Саратаў і Энгельс у Расеі ноччу зазналі масавую атаку БПЛА, ёсьць пашкоджаньні на адным з прамысловых прадпрыемстваў, напісаў раніцай 8 студзеня губэрнатар Саратаўскай вобласьці Раман Бусаргін.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў. На прадпрыемстве, на якое быў напад, адбыўся пажар, паведамляюць расейскія ўлады.
Некаторыя тэлеграм-каналы адзначаюць, што пажар узьнік у Энгельсе ў раёне нафтабазы ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітага дрона.
Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра зьбіцьцё 32 бесьпілётнікаў у сямі расейскіх рэгіёнах. У прыватнасьці, 11 БПЛА над тэрыторыяй Саратаўскай вобласьці, па чатыры дроны над тэрыторыямі Курскай і Растоўскай вобласьцяў. А таксама па тры над Белгарадзкай і Бранскай вобласьцямі, два над Краснадарскім краем, адзін над Валгаградзкай вобласьцю і чатыры — над акваторыяй Азоўскага мора.
Украінскі Генштаб пацьвердзіў паражэньне нафтабазы ў Энгельсе
У ноч на 8 студзеня ўкраінскія войскі ўдарылі па базе захоўваньня нафтапрадуктаў «Комплекс Крышталь» у горадзе Энгельс Саратаўскай вобласьці Расеі, пацьвердзілі ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны.
«У раёне цэлі былі зафіксаваныя шматлікія выбухі, узьнік маштабны пажар. Варта адзначыць, што гэтая нафтабаза забясьпечвала палівам вайсковы аэрадром Энгельс-2, дзе базуецца стратэгічная авіяцыя праціўніка», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле Генштабу, зьнішчэньне нафтабазы стварае сур’ёзныя праблемы з матэрыяльна-тэхнічным забесьпячэньнем стратэгічнай авіяцыі расейскіх войскаў і значна зьмяншае яе здольнасьць наносіць удары па ўкраінскіх гарадах і цывільных аб’ектах.
Украінскія ўдары бесьпілётнікамі, якія пачаліся ў 2024 годзе — адказ на пастаянныя атакі Расеі на жылыя і энэргетычныя аб’екты Ўкраіны, што вядуцца ад самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году. Пасьля атак украінскіх бесьпілётнікаў часта ўзьнікаюць пажары на нафтабазах Расеі, што падрывае плянавае забесьпячэньне расейскіх войскам палівам.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум