Зяленскі на Дзень незалежнасьці Ўкраіны абяцаў «не прайграць» вайну з Расеяй

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 23 жніўня 2025
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 23 жніўня 2025

На знак падтрымкі Ўкраіны на яе Дзень незалежнасьці ў Кіеў прыбыў прэмʼер-міністар Канады Марк Карні.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў Дзень незалежнасьці Ўкраіны, заявіўшы, што яго краіна «не прайграе» сваю барацьбу супраць Масквы на фоне новых падзей на полі бою і дыпляматыі з высокімі стаўкамі вакол спыненьня поўнамаштабнай вайны, якая ідзе ўжо тры з паловай года.

«Украіна яшчэ не перамагла, але яна дакладна не прайграе», — сказаў Зяленскі падчас тэлевізійнага звароту да нацыі 24 жніўня.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што, нягледзячы на тое, што часткі краіны ў цяперашні час акупаваныя расейскімі войскамі, ёсьць «адна Ўкраіна», і «мы зноў будзем разам як адна сям’я».

Зяленскі згадаў таксама напружаную дыпляматыю з Расеяй на фоне новых заклікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дамагацца мірных перамоваў, якія маглі б пакласьці канец вайне.

23 жніўня Расея заявіла, што яе войскі на ўсходзе Ўкраіны захапілі дзьве вёскі ў Данецкай вобласьці, а ўкраінскія вайскоўцы заявілі, што іх войскі вярнулі сабе паселішча на заходняй ускраіне Днепрапятроўскай вобласьці. Масква таксама абвясьціла аб патушэньні пажару на атамнай электрастанцыі ў заходняй Курскай вобласьці пасьля таго, як расійскія СПА заявілі, што зьбілі ўкраінскі бесьпілётнік.

У гэтым месяцы таксама вялася інтэнсіўная дыпляматыя вакол спыненьня вайны, у тым ліку адбыўся гучны саміт з удзелам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на Алясцы.

У знак падтрымкі Зяленскага прэмʼер-міністр Канады Марк Карні 24 жніўня прыбыў у Кіеў зь першым афіцыйным візытам ва Ўкраіну.

Карні сустрэнецца зь Зяленскім, і чакаецца, што два лідары абмяркуюць абавязацельства Канады аб вайсковай дапамозе ў памеры 2 мільярдаў даляраў, а таксама сумесныя магчымасьці вытворчасьці абароннай тэхнікі, піша Reuters.

«У гэты Дзень незалежнасьці Ўкраіны і ў гэты крытычны момант у гісторыі сваёй краіны Канада ўзмацняе сваю падтрымку і намаганьні па дасягненьні справядлівага і трывалага міру для Ўкраіны», — заявіў Карні ў сваім паведамленьні на X.

Пытаньне гарантый бясьпекі для Ўкраіны ў патэнцыйным мірным урэгуляваньні таксама будзе абмяркоўвацца ў рамках больш шырокіх намаганьняў саюзьнікаў Кіева па стварэньні ўмоў для перамоваў з Расеяй.

​
XS
SM
MD
LG