Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа абвінавачвае Пуціна ў сабатажы спробаў мірнага пагадненьня з Украінай

Кіраўнік NATO Марк Рутэ на сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў альянсу ў Брусэлі 4 красавіка
Кіраўнік NATO Марк Рутэ на сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў альянсу ў Брусэлі 4 красавіка

Высокапастаўленыя эўрапейскіх дыпляматы абвінавацілі прэзыдэнта Расеі Пуціна ў тым, што ён не пагадзіўся на мірную прапанову ЗША аб спыненьні вайны ва Ўкраіне ў час, калі празь некалькі тыдняў перамоваў зьявіліся прыкметы, што Вашынгтон стаў насьцярожана ставіцца да намераў Крамля.

Некалькі вышэйшых эўрапейскіх дыпляматаў у час другога дня сустрэчы міністраў замежных спраў краін NATO ў Брусэлі, заклікалі хаўрусьнікаў аказаць большы ціск на Маскву, каб яна прыйшла да пагадненьня.

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі абвінаваціў расейскага кіраўніка ў тым, што той «наганяе туману і валачэ ногі» замест таго, каб заключыць пагадненьне, якое Ўкраіна ўжо падпісала.

«Ён зараз можа прыняць рашэньне спыніць агонь. Пры гэтым ён працягвае бамбардаваць Украіну, яе цывільнае насельніцтва і энэргетычныя магутнасьці. Мы бачым цябе, Уладзімір Пуцін, мы ведаем, што ты робіш», — заявіў брытанскі міністар.

У NATO быў намер выступіць адзіным фронтам супраць расейскай агрэсіўнай палітыкі, аднак эўрапейскія сябры альянсу лічаць, што іхныя намаганьні маргіналізуюцца.

Раней прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп назваў заканчэньне вайны ва Ўкраіне прыярытэтам сваёй міжнароднай палітыкі. Неўзабаве пасьля абраньня на пасаду ён накіраваў сваіх вышэйшых службовых асоб у Маскву і Кіеў і ў іншыя краіны дзеля заключэньня мірнага пагадненьня. Аднак у мінулым месяцы Масква ажпрэчыла прапанову Вашынгтону аб поўным спыненьні агню на 30 дзён. З таго часу ўкраінскі і расейскі бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў парушэньнях.

Некалькі міністраў замежных спраў на сустрэчы NATO заклікалі ўвесьці тэрміны, каб прымусіць Расею прыйсьці да пагадненьня, у той час як міністар замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбак адзначыла, што ад Пуціна да гэтага часу не было «нічога, акрамя пустых абяцаньняў». Яна дадала, што расейскі палітык «цягне час, высоўваючы ўсё новыя патрабаваньні».

Трамп, падобна, губляе цярпеньне з Пуціным. Ён накінуўся на яго на мінулым тыдні, пагражаючы Расеі новымі пошлінамі на нафтапрадукты, калі Масква заблякуе яго ініцыятывы па спыненьні агню. Сваё незадавальненьне Пуціным амэрыканскі прэзыдэнт выказаў 30 сакавіка, калі замест падпісаньня пагадненьня аб спыненьні агню з Масквы пачалі гаварыць пра неабходнасьць увесьці ва Ўкраіне пераходны ўрад.

Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў журналістам у Брусэлі 4 красавіка, што Вашынгтон павінен даведацца на працягу некалькіх тыдняў, а ня месяцаў, ці сур’ёзна Расея настроеная на мір з Украінай.

«Зь іхных адказаў мы вельмі хутка даведаемся, ці сур’ёзна яны настроеныя на сапраўдны мір, ці гэта тактыка затрымкі. Калі гэта тактыка затрымкі, прэзыдэнт [Трамп] у гэтым не зацікаўлены», — сказаў ён.

Магчыма, у спробе залагодзіць нядаўнія няроўнасьці Пуцін на гэтым тыдні накіраваў у Вашынгтон пасла Кірыла Дзьмітрыева для пошуку шляхоў паляпшэньня двухбаковых адносінаў, якія Трамп імкнуўся аднавіць пасьля таго, як яны былі разбураныя ў час адміністрацыі Байдэна. А пагаршэньне наступіла якраз з прычыны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Але эўрапейскія дыпляматы заявілі, што трэба ўзмацніць ціск на Расею, яны імкнуцца пераканаць Трампа ўзмацніць сваю пазыцыю ў дачыненьні Пуціна.

Міністар замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро, стоячы побач з Лэмі ў Брусэлі, заявіў, што Расея «павінна адказаць Злучаным Штатам» за тое, што яна не пагадзілася з прапановай ЗША аб спыненьні агню.

«Расея хітруе, працягвае наносіць удары па энэргетычнай інфраструктуры, працягвае зьдзяйсьняць ваенныя злачынствы. Гэта мае быць „так“ або „не“, хуткі адказ», — сказаў Баро.

На сустрэчы міністраў замежных спраў краінаў NATO таксама разглядалася пытаньне аб тым, як падтрымаць Украіну да канца вайны і пасьля яе заканчэньня.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра пазыцыю альянсу адносна месца Ўкраіны за сталом перамоваў, кіраўнік НАТО Марк Рутэ сказаў, што абяцаньні фінансавай падтрымкі Кіева зьяўляюцца ключом да ўмацаваньня пазыцыі Ўкраіны.

«Дазвольце мне яшчэ раз пацьвердзіць, што яны [Украіна] павінны быць у максымальна моцнай пазыцыі», — сказаў Рутэ.

У той час як сяброўства Ўкраіны ў NATO на цяперашні момант не разглядаецца, большасьць эўрапейскіх хаўрусьнікаў хочуць прынамсі атрымаць гарантыі таго, што амэрыканская зброя будзе працягваць паступаць ва Ўкраіну і што навучальная місія NATO для ўкраінскіх салдат працягне дзейнічаць.

Аднак Злучаныя Штаты больш не ўзначальваюць кантактную групу па абароне Ўкраіны, вядомую як група Рамштайну. Група каардынуе ваенную падтрымку Кіева. Злучанае Каралеўства старшынявала на апошнім паседжаньні групы ў лютым, а наступнае, папярэдне заплянаванае на 11 красавіка, можа адбыцца пры сустаршыняваньні Брытаніі і Францыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG