Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку расейскай атакі па цэнтры гораду Сумы тры чалавекі загінулі, шмат параненых

Наступствы расейскай атакі на Сумы. 3 чэрвеня 2025 году
Наступствы расейскай атакі на Сумы. 3 чэрвеня 2025 году

Пасьля мірных перамоваў у Стамбуле Расея зноў атакавала Ўкраіну, ёсьць ахвяры.

Расейскія войскі 3 чэрвеня атакавалі абласны цэнтар Сумы на ўсходзе Ўкраіны, паведаміла абласная вайсковая адміністрацыя. Тры чалавекі загінулі, 25 чалавек атрымалі раненьні, сярод параненых трое дзяцей, паведамляе @suspilne.media/sumy.

Паводле папярэдніх зьвестак, расейская армія ўжыла рэактыўную сыстэму залпавага агню, у выніку чаго ў Сумах было пяць пападаньняў.

У выніку нападу пашкоджаныя мэдычная ўстанова, аўтамабілі і жылыя дамы.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў атаку на Сумы наўмысным нападам на мірных жыхароў:

«Нам вядома як мінімум пра адзін снарад РСЗА (рэактыўнай сыстэмы залпавага агню. — РС), які не разарваўся. Гэты снарад прабіў сьцяну пакою ў звычайнай кватэры на 9-м паверсе. Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра „жаданьне“ Расеі спыніць гэтую вайну».

Ён выказаў перакананьне, што без сусьветнага ціску і «рашучых крокаў з боку ЗША, Эўропы і ўсіх у сьвеце, хто мае ўладу», прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не пагодзіцца на спыненьне агню.

Наступствы расейскай атакі на Сумы. 3 чэрвеня 2025
Наступствы расейскай атакі на Сумы. 3 чэрвеня 2025

Расейскія вайскоўцы ў ноч на 3 чэрвеня ўдарылі бесьпілётнікамі ў іншыя гарады Ўкраіны. У Чарнігаве і Адэсе пашкоджаныя жылыя дамы, ёсьць параненыя, паведамляюць мясцовыя ўлады. У Балаклеі загінуў чалавек.

«Папярэдне трое параненых: жанчына, двое мужчын. Яны з сур’ёзнымі траўмамі шпіталізаваныя ў гарадзкія лячэбныя ўстановы», — паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

Ён удакладніў, што пашкоджаныя шматпавярховікі, школы, некалькі крамаў, прыпынкі і дамы ў прыватным сэктары. Акрамя таго, ёсьць пападаньне ў прамысловае прадпрыемства.

«На месцы разгорнуты штаб ліквідацыі наступстваў, працуюць усе адпаведныя службы», — дадаў ён.

Паводле зьвестак начальніка Чарнігаўскай гарадзкой вайсковай адміністрацыі Дзьмітрыя Брыжынскага, пацярпелі чатыры чалавекі: дзьве жанчыны і двое мужчын. Пры гэтым мужчыны атрымалі цяжкія раненьні. Цяпер усе пацярпелыя ў мэдычных установах.

Украінскія СМІ таксама паведамляюць пра ўдар бесьпілётнікамі па Адэсе. Як удакладнілі ў службе надзвычайных сытуацыяў Адэскай вобласьці, пацярпелі чатыры чалавекі. Таксама ў розных месцах успыхнулі пажары, ратавальнікі іх патушылі. Самае маштабнае ўзгараньне — у складзкіх памяшканьнях з прадуктамі харчаваньня. У прыватным сэктары згарэлі два аўтамабілі, пашкоджаныя гаражы і жылыя дамы, удакладнілі ў ДСНС Адэскай вобласьці.

«Пашкоджаны жылыя дамы, грамадзянская інфраструктура, згарэлі аўтамабілі. На гэты момант паведамленьняў аб пацярпелых няма», — удакладніў мэр Адэсы Генадзь Труханаў.

У горадзе Балаклеі Харкаўскай вобласьці ў выніку ўдару расейскіх бесьпілётнікаў загінуў чалавек, яшчэ адзін паранены. Як паведаміў кіраўнік адміністрацыі гораду Віталь Карабанаў, дроны пацэлілі па цывільным прадпрыемстве і па адкрытай мясцовасьці. Паводле яго, загінулы і паранены — работнікі прадпрыемства.

У Турэччыне 2 чэрвеня прайшоў другі раўнд перамоваў паміж украінскай і расейскай дэлегацыямі. Перамовы, як паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Турэччыны, доўжыліся крыху больш за гадзіну.

Дэлегацыі Ўкраіны і Расеі дамовіліся ў Стамбуле аб новых абменах палоннымі, заявіў міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
  • У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году ахвяраў пабольшала на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG