Лукашэнка і Ціханоўская павіншавалі Ўкраіну з Днём Незалежнасьці. Лукашэнка не згадаў Зяленскага і вайну

Сьцяг Украіны ў Кіеве
Сьцяг Украіны ў Кіеве

24 жніўня Ўкраіна 34-ты раз адзначае Дзень незалежнасьці, чацьвёрты раз ва ўмовах поўнамаштабнай расейскай ваеннай агрэсіі.

Лукашэнка пажадаў Украіне «мірнага неба»

Прэс-служба Лукашэнкі апублікавала ягонае віншаваньне народу Ўкраіны, у якім ён заявіў аб гатоўнасьці да «ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва» і «канструктыўнага дыялёга»:

«Як бы ні цягнулі ў розныя бакі зьнешнія сілы, Беларусь і далей застаецца адкрытай для ўкраінцаў. Жыць побач у міры і згодзе спрадвеку было прызначэньнем беларускага і ўкраінскага народаў. Блізкае суіснаваньне ўстанавіла паміж нашымі людзьмі непарыўныя крэўныя сувязі, замацаваныя сумесным гістарычным лёсам, агульнымі хрысьціянскімі каштоўнасьцямі і шчырым сяброўствам», — гаворыцца ў пасланьні.

Лукашэнка пажадаў украінцам «знайсьці ўласны адказ на сёньняшнія выклікі».

Таксама ён пажадаў Украіне «мірнага неба», «салідарнасьці і па-сапраўднаму незалежнага разьвіцьця». Лукашэнка пры гэтым не згадаў у сваім звароце гэтую вайну і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Беларускі рэжым падтрымлівае поўнамаштабную ваенную агрэсію Расеі, якая працягваецца ва Ўкраіне з 24 лютага 2022 года.

Ціханоўская заявіла, што ў Беларусі і Ўкраіны адзін і той жа вораг

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да прэзыдэнта Зяленскага і ўкраінцаў:

«Ужо чацьвёрты год, як украінскі народ сустракае Дзень Незалежнасьці ў жорсткіх умовах поўнамаштабнай вайны. Вам даводзіцца плаціць найвышэйшую цану за сваю незалежнасьць. Але вы бароніце не толькі сваю зямлю — вы бароніце права ўсіх людзей жыць у свабодзе. Вашая стойкасьць і адвага сталі сьветлым прыкладам для ўсяго сьвету. Але асабліва — для беларусаў. Мы разумеем ваш боль. Мы падтрымліваем вашу барацьбу. Беларусы і беларускі — побач з вамі».

Ціханоўская згадала, што пабач з украінцамі знаходзяцца беларускія добраахвотнікі на фронце, валянтэры і актывісты, беларусы з усяго сьвету ахвяруюць сродкі, а ў турмах лукашэнкаўскага рэжыму — сотні беларусаў, якія пацярпелі за падтрымку Ўкраіны:

«У нас з Украінай адзін і той жа вораг. Расейскі імпэрыялізм прынёс вайну на вашую зямлю і зрабіў Беларусь закладніцай супраць волі беларускага народа. Але мы ведаем: вашая перамога дасьць шанец на свабоду і Беларусі. Беларусаў і ўкраінцаў аб’ядноўвае не толькі слаўная гісторыя, але і супольная будучыня — у эўрапейскай сям’і свабодных народаў. І я веру, што гэты дзень абавязкова настане».

Ціханоўская выказала ўкраіцам пажаданьне выстаяць і адстаяць свабоду, трывалага і справядлівага міру.

​
XS
SM
MD
LG