Маскоўскі абласны суд прыгаварыў да 12 гадоў калёніі 21-гадовага жыхара Нара-Фамінску Кірыла Кусакіна. Аб гэтым піша «Медиазона» з спасылкай на прэс-службу суду.
Паводле інфармацыі выданьня, справу супраць мужчыны распачалі з прычыны падпалу рэлейнай шафы на чыгунцы ў раёне Нара-Фамінску ў красавіку 2023 году. Яго прызналі вінаватым у дывэрсіі, зробленай групай асоб, якая пацягнула значную маёмасную шкоду (п. «а» і «б» ч. 2 арт. 281 КК). Першыя тры гады тэрміну ён правядзе ў турме.
Падрабязнасьці справы невядомыя, аднак у прэсавай службе суду адзначылі, што пакараньне Кусакіну прызначылі з улікам зьмякчальных абставін. Суд улічыў частковае прызнаньне віны, яўку з пакаяньнем, малады ўзрост мужчыны і частковае пакрыцьцё ім шкоды.
Як піша «Медиазона», паводле выцекаў з базаў дадзеных, да 2020 года Кусакін быў студэнтам, затым працаваў камплектоўнікам у групе кампаній «Мегаполис» і грузчыкам у краме «Пятёрочка».
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў Расеі пачасьціліся выпадкі дывэрсій на чыгунцы. За падпалы рэлейных шаф часта затрымліваюць вельмі маладых людзей: шмат каму зь іх няма і дваццаці гадоў. У большасьці выпадкаў сілавікі паведамляюць аб тым, што «дывэрсанты» атрымалі «заказ» на падпал ад «куратараў з Украіны», доказаў існаваньня такіх «куратараў» або зьвестак аб іх затрыманьні ў публічным доступе няма.
- У Беларусі першая пасьля пачатку вайны 24 лютага 2022 году дывэрсія адбылася ўжо 26 лютага. Невядомыя пашкодзілі абсталяваньне пад Асіповічамі. 27 лютага чыгуначнікі паведамілі, што Менскі і Аршанскі вузлы паралізаваныя.
- Акцыі працягваліся яшчэ месяц, да канца сакавіка. Паводле інфармацыі чыгуначнікаў, іх прайшло ня менш за 11 па ўсёй Беларусі: у Асіповіцкім, Барысаўскім, Светлагорскім, Магілёўскім, Івацэвіцкім, Глыбоцкім, Аршанскім, Бабруйскім раёнах (усе вобласьці акрамя Горадзенскай). А вось МУС Беларусі сьцьвярджала, што дывэрсій было больш за 80.
- Улады Беларусі прадстаўлялі гэтыя дзеяньні як барацьбу пратэстоўцаў з рэжымам Лукашэнкі. Тады іх забіралі паводле «рэйкавага» артыкулу 309 КК («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку або шляхоў зносін»). Фігуранты атрымлівалі па 2-4 гады калёніі. Тэрмінаў у 20 гадоў, як і гаворкі пра «тэрарызм», тады не было. Праўда, бабруйскім «рэйкавым партызанам», якіх затрымалі да 24 лютага 2022 году, а судзілі ўжо пасьля гэтай даты, далі па 14-16 гадоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.