Украіна можа пагадзіцца спыніць баявыя дзеяньні і саступіць тэрыторыі, якія ўжо ўтрымлівае Расея, у рамках мірнага пляну, які падтрымлівае Эўропа, піша ў аўторак The Daily Telegraph.
У публікацыі гаворыцца, што прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў эўрапейскім лідэрам аб неабходнасьці адхіліць любое ўрэгуляваньне, якое будзе прадугледжваць адмову Кіева ад дадатковых тэрыторый, але Расеі пры гэтым можа быць дазволена захаваць частку захопленых ёю зямель. Гэта азначала б замарожваньне цяперашняй лініі фронту і перадачу Маскве кантролю над акупаванымі часткамі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Хэрсонскай абласьцей, а таксама над анэксаваным Крымам, піша выданьне.
Зьмякчэньне перамоўнай пазыцыі, як адзначаецца, адбылося напярэдадні сустрэчы на Алясцы 15 жніўня прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна. «Гэты плян можа быць суаднесены толькі зь бягучымі пазыцыямі вайскоўцаў», — заявіў у гутарцы з The Daily Telegraph адзін з заходніх чыноўнікаў, апісваючы напружаныя перамовы паміж Кіевам і яго саюзьнікамі ў мінулыя выходныя.
Камэнтароў украінскага боку на публікацыю пакуль не было. У панядзелак увечары прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб адсутнасьці якіх-небудзь прыкмет таго, што Расея рыхтуецца спыніць вайну, нягледзячы на мірныя перамовы, якія набліжаюцца. Па словах Зяленскага, расейскія вайскоўцы, наадварот, перакідваюць войскі і сілы такім чынам, каб пачаць новыя наступальныя апэрацыі. Зяленскі пры гэтым спаслаўся на даклад украінскай выведкі.
Раней Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Ўкраіна не зьбіраецца «дарыць сваю зямлю» Расеі. The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы пісала, што ў Кіева і Эўропы свой плян спыненьня вайны: любыя крокі па заключэньні мірнага пагадненьня павінны рабіцца пасьля поўнага спыненьня агню, і што ў выпадку тэрытарыяльных саступак Украіна павінна атрымаць цьвёрдыя гарантыі бясьпекі, у тым ліку магчымасьць сяброўства ў NATO.
Амэрыканскі прэзыдэнт Дональд Трамп днямі дапусьціў магчымасьць тэрытарыяльнага абмену для завяршэньня вайны. «Мы маем справу з тэрыторыяй, за якую ўжо тры з паловай гады ідзе барацьба. Цяпер мы глядзім на магчымасьць нешта вярнуць, а нешта абмяняць. Гэта ня так проста. Але нешта мы зьбіраемся вярнуць, а нешта абмяняць. Будзе некаторы абмен тэрыторыямі, на карысьць абодвух бакоў», — заявіў Трамп.
Форум