Пажар на нафтабазе ў расейскім Энгельсе патушылі толькі на шосты дзень

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пажар працягваўся амаль тыдзень пасьля атакі бесьпілётнікаў на прадпрыемства.

Губэрнатар Саратаўскай вобласьці Расеі Раман Бусаргін заявіў, што ноччу 13 студзеня на нафтабазе ў Энгельсе, якая ўжо амаль тыдзень гарэла пасьля налёту бесьпілётнікаў, «зьліквідавалі адкрытае гарэньне».

«На прамысловым прадпрыемстве ў Энгельсе ноччу ўдалося дабіцца ліквідацыі адкрытага гарэньня», — гаворыцца ў паведамленьні кіраўніка расейскага рэгіёну. Бусаргін удакладніў пры гэтым, што «праца працягваецца».

Днём раней губэрнатар Саратаўскай вобласьці паведаміў, што «на прамысловым прадпрыемстве» ў Энгельсе працягваецца працэс «кантраляванага выгараньня паліва».

Расейскі тэлеграм-канал Astra пісаў, што загарэлася нафтабаза камбінату «Кристалл» арганізацыі «Росрезерв» — фэдэральнай казённай установы, на якую ўскладзеныя абавязкі захоўваць паліва для авіябазы «Энгельс-2». Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў Генэральным штабе УСУ:

«У раёне цэлі фіксаваліся шматлікія выбухі, узьняўся маштабны пажар», — гаварылася ў паведамленьні.

Пры ліквідацыі пажару загінулі два супрацоўнікі пажарнай службы МНС, яшчэ адзін дастаўлены ў лякарню. У горадзе ўводзілі рэжым НС.

Мясцовыя жыхары некалькі дзён скардзіліся на смог і на тое, што іхныя скаргі выдаляюць з камэнтароў пад допісамі губэрнатара. Бусаргін сьцьвярджаў, што ў паветры не было знойдзена ніякіх забруджваньняў.

​
XS
SM
MD
LG