У Іране за дзевяць дзён вулічных пратэстаў загінулі сама меней 29 чалавек і больш за 1200 арыштаваныя.
Як паведаміла агенцтва dpa, сярод загінулых ёсьць два супрацоўнікі сілавых структураў.
Пасьля таго як сілавыя структуры жорстка адрэагавалі на пратэсты, новая хваля акцыяў пачалася ў такіх мэгаполісах, як Тэгеран і Мэшхэд.
Пратэсты пачаліся ў канцы сьнежня 2025 году страйкам уладальнікаў крамаў у Тэгеране, якія такім чынам адрэагавалі на рэзкі рост цэн, інфляцыю і падзеньне курсу валюты. Пасьля ахвяраў сярод пратэстоўцаў акцыі перарасьлі ў палітычныя.
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, да пратэстаў ужо далучыліся студэнты сама меней 17 унівэрсытэтаў. У адказ пачалі праводзіць рэйды па студэнцкіх гарадках і арыштоўваць удзельнікаў акцыяў.
Іранская служба Радыё Свабода апублікавала відэазапіс з пахаваньня двух братоў у Керманшаху, адзін зь якіх загінуў на месцы акцыі, а другі памёр у лякарні. Курдзкае агенцтва Kurdpa з спасылкай на «інфармаваную крыніцу» паведаміла, што яны былі параненыя кулямі.
Публікацыя сdа відэазапісу традыцыйнай жалобнай цырымоніі выклікала вялікі рэзананс у пэрсыдзкіх сацыяльных сетках.
У Іламе сілавікі штурмавалі лякарню, куды шпіталізавалі параненых пратэстоўцаў. Спробы супрацоўнікаў службы бясьпекі ўвайсьці і арыштаваць некалькіх параненых сустрэлі супраціў іхных сваякоў і мэдычнага пэрсаналу. Аднак фота і відэа, апублікаваныя ў сацыяльных сетках, сьведчаць, што сілавікі ў рэшце рэшт уварваліся ў лякарню, выкарыстоўваючы сьлезацечны газ і гвалт.
Форум