У Расеі заявілі аб прарыве ўкраінцаў у Курскую вобласьць. Перад гэтым расейцы абстралялі Кіеўшчыну і Харкаў

Расейскі легіён «Свабода Расеі», які ваюе на баку Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі легіён «Свабода Расеі», які ваюе на баку Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Сёлета ў сярэдзіне сакавіка расейскія добраахвотніцкія батальёны атакавалі Белгарадзкую і Курскую вобласьці.  Але Расея не адразу гэта прызнала. 

Губэрнатар Курскай вобласьці Аляксей Сьмірноў заявіў аб спробе прарыву ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Суджанскага і Коранеўскага раёнаў рэгіёну.

«Байцы памежнай службы ФСБ Расеі і Ўзброеных сілаў РФ не дапусьцілі прарыву мяжы», — паведаміў Аляксей Сьмірноў у сваім Telegram-канале.

Курскі губэрнатар таксама заклікаў расейцаў давяраць толькі афіцыйным каналам інфармацыі і не рэагаваць на «інфармацыйныя ўкіды».

Перад гэтым у Міністэрстве абароны Расеі заявілі аб перахопе і зьнішчэньні 13 бесьпілётнікаў над тэрыторыяй Курскай вобласьці і дзевяці — над Белгарадзкай вобласьцю.

Ва Ўкраіне гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць ні вайсковае кіраўніцтва, ні прадстаўнікі расейскіх добраахвотніцкіх батальёнаў, якія ваююць на ўкраінскім баку.

Сёлета ў сярэдзіне сакавіка расейскія добраахвотніцкія батальёны атакавалі Белгарадзкую і Курскую вобласьці. Але Расея не адразу гэта прызнала.

Расейцы абстралялі цывільны сэктар на Кіеўшчыне і ў Харкаве

У ноч на 6 жніўня Расея атакавала ракетамі і дронамі Кіеўскую, Херсонскую, Мікалаеўскую і Хмяльніцкую вобласьці, а раніцай абстраляла Харкаў.

Супрацьпаветраныя сілы Ўкраіны змаглі зьбіць дзьве з чатырох выпушчаных расейцамі ракет і 15 з 16 дронаў.

Улады Кіеўскай вобласьці паведамілі аб пашкоджаньні шматкватэрнага будынку ў Браварах пад Кіевам і двух аўтазаправачных станцыяў. Папярэдне без ахвяраў.

У Херсонскай вобласьці расейцы пацэлілі ў аб’ект крытычнай інфраструктуры і жылы сэктар — пацярпелі 8 шматпавярховікаў і 13 прыватных будынкаў. Адзін чалавек загінуў і пяць атрымалі раненьні.

Раніцай расейскія войскі абстралялі Харкаў. Мэр горада Ігар Церахаў паведаміў, што пашкоджаная паліклініка. Цяпер удакладняюць інфармацыю аб пацярпелых.

​
XS
SM
MD
LG