Злучаныя Штаты захапілі нафтавы танкер пасьля больш як двухтыднёвага перасьледу яго праз Атлянтыку, паведамілі агенцтву Reuters два амэрыканскія чыноўнікі.
Апэрацыя, якая можа абвастрыць напружаньне ў дачыненьнях з Расеяй, пачалася пасьля таго, як танкер, першапачаткова вядомы як Bella-1, прасьлізнуў праз марскую «блякаду» санкцыйных танкераў ЗША і адхіліў патрабаваньне берагавой аховы ЗША падняцца на борт.
Чыноўнікі, якія пажадалі застацца ананімнымі, заявілі, што апэрацыя праводзіцца берагавой аховай і амэрыканскімі вайскоўцамі. Яны дадалі, што расейскія вайсковыя караблі, у тым ліку расейская падводная лодка, знаходзіліся паблізу ў час апэрацыі.
Танкер, цяпер вядомы як Marinera і зарэгістраваны пад расейскім сьцягам, — гэта чарговы карабель, які перасьледуе берагавая ахова ЗША з пачатку кампаніі, распачатай прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам супраць Вэнэсуэлы.
Акрамя таго, берагавая ахова ЗША перахапіла яшчэ адзін танкер, зьвязаны з Вэнэсуэлай, у лацінаамэрыканскіх водах, паведамілі агенцтву Reuters амэрыканскія чыноўнікі. ЗША працягваюць уводзіць марскую «блякаду» санкцыйных суднаў з Вэнэсуэлы.
Каля Вэнэсуэлы дзейнічаюць танкеры, якія адносяць да расейскага і іранскага ценявых флётаў. Яны дапамагаюць палітычным рэжымам у Маскве і Тэгеране абмінаць міжнародныя санкцыі і паўсталыя пры іх цяжкасьці ў апэрацыях з палівам.
Як паведаміла старонка OSINTtechnical з спасылкай на публікацыю New York Times, найменей 5 танкераў, што нядаўна належалі вэнэсуэльскаму флёту, вывесілі расейскія сьцягі.
Апэрацыя ЗША ў Вэнэсуэле
Раніцай 3 студзеня армія ЗША напала на Вэнэсуэлу. Прэзыдэнт краіны Нікаляс Мадура абвясьціў надзвычайнае становішча і заклікаў насельніцтва да мабілізацыі супраць «агрэсіі ЗША». Але гэта адбылося да заявы Дональда Трампа аб затрыманьні вэнэсуэльскага кіраўніка. Разам з сваёй жонкай ён быў схоплены і дастаўлены ў амэрыканскі суд.
Трамп раней выказваўся, што лічыць Мадура не прэзыдэнтам, а «кіраўніком наркакартэлю».
У сьвеце неадназначная рэакцыя на дзеяньні Злучаных Штатаў і асабіста Трампа. Частка крытыкуе яго за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Вэнэсуэлы і сілавое разьвязаньне справы, частка сьвяткуе пазбаўленьне Вэнэсуэлы ад дыктатуры, якая працягвалася не адзін дзясятак гадоў.
Форум