На тэрыторыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу ў пачатку жніўня 2025 году зьявілася сыстэма супрацьпаветранай абароны (СПА), падобная на зэнітна-ракетны комплекс «Тор» расейскай вытворчасьці.
Гэта высьветлілі журналісты праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы» на падставе спадарожнікавых фота Planet Labs і апытаньняў экспэртаў.
Фота з спадарожніка за мінулы год сьведчаць, што работы па абсталяваньні пазыцыі для сыстэмы СПА на тэрыторыі заводу пачалі ў студзені 2025 году — за 7 месяцаў да таго, як там зьявіўся сам зэнітна-ракетны комплекс. Тады ж пра зьяўленьне іншых абарончых узьвядзеньняў вакол Мазырскага НПЗ паведамляў маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» (у лютым 2025 году праект спыніў сваё існаваньне. — РС).
Сыстэма СПА, якую летам мінулага году на тэрыторыі НПЗ зафіксаваў спадарожнік, можа быць расейскім зэнітна-ракетным комплексам «Тор», мяркуе авіяэкспэрт Анатоль Храпчынскі. Аб гэтым, паводле яго, сьведчыць форма ценю ад устаноўкі, якую найлепш можна пабачыць на фота Planet Labs за 16 студзеня 2026 году.
«Мы бачым, што ў аб’екта на фота цень падобны на танк (вежа і шасі), а яго даўжыня—шырыня дакладна адпавядае памерам такой сыстэмы, як „Тор“. Хутчэй за ўсё, гэта сучасны „Тор-М2“, які пабудаваны, у тым ліку, на шасі ад Менскага заводу колавых цягачоў», — сказаў Храпчынскі ў камэнтары «Схемам».
У лістападзе 2022 году апазыцыйны Telegram-канал «Live. Супольнасьць чыгуначнікаў Беларусі» паведамляў, што Расея перадала Беларусі сама меней 15 сыстэм СПА «Тор-М2».
«Гэта менавіта тая кляса СПА, якая аптымізаваная пад нізкавысотныя, малапамерныя цэлі, у тым ліку, вялікія ўдарныя дроны, таму яе разгортваньне — гэта лягічны элемэнт прэвэнтыўнай абароны. Падобна, што Лукашэнка спрабуе мінімізаваць рызыкі „інцыдэнтаў“, у тым ліку магчымых дывэрсій, нават з расейскага боку, і гэта дакладна не пра барацьбу з уласнымі партызанамі», — патлумачыў экспэрт.
Анатоль Храпчынскі дадаў, што Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна спрабуе пазьбегнуць прамога ўдзелу ў баявых дзеяньнях і СПА — адзін з спосабаў трымацца за гэты курс.
Мазырскі НПЗ вырабляе бэнзін, дызэльнае паліва і іншыя нафтапрадукты. Яно знаходзіцца за 30 кілямэтраў на поўнач ад мяжы з Украінай.
З кастрычніка 2022 году гэты завод знаходзіцца пад санкцыямі Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Камандуючы сіламі бесьпілётных сыстэм Украіны Робэрт Броўдзі заяўляў, што Мазырскі НПЗ зьяўляецца адным з пастаўшчыкоў уласнай прадукцыі ў Расею. У прыватнасьці, праз нафтаправод «Дружба», часткай інфраструктуры якога, зьяўляецца НПЗ.
У студзені 2025 году шэраг расейскіх прапагандысцкіх Telegram-каналаў заявілі пра нібыта пралёт бесьпілётнікаў з Украіны ў кірунку Мазырскага НПЗ. Аднак, «Беларускі Гаюн» з спасылкай на свае крыніцы, зьняпраўджваў гэтую інфармацыю.
Увосень 2025 году Ўзброеныя сілы Ўкраіны, згодна зь інфармацыяй Генэральнага штабу, пацэлілі ў больш за 50 аб’ектаў паліўнай і вайскова-прамысловай інфраструктуры на тэрыторыі Расеі, у тым ліку, аб’екты, якія ўваходзяць у сыстэму нафтаправоду «Дружба».
Беларусь — другая ў сьвеце краіна пасьля Ўкраіны, якая найбольш цярпіць ад расейскіх баявых бесьпілётнікаў. Раней Свабода падлічыла, што зь ліпеня 2024 па кастрычнік 2025 году ў Беларусь магло заляцець прынамсі 700 дронаў у большасьці сваёй расейскіх.