Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: «Хатні арышт — спосаб прыніжэньня, больш выдасканалены». Гісторыі Салея і Драздоўскага


Хатні арышт. Салей, Драздоўскі, Алексіевіч, Архіпеляг БЕЛАГ. Ілюстрацыйны каляж.
Хатні арышт. Салей, Драздоўскі, Алексіевіч, Архіпеляг БЕЛАГ. Ілюстрацыйны каляж.

У трэцяй частцы падкаст-сэрыялу «Архіпэляг БЕЛАГ» — унікальныя сьведчаньні пра тое, як катуюць хатнім арыштам.

Драздоўскі: «Звычайна сытуацыя не разьлічаная на тое, што чалавек жыве ў інтэрнаце»

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

Праваабаронца і дырэктар «Офісу правоў людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам каля паўгода. Затрымалі яго ў лютым 2021-га, абвінаваціўшы ў махлярстве. Махлярствам палічылі тое, што Офіс на грошы прадстаўніцтва ААН у Беларусі аказваў праўную дапамогу ўдзельнікам пасьлявыбарных пратэстаў. Хатні арышт Сяргей адбываў у сваім пакоі ў інтэрнаце.

Ты знаходзісься дома, вакол цябе твой ложак, твае рэчы, але ўсе магчымасьці ў міліцыі, уладаў ёсьць, каб зрабіць гэта невыносным... Табе забаронена камунікацыя з усім сьветам, з усімі, амаль з усімі, акрамя твайго сьледчага, акрамя адваката. Ну і, калі табе спатрэбяцца, дактары. І твае блізкія, сваякі, зь якімі ты жывеш. Прапісана, што ты ня маеш магчымасьці камунікаваць ні пісьмова, ні жэстамі, ні праз інтэрнэт, ніяк. Зразумела, што ты не працуеш. Цябе могуць ахоўваць 24 на 7. Няма ніякіх правілаў. Гэта вырашае міліцыя, як цябе вартаваць і хто гэта будзе рабіць.

За мной сачыў участковы. Ён мяне правяраў рэгулярна. У маім інтэрнаце вісіць камэра ўвесь час, і там ні ўвайсьці мне ў інтэрнат, ні выйсьці, ні выйсьці на калідор без таго, каб трапіць на камэру, не было ніякай магчымасьці. Звычайна сытуацыя не разьлічаная на тое, што чалавек жыве ў інтэрнаце, як я. Было напісана, што мне забаронена выходзіць за дзьверы майго пакою, але ж у мяне кухня адна з усім інтэрнатам. То бок мне для гатаваньня ежы трэба хадзіць на кухню. Другое, што я сказаў, што пражываю адзін, прапісаны, але мне кожны дзень была патрэбная дапамога староньніх, і гэта мая сям’я. Сьледчы сказаў, што не праблема, хай прыходзяць, але ж майце на ўвазе, што вы ня маеце магчымасьці моцна зь імі камунікаваць. Але ж ніхто за гэтым не сачыў, тут самакантроль такі. Павінен быць у пакоі тэлефон, звычайны ці сеткавы, і я павінен адказваць на ўсе, на любыя званкі ад сьледчага і, калі мне спатрэбіцца, мог званіць адвакату. Калі гэта парушаеш, цябе звычайна адпраўляюць у больш жорсткія абставіны.

Меру стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту ўвялі ў Беларусі ў 2001 годзе. Знаходжаньне пад хатнім арыштам не адразу сталі залічваць у агульны тэрмін пакараньня. У 2003 годзе на прапанову Канстытуцыйнага суду Беларусі заканадаўства зьмянілі: два дні хатняга арышту адпавядаюць аднаму дню арышту, накіраваньня ў дысцыплінарную вайсковую частку і пазбаўленьня волі, тром дням папраўчых работ ці абмежаваньня ў вайсковай службе, або 24 гадзінам грамадзкіх работ. Хатні арышт, паводле адвакатаў, прызначаюць значна радзей за іншыя меры стрыманьня.

Салей: «Я ведаў на памяць усю сетку АНТ»

Ільля Салей. 15 ліпеня 2020 году.
Ільля Салей. 15 ліпеня 2020 году.

Юрыст перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калесьнікавай Ільля Салей прабыў пад хатнім арыштам амаль паўгода. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы». Спачатку Салея зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску, а ў кастрычніку, пасьля вядомай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ, на якой Салей таксама быў, перавялі пад хатні арышт.

— У маім выпадку абмежаваньні былі максымальна магчымыя, і той сьледчы, які азнаёмліваў мяне з пастановай аб зьмене меры стрыманьня, сказаў, што за ўсю ягоную шматгадовую працу ён такіх жорсткіх абмежаваньняў у хатнім арышце ніколі ня бачыў. У маім выпадку хатні арышт быў 24 гадзіны на дзень, мне было забаронена пакідаць кватэру, у якой я пражываў. Пражываў я ў ёй адзін, ніхто зь сямʼі са мной не знаходзіўся і ня меў права мяне наведваць. Мне было забаронена карыстацца і мабільным тэлефонам, і інтэрнэтам, і абсалютна любымі сродкамі сувязі. Таму ўся інфармацыя, якую я атрымліваў, прыходзіла да мяне ад маіх адвакатаў, якія мяне наведвалі і ў якасьці адвакатаў, і ў якасьці людзей, якія прыносілі мне ежу, выносілі маё сьмецьце і былі проста сувязьзю з вонкавым сьветам. Я ведаў на памяць усю сетку АНТ, бо дзяржаўную тэлевізію мне было дазволена глядзець — для гэтага мне спэцыяльна купілі антэну, якую я падключыў да тэлевізара і паклаў на балькон. Нягледзячы на тое, што прапаганда ёсьць прапаганда, але гэта сякая-такая крыніца інфармацыі. Я мог разумець, што насамрэч адбываецца ў краіне, а ўжо іхную ацэнку пакідаў за дужкамі і сам аналізаваў падзеі, што адбываюцца. Чытаў кнігі, гатаваў, займаўся спортам, глядзеў у вакно. Гэта, бадай, адна з асноўных забаваў, бо мае вокны выходзілі на пешаходны бульвар у «Маяку Менску», дзе, асабліва восеньню 2020 году, дастаткова шмат падзей адбывалася — і дваровыя маршы, і дваровыя канцэрты, і мэмарыял Раману Бандарэнку быў на нашай вуліцы зроблены пасьля таго, як ён быў забіты.

