Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1000 дзён вайны Расеі супраць Украіны. Як расейскія вайскоўцы палявалі на ўкраінскага гандляра ў Бучы — фільм Радыё Свабода. ВІДЭА

Аляксей Пабігай, каляж
Аляксей Пабігай, каляж

Калі расейскія войскі занялі Бучу ва Ўкраіне, яны забілі сотні людзей і распачалі масавае паляваньне на сьціплага гандляра. Радыё Свабода расказала пра яго, выкарыстаўшы перахопы тэлефонных размоваў, не апублікаваныя раней відэа, дакумэнты і паказаньні сьведак.

У той час як расейскія войскі сотнямі расстрэльвалі ў Бучы ўкраінскіх мірных жыхароў, адно забойства пачалося з маштабнай аблавы ў невялікай кавяраньцы. Пішуць Дзьмітро Джулай з Украінскай службы Радыё Свабода і Рэй Фурлонг.

Новы дакумэнтальны фільм Украінскай службы Радыё Свабода расказвае пра жыцьцё і сьмерць Аляксея Пабігая. Ён быў гаспадаром кавярні, і ніхто пра яго надта ня ведаў. Але аднойчы ягоны дом атачылі бранятэхнікай і грузавікамі з вайскоўцамі.

«Пэрыядычна праводзіліся „зачысткі“, але такой масы тэхнікі ў адным месцы адначасова не было», — сказаў адзін зь відавочцаў апэрацыі.

Іншы мужчына, вайсковы капэлян Анатолій Кушнірчук, сказаў: «Расейскія фашысты ненавідзелі такіх, як Аляксей. Іх шукалі».

Пабігай вырас у Бучы, працаваў у рэстаранах, а потым у сябе дома адкрыў уласную справу. Пасьля таго, як у 2014 годзе падтрыманыя Расеяй сэпаратысты пачалі ва ўсходняй Украіне збройны мяцеж, ён падахвоціўся спрыяць у зборы дапамогі для ўкраінскіх сілаў, якія змагаліся зь імі.

Калі ў лютым 2022 году Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне, Пабігай далучыўся да мясцовага атраду тэрытарыяльнай абароны. Тады Радыё Свабода зьняло яго першы і апошні раз.

Гэтае шчымлівае інтэрвію публікуецца ўпершыню. У Пабігая стрэльба і вайсковая каска, але на салдата ён ня вельмі падобны. Пухлыя шчокі, позірк праз акуляры. Ён кажа: «Я моцны чалавек!» — і сьмяецца.

Пазьней Кушнірчук сказаў Радыё Свабода, што наўрад ці пісталет Пабігая быў зараджаны і нават, можа, увогуле «ён ня ўмеў страляць». Магло здавацца, што Пабігай наўрад ці зацікавіць сабою расейскія войскі.

Ці працягваў Пабігай таемна супрацоўнічаць з украінскімі сіламі ў час расейскай акупацыі, вызначыць аказалася немагчымым. Затрымалі яго падчас жорсткай аблавы.

У фільме Радыё Свабода задакумэнтавана шмат выпадкаў, калі людзей арыштоўвалі і расстрэльвалі за тое, што яны раней служылі ў войску або займаліся грамадзкай дзейнасьцю, а таксама — калі расейскія салдаты проста без прычыны стралялі ў людзей.

Ёсьць жахлівыя запісы з камэраў відэаназіраньня, як расейскія войскі хапаюць людзей на вуліцах. У перахопленых тэлефонных размовах расейскія салдаты кажуць сваім сямейнікам, што ім загадвалі забіваць мірных жыхароў. Адступаючы з Бучы, расейскія войскі пакінулі ня толькі сотні трупаў на вуліцах, але і дакумэнты.

У адной з кінутых зямлянак мясцовы жыхар знайшоў вайсковы дакумэнт, у якім гаварылася пра затрыманьне Пабігая кузбаскім падразьдзелам Нацыянальнай гвардыі Расеі, што базуецца ў сыбірскім горадзе Кемерава.

Ёсьць дакумэнтальныя доказы таго, што гэты падразьдзел супрацоўнічаў з 76-й дэсантна-штурмавой дывізіяй, якая знаходзілася ў Бучы на працягу ўсёй акупацыі.

Цела Пабігая са зьвязанымі рукамі і кулявым раненьнем у галаву знайшлі ў лесе ў кінутым штабе дывізіі. Тэсты ДНК пацьвердзілі ягоную асобу.

На паліцэйскім відэазапісе знаходкі праз паўгода пасьля вызваленьня Бучы афіцэр трымае перад камэрай акуляры. Яны аблепленыя гразёю, але адразу можна пазнаць, што гэта акуляры Пабігая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG