Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закон аб ІП упарадкуе пытаньні». Міністэрства фінансаў ацаніла ўнёсак малога прадпрымальніцтва ў бюджэт дзяржавы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Таксама ў міністэрстве сказалі, якім чынам новы закон аб прадпрымальніцтве дапаможа дробнаму гандлю.

За апошнія два гады ўнёсак суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў бюджэт перавысіў 600 млн рублёў, заявіў першы намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко. Ён назваў гэты паказьнік «досыць вялікімі лічбамі», падкрэсьліўшы, што «паступленьні ад малога прадпрымальніцтва фармуюць мясцовы бюджэт». Словы чыноўніка прыводзіць агенцыя «Позірк».

Намесьнік кіраўніка Міністэрства фінансаў адзначыў, што дзейнасьць дробнага прадпрымальніцтва ў Беларусі накіраваная на рэалізацыю «прадпрымальніцкага патэнцыялу чалавека», пачынаючы «з простых формаў, якія не патрабуюць адміністрацыйных умяшаньняў і дадатковага рэгуляваньня».

Папраўкі ў закон аб прадпрымальніках ён назваў «цалкам апраўданымі», бо яны «ў тым ліку ліквідуюць залішнюю канкурэнцыю» паміж суб’ектамі розных формаў.

У Беларусі, паводле яго слоў, «у цяперашні час назіраюцца» самазанятыя, якія канкуруюць з ІП, самі ж індывідуальныя прадпрымальнікі навязваюць канкурэнцыю арганізацыям, «прычым часта па спалучальных відах дзейнасьці».

«Закон — гэта такое ўпарадкаваньне ўсіх гэтых пытаньняў», — лічыць чыноўнік Мінфіну.

На думку Кійко, прынятыя навацыі дапамогуць вырашыць згаданыя праблемы «без залішняга фіскальнага ціску, у тым ліку адміністрацыйнага рэгуляваньня», гэта павысіць «аддачу суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, гэта значыць, фармаваньні бюджэту краіны».

Што новага з законе аб ІП?

Законапраект замацоўвае «новыя падыходы да рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці» і вызначае новую тыпалёгію бізнэсу, якая будзе складацца зь дзьвюх катэгорый:

  • юрыдычныя асобы, якія падзяляюцца на малыя (з колькасьцю да 100 работнікаў), сярэднія (да 250 чалавек) і буйныя (звыш 250 чалавек) камэрцыйныя арганізацыі;
  • фізычныя асобы, якія будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю ў якасьці рамесьніка, уладальніка аграэкасядзібы, індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама самастойна весьці прафэсійную дзейнасьць.

Законапраект абмяжоўвае віды дзейнасьці, якія змогуць ажыцьцяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе вызначаць урад, «зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасьці» (у чэрвені 2023 году чыноўнікі абмяркоўвалі, якім можа быць гэты сьпіс: тады з дазволеных для ІП дзейнасьцяў папярэдне прыбралі юрыдычныя паслугі, онлайн-курсы, навучаньне, гуртовы гандаль, турыстычныя паслугі і інш.).

Па відах дзейнасьці, якія не ўвайшлі ў названы пералік, з 1 кастрычніка 2024 году ўводзяць забарону на рэгістрацыю новых ІП. Прадпрымальнікі, якія ўжо працавалі на момант падпісаньня закону, павінны будуць перайсьці ў юрыдычныя асобы (да 31 сьнежня 2025 году). Улады абяцаюць, што мэханізм пераходу з ІП у юрыдычную асобу будзе спрошчаны — гэта нібыта можна будзе зрабіць за адзін працоўны дзень.

Паводле законапраекту, чыноўнікі таксама перагледзяць віды дзейнасьці, якія будуць даступныя для рамесьнікаў і самазанятых.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG