Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыі Расеі трэці дзень ідуць баі, расейскае войска працягвае абстрэлы Ўкраіны

Горад Шэбекіна Белгарадзкай вобласьці Расеі, чэрвень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Горад Шэбекіна Белгарадзкай вобласьці Расеі, чэрвень 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Трэці дзень запар супрацьпаветраная абарона Расеі змагаецца зь бесьпілётнікамі, у рэгіёны падцягнулі войскі. 15 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.

Улады Курскай і Белгарадзкай вобласьцей Расеі заяўляюць, што ўкраінскія сілы не спыняюць спробаў зайсьці на іхную тэрыторыю.

Трэці дзень запар супрацьпаветраная абарона Расеі змагаецца зь бесьпілётнікамі, у рэгіёны падцягнулі войскі. 15–17 сакавіка ў Расеі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары.

Расейскія войскі крыху спынілі ціск на фронце, але працягваюць абстрэльваць прыфрантавыя і памежныя вобласьці Ўкраіны.

Дзень пачаўся з ультыматуму расейскіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны

Раніцай у супольнай заяве тры батальёны, сфармаваныя з грамадзян Расеі — Легіён «Свабода Расеі», Расейскі добраахвотніцкі корпус і Сібірскі батальён — папярэдзілі аб пачатку атакі на Белгарадзкую і Курскую вобласьці і заклікалі кіраўніцтва эвакуаваць мірных жыхароў.

«Мірныя жыхары не павінны цярпець ад вайны, і любыя ахвяры ў працэсе баявых дзеяньняў будуць на сумленьні Старавойта і Гладкова (губэрнатары Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў адпаведна. — РС). Мы патрабуем ад губэрнатараў спыніць выкананьне злачынных загадаў пуцінскай хунты і не перашкаджаць эвакуацыі мірных грамадзян з зоны баявых дзеяньняў», — адзначалася ў заяве.

Расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, заявілі, што «апэрацыя вызваленьня Курскай і Белгарадзкай вобласьцяў будзе працягвацца да дасягненьня пастаўленых мэтаў».

Вядома, што расейскія добраахвотнікі — людзі рознай адукацыі, сацыяльных клясаў і палітычных поглядаў, якія выступілі супраць імпэрскай палітыкі Пуціна.

Улады Белгарадзкай вобласьці паведамілі аб атацы і пацярпелых

З ночы губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў кожныя дзьве гадзіны паведамляў аб атаках бесьпілётнікамі. Ён сьцьвярджае, што над рэгіёнам зьбілі каля двух дзясяткаў дронаў. Удзень ён паведаміў аб ракетнай атацы Ўзброеных сіл Украіны на абласны цэнтар, у выніку якой адзін чалавек загінуў і шэсьць чалавек атрымалі траўмы.

Паводле Гладкова, пашкоджаныя 8 шматкватэрных дамоў, тры прыватныя будынкі, тры гаспадарчыя памяшканьні. Згарэлі 13 аўтамабіляў.

Пазьней Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што папярэдзіла спробу Ўзброеных сіл Украіны прарвацца на тэрыторыю Расеі ў раёне вёскі Спадарушына ў Белгарадзкай вобласьці. У ведамстве заявілі, што «зьнішчылі да 195 украінскіх вайскоўцаў і пяць танкаў».

Улады Курскай вобласьці пераконваюць, што ўсе атакі адбілі

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт зьняпраўдзіў паведамленьні аб тым, што расейскія добраахвотнікі захапілі частку пасёлку Цёткіна.

«Байцы Памежнай службы ФСБ Расеі і Ўзброеных сілаў РФ не дазволілі і не дазволяць ім гэта зрабіць. У рэальным баі ў ворага нічога не выходзіць, а ў інфармацыйнай барацьбе адпор павінен даць кожны з нас. Ігнаруйце пагрозы і ўкіды інфармацыйных спэцапэрацыяў, не распаўсюджвайце неправераную інфармацыю», — заявіў Раман Старавойт.

Ва Ўкраіне расказалі аб расейскіх стратах у нафтаперапрацоўцы

У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны паведамілі, што за апошнія два дні вывелі з ладу 12 % нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў Расеі.

«Атакі бесьпілётнікамі прывялі да спыненьня трох нафтаперапрацоўчых заводаў у глыбіні тэрыторыі Расеі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК паведаміла, што пры пашкоджаньнях нафтаперапрацоўчых заводаў цана тоны бэнзіну АІ-95 на Санкт-Пецярбурскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы ўпершыню за шэсьць месяцаў перавысіла 60 рублёў.

Гэта максымум з канца верасьня 2023 году, калі цэны пачалі зьніжацца пасьля забароны экспарту нафтапрадуктаў.

Генэральны штаб Украіны: расейцы нанесьлі больш за 60 ракетных і авіяцыйных удараў

У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны паведамілі, што за апошнія содні на фронце адбылося 79 баявых сутыкненьняў.

«Вораг нанёс 2 ракетныя і 64 авіяцыйныя ўдары, ажыцьцявіў з рэактыўных сыстэмаў залпавага агню 93 абстрэлы пазыцыяў нашых войскаў і населеных пунктаў. У выніку расейскіх тэрарыстычных атак, на жаль, ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Спраўдзіць заявы бакоў ва ўмовах вайны немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG