Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абразьлівыя камэнтары пра ўкраінскую суперніцу Сабаленкі пакідаў сын беларускіх пракурораў, які піша для расейскіх сайтаў


Кірыл Плышэўскі ў Швайцарыі ў 2025 годзе
Кірыл Плышэўскі ў Швайцарыі ў 2025 годзе

Беларус Кірыл Плышэўскі пакінуў абразьлівыя камэнтары пра Ўкраіну пад допісамі ўкраінскай тэнісісткі Марты Касьцюк, дзе яна распавяла пра холад ў Кіеве ўнасьледак расейскіх бамбаваньняў. Як высьветліла Свабода, ён — сын пракурораў, якія зрабілі кар’еру ў рэпрэсіўнай сыстэме Аляксандра Лукашэнкі.

11 студзеня ў фінале тэніснага турніру ў аўстралійскім Брысбэне беларуска Арына Сабаленка гуляла супраць украінкі Марты Касьцюк. Перамогу атрымала Сабаленка. Падчас урачыстага ўганараваньня Марта Касьцюк узгадала крытычную сытуацыю ва Ўкраіне:

«Я хачу сказаць некалькі словаў пра Ўкраіну. Я гуляю кожны дзень з болем у сэрцы. Тысячы людзей цяпер без сьвятла і гарачай вады. На вуліцы −20 градусаў. Вельмі балюча жыць у такой рэчаіснасьці кожны дзень. Мая сястра сьпіць пад трыма коўдрамі праз холад дома», — сказала Касьцюк пасьля матчу.

Пасьля расейскіх удараў па ўкраінскай энэргасістэме 9 студзеня 2026 году значная частка Кіеву і вобласьці засталася без электрычнасьці і ацяпленьня ў моцныя маразы — да −18 °C уначы. Людзі ратаваліся ад холаду, як маглі.

У сацыяльнай сетцы Threads Марта Касьцюк падзякавала людзям за рэакцыі, якія атрымала пасьля прамовы, і падкрэсьліла, што гэта быў яе «сьвядомы выбар — пастаянна нагадваць людзям, праз што праходзіць Украіна».

Пост сабраў больш за 7 тысяч падабаек, аднак знайшліся і тыя, каму такая прамова не спадабалася.

Зьняважлівы камэнтар пакінуў адзін з карыстальнікаў зь Беларусі — Кірыл Плышэўскі, які называе сябе спартовым журналістам:

«У чарговы раз касьцючка зганьбілася і паказала ўсяму сьвету свае дно-паводзіны! тыгрыца Арыначка найлепшая. касьцюк, ідзі сястры дай чацьвёртую коўдру)))».

Скрыншот паста украінскай тэнісісткі Марты Касьцюк і адказ на яго Кірыла Плышэўскага ў сацыяльнай сетцы Threads
Скрыншот паста украінскай тэнісісткі Марты Касьцюк і адказ на яго Кірыла Плышэўскага ў сацыяльнай сетцы Threads

На гэтым Плышэўскі не спыніўся і працягнуў рассыпаць абразы ў камэнтарах пад пастамі іншых украінцаў у Threads. Адна з карыстальніц напісала: «Другія суткі без сьвятла, вады і ацяпленьня. Ляжу пад двума коўдрамі і плачу ад прамовы @martakostyk (Марты Касьцюк. — РС)». У адказ Кірыл Плышэўскі пракамэнтаваў: «Касьцюк такая [значок клоўна. — РС], хай сваю сястру перавязе))) ня будзе мерзнуць)))».

Пад пастом іншага карыстальніка з апісаньнем розьніцы ў двух прамовах тэнісістак у фінале ў Брысбэне і ўзгадкай, што ва Ўкраіне цяпер праблемы з ацяпленьнем, электрычнасьцю і вадою, ён напісаў: «якая ж х****».

Камэнтар Кірыла Плышэўскага ў сацыяльнай сетцы Threads
Камэнтар Кірыла Плышэўскага ў сацыяльнай сетцы Threads

Пазыцыя Сабаленкі неаднаразова выклікала крытыку з боку ўкраінскіх спартоўцаў і грамадзкасьці: яна пасьлядоўна пазьбягала ацэнак вайны Расеі супраць Украіны і заяўляе, што спорт па-за палітыкай. У 2020 годзе Сабаленка апынулася сярод беларускіх спартоўцаў, якія падпісалі калектыўны ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, вынікі выбраў тады не прызнала міжнародная супольнасьць.

21 студзеня 2026 году Сабаленка зноў заявіла, што «ня хоча гаварыць пра палітыку», камэнтуючы заклік украінскай тэнісісткі Аляксандры Алійнікавай забараніць удзел беларускіх і расейскіх гульцоў у міжнародных тэнісных турнірах. 25-гадовая Алійнікава, бацька якой ваюе на перадавой ва Ўкраіне, назвала прысутнасьць спартоўцаў з гэтых дзьвюх краінаў «вельмі няправільнай», пакуль працягваецца вайна.

Пракурорская сям’я

Як высьветліла Свабода, у тым ліку з дапамогай зьвестак ад «Кібэрпатызанаў», 26-гадовы Кірыл Плышэўскі — сын беларускіх пракурораў. Яго маці Алена Плышэўская больш за 20 гадоў працавала ў Берасьцейскай абласной пракуратуры. Цяпер яна галоўная ідэалягіня і кіраўніца аддзелу кадраў пракуратуры вобласьці.

На дзяржаўных сайтах можна знайсьці шмат справаздачаў зь яе сустрэч са школьнікамі і студэнтамі, дзе яна распавядае пра так званы «генацыд беларускага народа» і «гераізм савецкіх пракурораў» падчас Другой сусьветнай вайны. Яна таксама ўдзельнічае ў круглых сталах з лозунгамі «Ня толькі за сваю краіну салдаты гінулі ў тую вайну, а каб людзі ўсёй Зямлі спакойна бачыць сны маглі!».

Алена Плышэўская, маці Кірыла, на сустрэчы са школьнікамі з клясы «Юны пракурор» у лютым 2025 года
Алена Плышэўская, маці Кірыла, на сустрэчы са школьнікамі з клясы «Юны пракурор» у лютым 2025 года

Генэральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу пра «генацыд беларускага народа» ў 2021 годзе. Афіцыйна заяўленая прычына — расьсьледаваньне злачынстваў нацыстаў падчас Другой сусьветнай вайны. Аднак экспэрты называюць яе інструмэнтам дзяржаўнай прапаганды і падставай для перасьледу палітычных апанэнтаў.

Бацька Кірыла Плышэўскага — Аляксандар Плышэўскі — таксама пракурорскі работнік у сыстэме Аляксандра Лукашэнкі. Згодна са зьвесткамі ад «Кібэрпатызанаў», да 2021 году ён працаваў старшым пракурорам Берасьцейскай вобласьці.

У 2021 годзе ён быў адным з дзяржаўных абвінаваўцаў па гучнай берасьцейскай «карагоднай справе», адной з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. У адным з судовых працэсаў Плышэўскі прасіў прызначыць для 12 чалавек, што ўдзельнічалі ў карагодзе 13 верасьня 2020 году на перакрыжаваньні берасьцейскіх вуліц, ад 1 да 2 гадоў «хіміі» і «хатняй хіміі», у тым ліку для цяжарнай маці дваіх дзяцей. Пасьля гэтага суду Аляксандра Плышэўскага перавялі ў пракуратуру Менску, дзе ён цяпер старшы пракурор па наглядзе за дазнаньнем.

Аляксандар Плышэўскі (зьлева) на ідэалягічнай сустрэчы з вучнямі каледжа, прысьвечанай вынікам расьсьледаваньня па так званай крымінальнай справе «пра генацыд беларускага народа» у лістападзе 2024 года
Аляксандар Плышэўскі (зьлева) на ідэалягічнай сустрэчы з вучнямі каледжа, прысьвечанай вынікам расьсьледаваньня па так званай крымінальнай справе «пра генацыд беларускага народа» у лістападзе 2024 года

Як выглядае, у абавязкі Аляксандра Плышэўскага цяпер таксама ўваходзіць «інфармаваньне насельніцтва аб хадзе і выніках расьсьледаваньня крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа». На лекцыях з вучнямі каледжаў і студэнтамі ён расказвае пра неадпушчальнасьць правапарушэньняў, «асабліва зьвязаных з экстрэмізмам». З 2020 году крымінальныя справы на падставе «экстрэмізму» выкарыстоўваюцца дзяржавай як надуманы палітычны і рэпрэсіўны інструмэнт. Людзям прысуджаюць гады турмы за падпіскі, рэпосты і камэнтары няўгодных уладам мэдыя, за фота з бела-чырвона-белым сьцягам, удзел у чатах жыхароў раёнаў, данаты палітычным вязьням і ініцыятывам, «абразы» Лукашэнкі, чыноўнікаў або сілавікоў і іншае.

Дзядзька падсанкцыйны чыноўнік і калега Васкрасенскага

Родны дзядзька Кірыла (брат бацькі) Ігар Плышэўскі — таксама чалавек з уладных колаў. Ён займаў высокія пасады ў судовай сыстэме і органах юстыцыі Беларусі, у 2014 – 2021 гадах узначальваў галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менгарвыканкаму.

Пасьля падзеяў 2020 году органы юстыцыі ў Беларусі адыгралі важную ролю ў палітычным перасьледзе беларускіх грамадзянаў праз ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў, пазбаўленьне ліцэнзіяў адвакатаў, якія абаранялі палітвязьняў.

Ігар Плышэўскі (у цэнтры) у Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце Рэпублікі Беларусь у 2015 годзе
Ігар Плышэўскі (у цэнтры) у Акадэміі кіраваньня пры прэзідэнце Рэпублікі Беларусь у 2015 годзе

У 2020 годзе Ігар Плышэўскі быў чальцом Цэнтральнай выбарчай камісіі. У тым жа годзе Эўрапейскі саюз і ЗША ўнесьлі яго ў санкцыйныя сьпісы з фармулёўкай: «Адказны за парушэньні падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, невыкананьне асноўных міжнародных стандартаў справядлівасьці і празрыстасьці, а таксама за фальсыфікацыю вынікаў выбараў».

У ліпені 2024 году, згодна з дадзенымі ад Кібэрпатызанаў, Ігар Плышэўскі быў супрацоўнікам кампаніі ТАА «Новая біятэхналягічная кампанія». Гэтая кампанія, паводле расьсьледаваньня, праведзенага журналістамі БРЦ, абыходзіла санкцыі Эўразьвязу, прадаючы прадукцыю дзяржаўнага прадпрыемства «Гродна-Азот». Дазвол на экспарт ёй асабістым распараджэньнем даў Аляксандар Лукашэнка.

Як мінімум з 2023 году і на момант прыходу туды Ігара Плышэўскага ў ліпені 2024 году, намесьнікам дырэктара «Новай біятэхналягічнай кампаніі» значыўся Юры Васкрасенскі — чалавек, які пасьля падзеяў 2020 году стаў публічна асацыявацца з дзейнасьцю так званай «камісіі па вяртаньні» палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусь.

Асноўным відам дзейнасьці «Новай біятэхналягічнай кампаніі» цяпер зьяўляецца аптовы гандаль і захоўваньне алькагольнай, непітной сьпіртазьмяшчальнай прадукцыі, непітнога этыльнага сьпірту і тытунёвых вырабаў.

«Вельмі хачу ў Парыж у 2026!»

Сам Кірыл Плышэўскі вучыўся на платнай форме юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і ў 2020 годзе праходзіў вучэбную практыку ў пракуратуры, а таксама ў судзе Ленінскага раёну Берасьця.

Цяпер Кірыл пазыцыянуе сябе як спартовы журналіст. Ён піша артыкулы для беларускай вэрсіі расейскага спартова-букмекерскага мэдыя «Metaratings», а таксама для ляяльнага расейскім уладам папулярнага спартовага сайту «Чемпионат».

Кірыл Плышэўскі на канцэрце швэдскай сьпявачнкі Зары Ларсан ў Берліне ў 2025 годзе
Кірыл Плышэўскі на канцэрце швэдскай сьпявачнкі Зары Ларсан ў Берліне ў 2025 годзе

У матэрыялах «Чемпионата» вайну Расеі супраць Украіны называюць «вайсковым канфліктам», «сытуацыяй ва Ўкраіне»; сустракаюцца таксама і маніпуляцыі фактамі. Напрыклад, навіна пра тое, што ў 2025 годзе, падчас гульні украінскай жаночай футбольнай прэм’ер лігі спартоўцы паказалі жоўтую картку нібыта «за расейскую мову». Аднак, як вынікае з тлумачэньняў судьдзі, папярэджаньне было вынесена за нязгоду з рашэньнем судзьдзі.

З сацыяльных сеткак Кірыла бачна, што прынамсі апошнія два гады ён шмат вандруе. Пры гэтым краіны для гэтага пераважна выбірае эўрапейскія.

Кірыл Плышэўскі ў Варшаве ў 2025 годзе
Кірыл Плышэўскі ў Варшаве ў 2025 годзе

Так, з 2024 году ён некалькі разоў наведаў Польшчу (Варшава, Кракаў, Познань), адпачываў у Грэцыі, у 2025 годзе аб’ехаў поўнач Італіі (Верона, Турын, Мілан, возера Маджорэ), пабываў у Швайцарыі (Цюрых, Люцэрн, Бэрн) і ў Нямеччыне (Бэрлін). Гэтыя паездкі сумяшчаюцца з наведваньнямі Масквы і Санкт-Пецярбургу.

«Варшава — гэта любоў», — пісаў Кірыл у сацыяльных сетках у 2024 годзе; у 2026 годзе ён вельмі спадзяецца наведаць Парыж.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG