Пра гэта паведамляюць праваабарончы праект «Зона солидарности» і SotaVision.
Бабурына таксама прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, удзеле ў незаконным узброеным фармаваньні і ўдзеле ў дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі.
Першыя 5 гадоў з прызначанага тэрміну асуджаны правядзе ў турме, а астатнія 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму.
Бабурын не прызнаў віну ў выстаўленых яму злачынствах. У сваім апошнім слове ён расказаў, як сьледчыя схілялі яго да супрацоўніцтва рознымі мэтадамі.
«Ад таго, што гэтыя мэтады ціску ня дзейнічалі, яны рабілі ператрусы ў маіх сяброў, якія мне пісалі лісты, настройвалі сябровак супраць мяне, называючы здраднікам радзімы. Маўляў, навошта вы зь ім маеце зносіны? Ад маёй адной бутэлькі Молатава маглі пацярпець дзьверы вайсковага камісарыяту, але не пацярпелі. Ад аднаго супрацоўніка ФСБ у маім выпадку пацярпела дзесяць чалавек як мінімум: гэта мае бацькі, сваякі, якіх дапытвалі, сябры, у якіх праводзіліся ператрусы і допыты», — адзначыў Бабурын.
Яго затрымалі ў канцы верасьня 2022 года па абвінавачаньні ў спробе падпалу будынку вайсковага камісарыяту ў Новасібірску. Першапачаткова яго абвінавачвалі толькі па тэрарыстычных артыкулах, аднак у сакавіку да іх дадалося абвінавачаньне ў дзяржаўнай здрадзе. Новых эпізодаў у справе новасібірца пры гэтым не было. Таксама сьледзтва падкрэсьлівае, што справа «не была даведзена Бабурыным да канца па не залежных ад яго абставінах».
Як адзначае «Зона солидарности», гэта беспрэцэдэнтны выпадак, бо ўпершыню ў сувязі з гіпатэтычным падпалам вайсковага камісарыяту завялі справу аб дзяржаўнай здрадзе. У верасьні 2023 году, калі Бабурын выходзіў ад сьледчага, яго пабілі канваіры.
Раней праваабарончы праект «ОВД-Инфо» пісаў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну фігурантамі антываенных спраў у Расеі сталі больш за 900 чалавек, зь іх больш за 250 чалавек ужо асуджаныя.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум