Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне заявіў, што галоўная мэта яго маючых адбыцца перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным — спыніць вайну ва Ўкраіне.
У канчатковым выніку, па словах Трампа, ён хоча арганізаваць сустрэчу лідэраў ваюючых краін. «У рэшце рэшт, я завяду іх абодвух у пакой. Можа быць, я там буду, можа, не. І, я думаю, [канфлікт] будзе разьвязаны», — сказаў Трамп.
Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, сустрэча з Пуціным 15 жніўня будзе пробнай. Амэрыканскі лідэр дапусьціў, што перамовы могуць быць як добрымі, так і кепскімі.
Трамп таксама ня выключыў, што можа спыніць пасярэдніцкія намаганьні. «Я магу пайсьці і сказаць: „Удачы!“, і на гэтым усё. <...> Але я зьбіраюся зь ім сустрэцца. Мы абмяркуем парамэтры [зьдзелкі]. А потым я пазваню прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму і эўрапейскім лідэрам», — сказаў Трамп.
Амэрыканскі прэзыдэнт дапусьціў магчымасьць тэрытарыяльнага абмену. «Будзе абмен землямі на карысьць Украіны. Але будуць і дрэнныя рэчы для абодвух бакоў. <...> Мы зьменім лініі фронту», — зазначыў прэзыдэнт ЗША.
Трамп удакладніў, што зьдзелкам мае быць выгаднай абодвум бакам.
Раней Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Ўкраіна не плянуе «дарыць» свае тэрыторыі каму-небудзь.
У пятніцу, 15 жніўня кіраўнікі ЗША і Расіі плянуюць саміт на Алясцы. Прэс-канфэрэнцыя Трампа была прысьвечаная ўводу Нацыянальнай гвардыі ў Вашынгтон для барацьбы са злачыннасьцю.
Пра сустрэчу на Алясцы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна, прысьвечаную пэрспэктывам заканчэньня вайны ва Ўкраіне, было аб’яўлена 8 жніўня. Згодна з выцекамі, якія тычацца магчымага мірнага пагадненьня паміж Кіевам і Масквой, на якое можа пайсьці Расея і зь якім гатовыя пагадзіцца ЗША, у праекце пагадненьня ёсьць пункты аб тэрытарыяльных саступках Украіны.
Крыніцы NBC News паведамлялі, што Белы дом разглядае магчымасьць запрасіць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага на Аляску.
Па дадзеных Bloomberg, у сераду, 13 жніўня, Зяленскі і лідэры Францыі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі правядуць анлайн-сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. У размове таксама прыме ўдзел віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс.
Па словах прадстаўніка канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца, бакі абмяркуюць узмацненьне ціску на Расею, падрыхтоўку магчымых мірных перамоваў і пытаньні тэрытарыяльных прэтэнзій і бясьпекі.
Форум