Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія і расейскія дыпляматы зноў сустрэліся і абмеркавалі дзейнасьць амбасадаў

Расейскі сьцяг ля амбасады ў Вашынгтоне, ЗША. Архіўнае фота
Расейскі сьцяг ля амбасады ў Вашынгтоне, ЗША. Архіўнае фота

Дыпляматы з Расеі і ЗША сустрэліся 27 лютага ў Стамбуле, каб абмеркаваць спрэчкі наконт сваіх дыпляматычных прадстаўніцтваў. Абодва бакі працягваюць двухбаковы дыялёг, які лічыцца вырашальным для спыненьня вайны ва Ўкраіне.

Расейская дэлегацыя прыбыла ў Стамбул, дзе прайшлі яе перамовы з дэлегацыяй ЗША. Сустрэча праходзіла ў стамбульскай рэзыдэнцыі генэральнага консула ЗША. Перад сядзібай сабраліся некалькі дзясяткаў журналістаў. Перамовы праходзілі ў закрытым рэжыме; бакі не назвалі імёны ўдзельнікаў сваіх дэлегацый.

На парадку дня перамоваў былі пытаньні дзейнасьці амбасадаў дзьвюх краінаў. Паведамлялася, што абмяркуюць «пытаньні кадравага забесьпячэньня, візаў, дыпляматычных банкаўскіх апэрацыяў і іншыя апэрацыйныя пытаньні», — заявіў Reuters прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША. Украіну абмяркоўваць не плянавалі, пытаньні палітыкі і бясьпекі — таксама, падкрэсьлілі ў ведамстве.

Сустрэча працягвалася 6,5 гадзіны. Перамовы завяршыліся без камэнтароў для прэсы. Пакуль няма ніякіх падрабязнасьцяў пра зьмест перамоваў. Пры гэтым прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней адзначаў, што інфармацыя па выніках перамоваў «так ці інакш будзе прадастаўленая».

Дэлегацыі на чале зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё і міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым дамовіліся на мінулым тыдні ў Саудаўскай Арабіі пачаць дыскусіі аб дыпляматычных прадстаўніцтвах.

Перамовы адбыліся пасьля таго, як прэзыдэнт Дональд Трамп зьмяніў палітыку ізаляцыі Расеі за яе ўварваньне ва Ўкраіну і замест гэтага засяродзіўся на аднаўленьні сувязяў і хуткім спыненьні вайны. Двухбаковыя перамовы ў Эр-Рыядзе выклікалі засьцярогі, што Злучаныя Штаты могуць заключыць угоду, нявыгадную Ўкраіне і Эўропе.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што перамовы ў Стамбуле ня будуць уключаць ніякіх дыскусій аб Украіне, але ўсё роўна будуць разглядацца як праверка жаданьня Масквы ўдзельнічаць ва ўгодзе. Рубіё сказаў у інтэрвію 26 лютага, што Злучаныя Штаты пакуль ня ведаюць, наколькі шчыра расейцы настроеныя на спыненьне вайны. Ён сказаў, што амэрыканская дэлегацыя, якая накіравалася ў Эр-Рыяд, спытала расейцаў, жадаюць яны скончыць вайну ці працягваць ваяваць, і тыя пагадзіліся на наступную сустрэчу з удзелам груп дыпляматаў, каб пагаварыць пра тое, што спатрэбіцца пасьля заканчэньня вайны, сказаў Рубіё ў этэры Fox News.

«Калі тое, на чым яны настойваюць, нерэальна, то мы ведаем, што іхныя словы не адпавядаюць рэчаіснасьці. Але мы павінны праверыць гэтую прапанову», — сказаў Рубіё.

«Мы павінны ведаць, і прэзыдэнт хоча ведаць на пачатку свайго прэзыдэнцтва, ці зацікаўленыя расейцы ў спыненьні гэтай вайны, — сказаў Рубіё. — Прэзыдэнт Трамп заключаў дамовы ўсё сваё жыцьцё. Ён не зьбіраецца быць уцягнутым у дрэнную ўгоду».

Раней Сяргей Лаўроў заяўляў, што перамовы будуць прысьвечаныя стварэньню лепшых умоў для расейскіх дыпляматаў у ЗША і іхных амэрыканскіх калегаў у Расеі. Дзьве краіны выслалі дыпляматаў і абмежавалі прызначэньне новых супрацоўнікаў у прадстаўніцтвах адна адной у шэрагу ўзаемных захадаў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны 3 гады таму.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту заявіў, што будуць абмяркоўвацца пытаньні пра амбасады і консульствы Расеі ў Нью-Ёрку і Х’юстане, але ня місія Расеі ў ААН. На парадку дня пытаньні кадравага забесьпячэньня, візаў, дыпляматычных банкаўскіх паслуг і іншыя, сказаў прэс-сакратар.

Стамбульскія перамовы адбудуцца за дзень да таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі павінен прыехаць у Вашынгтон для падпісаньня пагадненьня аб рэдказямельных мэталах. Згодна з пагадненьнем, Кіеў перадае частку даходаў ад сваіх мінэральных рэсурсаў фонду, які кантралюецца сумесна з Злучанымі Штатамі.

Пагадненьне займае цэнтральнае месца ў спробах Украіны заручыцца моцнай падтрымкай Трампа, які імкнецца хутчэй спыніць вайну з Расеяй.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG