Дыстанцыйна размова некаторых вызваленых беларусаў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім прайшла на наступны дзень пасьля арганізаванай для украінскіх і міжнародных СМІ прэсавай канфэрэнцыі. Па словах Уладзя Лабковіча, размова зь Зяленскім была больш працяглай, чым тая частка, якую пасьля паказала прэсавая служба кіраўніка Украіны.
«Мы на ёй дзякавалі за сапраўды выключную гуманітарную апэрацыю, якую праводзіла Ўкраіна ва ўмовах вайны, – гаворыць Лабковіч. – Вельмі дзякавалі. Па-другое, пыталіся пра пэрспэктывы далейшых вызваленьняў. Ці можа Зяленскі даць нам нейкую абнадзейлівую інфармацыю. Ён сказаў, што таксама вельмі спадзяецца на вызваленьне беларускіх палітзьняволеных неўзабаве. Ён абазнаны ў беларускіх справах, у справах у беларускім дэмакратычным асяродзьдзі. Зяленскі вельмі добра рэагаваў на беларускую мову, для яго гэта было важна – менавіта такое пазыцыянаваньне беларусаў, якія выкарыстоўваюць сваю мову. Ён абазнаны ў сытуацыі ў Беларусі, гэта не закрытая заслона для яго, ён ведае».
Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч быў арыштаваны ў ліпені 2021 году, у 2023 яму прызначылі сем гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў тым ліку ў фінансаваньні пратэстаў. Вызвалены з-за кратаў і вывезены ва Украіну 13 сьнежня 2025 году. За час зьняволеньня Уладзь зьмяніў сем розных месцаў утрыманьня, у тым ліку СІЗА КДБ, сумнавядомую шклоўскую калёнію, а таксама магілёўскую і жодзінскую «крытыя» турмы.
Цалкам вялікую размову Свабоды з Уладзем Лабковічам можна прачытаць тут.
Форум