай або за асуджэньне агрэсіі РФ, — кажа праваабаронца Вікторыя Рудзянкова. — Адсюль вынікае, што гэтая сыстэмная рэпрэсіўная кампанія мае за мэту выкараненьне салідарнасьці з Украінай, што пачалося яшчэ ў 2022 годзе з прызнаньня боту „Беларускі Гаюн“ экстрэмісцкім фармаваньнем».
«У справе „Гаюна“ была палова камэры ў СІЗА»
Як звычайна адбываюцца арышты і суды ў «справе Гаюна», Свабодзе на ўмовах ананімнасьці расказаў адзін зь яе фігурантаў, які пасьля вынясеньня прысуду ў выглядзе абмежаваньня волі застаўся ў Беларусі. З словаў суразмоўцы, які жыве ў адным з абласных цэнтраў, у яго выпадку затрыманьне было нечаканым.
«Вядома, я ведаў пра ўзлом „Гаюна“, але нават ня памятаў, што нешта туды слаў у 2022 годзе, — кажа суразмоўца. — На самым пачатку вайны было шмат розных чатаў, вельмі шмат інфармацыі. Расейскую тэхніку пастаянна везьлі эшалёнамі, праз мой родны раённы цэнтар таксама. Шмат хто яе фатаграфаваў, гэта першым часам зусім не забаранялася, ніяк. Навінаў вельмі шмат было. Я і ў СМІ слаў штосьці. І ў „Гаюн“ даслаў і забыў».
Суразмоўцу Свабоды затрымалі ўвесну 2025 году супрацоўнікі Сьледчага камітэту. Адразу паведамілі, у чым яго падазраюць, паказалі раздрукаваныя фота з чат-боту. Адмаўляць сваю «віну» ён ня стаў, хоць на момант затрыманьня ўжо меў іншы смартфон і акаўнт у Тэлеграме.
«Яны ўсё ведалі, — кажа суразмоўца. — Паводзілі сябе карэктна, хаця далі зразумець адразу, што мне лепш усё прызнаць і не адмаўляцца. Я так і зрабіў. У выніку некалькі месяцаў прабыў у СІЗА, пасьля кароткі суд і „хатняя хімія“. Наколькі я разумею, гэта амаль стандартная практыка для ўсіх абвінавачаных. У нас у СІЗА палова камэры была ў справе „Гаюна“. Так нібыта не павінна быць, але ў іх проста не было месца, каб усіх разьмясьціць асобна. Ды мы і незнаёмыя былі паміж сабой».
Артыкул за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае магчымасьць пакараньня не пазбаўленьнем, а абмежаваньнем волі. Акрамя так званай «хатняй», гэта можа быць і звычайная «хімія» —з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай установе. Аднак так караюць ня ўсіх фігурантаў «справы Гаюна».
У лістападзе 2025 году жыхар Ельску Віталь Каваленка атрымаў у гэтай справе тры гады калёніі. За кратамі ён з пачатку леташняга траўня. Тры з паловай гады пазбаўленьня волі прызначылі лёгкаатлетцы, трэнэрцы школы алімпійскага рэзэрву Ганьне Шпак. Яе затрымалі ў лютым 2025 году ў Менску, зараз Ганна ў гомельскай жаночай калёніі. Інжынэра і будаўніка з Мазыра Сяргея Кебеца ў «справе Гаюна» арыштавалі ў жніўні 2025 году. Празь некалькі месяцаў яго асудзілі на пазбаўленьне волі, дакладны тэрмін праваабаронцам невядомы.
«Пік затрыманьняў быў зафіксаваны ўлетку, і дагэтуль няма ніякіх прыкметаў спаду, — кажа праваабаронца „Вясны“ Вікторыя Рудзянкова. — І няма падставаў чакаць згортваньня або спыненьня гэтай кампаніі ў бліжэйшай будучыні. Гэта робіць „справу Беларускага Гаюна“ інструмэнтам доўгатэрміновага калектыўнага запалохваньня і формай працяглай вайны на ўласнай тэрыторыі, дзе беларусы, якія знаходзяцца на баку Украіны, нясуць пакараньне ад беларускага рэжыму на карысьць агрэсара ў гэтай вайне. І, мяркую, (справа Гаюна. — РС) будзе доўжыцца столькі, колькі будзе доўжыцца вайна ва Ўкраіне».
Форум