«Украінскія войскі самі не пакінуць тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, якія застаюцца пад іх кантролем», — заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў аўторак вечарам падчас размовы з журналістамі за тры дні да сустрэчы на Алясцы Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна.
«Мы ня сыдзем з Данбасу — мы ня можам гэтага зрабіць. Усе забываюць першую частку — нашы тэрыторыі незаконна акупаваныя. Данбас для расейцаў — гэта пляцдарм для будучага новага наступленьня. Калі мы сыдзем з Данбасу па сваёй волі або на нас будуць ціснуць — мы адкрыем трэцюю вайну», — падкрэсьліў Зяленскі.
Раней у аўторак Зяленскі сказаў, што Кіеў не прызнае рашэньня па Ўкраіне саміту ЗША—Расея на Алясцы. Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, сустрэча Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна на Алясцы можа мець значэньне толькі для двухбаковых адносін ЗША і Расеі. Сам факт гэтай сустрэчы Зяленскі назваў «пэрсанальнай перамогай» Пуціна.
Размаўляць пра Ўкраіну без Украіны немагчыма, і ніхто гэтага ня прыме. Таму размова можа быць важнай для іх двухбаковага трэку, але нічога пра Ўкраіну бяз нас яны прыняць ня могуць. Я спадзяюся, што прэзыдэнт ЗША гэта разумее і ўлічвае», — зазначыў Зяленскі на форуме «Моладзь тут», дадаўшы, што трохбаковая сустрэча прэзыдэнтаў ЗША, Украіны і Расеі таксама плянуецца, але яе дата пакуль ня вызначаная.
Уладзімір Зяленскі паведаміў, што даручыў ураду і арміі прапрацаваць пытаньне зьняцьця абмежаваньняў на выезд з краіны для мужчын маладзей 22 гадоў. «Гэта станоўчая, правільная гісторыя, якая дапаможа многім украінцам захаваць сувязі з Украінай і рэалізавацца ў вучобе ва Ўкраіне», — сказаў Зяленскі.
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіне дзейнічаюць ваеннае становішча і ўсеагульная мабілізацыя. Мужчыны ад 18 да 65 год ня могуць пакідаць тэрыторыю краіны. Мужчыны ад 25 да 60 год падлягаюць мабілізацыі. Мужчын ад 18 да 24 гадоў можна прызваць на базавую вайсковую службу (замена тэрміновай службы), якая падчас ваеннага становішча доўжыцца тры месяцы.
Форум