  • Пад хатні арышт у 2011 годзе трапілі кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў і жонка кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава журналістка Ірына Халіп. Разам зь імі ў кватэры ўвесь час знаходзіліся супрацоўнікі КДБ. Пад хатнім арыштам працяглы час знаходзіўся былы рэдактар Nexta Раман Пратасевіч, якога асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня і якога нядаўна памілаваў Лукашэнка. Як адзначалі пасьля памілаваньня «Рэпартэры бязь межаў», «у чаканьні суду ён шмат месяцаў знаходзіўся пад хатнім арыштам у невядомым месцы і нявысьветленых умовах».
  • Каля 7 месяцаў пад хатнім арыштам правяла выкладчыца, культуроляг Юлія Чарняўская, удава Юрыя Зісера, заснавальніка парталу Tut.by. У траўні 2021 году Юлію Чарняўскую затрымалі разам з супрацоўнікамі парталу Tut. by за нібыта «ўхіленьне ад сплаты падаткаў». Палітзьняволеная Чарняўская пад хатнім арыштам ня мела права кантактаваць ні з кім, акрамя адваката. Ёй было забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.


Як захаваць псыхічнае здароўе ва ўмовах ізаляцыі?

Былы палітвязень Сяргей Драздоўскі дзеліцца сваім досьведам.

— На другі дзень я сеў і прапісаў сабе плян. Першае — трэба на 100% выкарыстоўваць прагулку, якую табе даюць. Гэта гадзіна на дзень. У мяне было напісана, што я магу адыходзіць ня больш за 200 мэтраў ад свайго пакоя. ОК. Я ўзяў мапку, паглядзеў вуліцы вакол, дзе што там, і нарысаваў сабе маршрут. І кожны дзень я выкатваў, мусіць, за гадзіну пад 2 кілямэтры, так прыкладна лічыў. Другое — гэта распарадак дня. Уставаў паводле раскладу. Трэцяе — у мяне былі мае кнігі і падручнікі па правах чалавека, і я сядзеў і рыхтаваўся да таго, што можа быць са мной. Чацьвёртае, калі праз пару месяцаў мне стала зразумела, што, мусіць, пасьля хатняга арышту і суду я паеду ў больш дрэнныя ўмовы, я запытаўся і атрымаў дазвол пайсьці да лекараў. Я пайшоў да лекараў зрабіць агляд, мне далі нейкія рэкамэндацыі. Потым пайшоў да зубнога. Так раз на тыдзень выходзіў да лекараў. Табе трэба есьці і піць кожны дзень увесь гэты тэрмін, а ты не працуеш. А калі няма грошай, то як? Невядома. Я так адказу і не знайшоў. І мая інваліднасьць. Той, хто пісаў гэтыя законы, правілы, пратаколы, вядома, не разьлічваў на тое, што чалавек з моцнай інваліднасьцю будзе пад хатнім арыштам. Мой досьвед зь імі ня пройдзе дарма, і, на жаль, я думаю, што калі наступнага чалавека з інваліднасьцю пасадзяць пад арышт, яны гэта зробяць больш жорстка і больш тэхналягічна, чым гэта было са мной.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч называе хатні арышт выдасканаленым спосабам катаваньняў.

Сьвятлана Алексіевіч. Чэрвень 2021 году.
Сьвятлана Алексіевіч. Чэрвень 2021 году.

— Хатні арышт — гэта спосаб прыніжэньня, толькі крыху іншы, больш выдасканалены такі. Іра Халіп расказвала, як гэта цяжка сядзець дома адной, без тэлевізара, безь нічога, калі яшчэ людзі ў сваім доме, былі тады такія часы. Сядзець у доме, не выходзіць паўгода на вуліцу — гэта ўсё прыніжэньне, гэта ўсё зьдзекі. Гэта гаворыць пра тое, што гэтая сталінская машына вельмі выдасканаленая, яна прыстасоўваецца да часу, яна таксама мяняецца, мяняюцца спосабы, яна аказваецца дастаткова прыстасаванай да новых часоў. Там шмат фантазіі, там таксама шмат вымыслу, там, відаць, працуюць не дурныя людзі. Мы так думаем, што ах, там нейкія страшныя садысты толькі працуюць, і ўсё. Не, там працуюць іншыя людзі, і разумныя людзі, але ў іх свая герархія каштоўнасьцяў. Можа, у іх іншыя перакананьні. Грошы. Шмат рэчаў, якія могуць спакусіць чалавека, і ня кожны можа ўстаяць.

Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар называе хатні арышт дастаткова нераспаўсюджанай мерай у Беларусі.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

— Такое прымяняюць насамрэч вельмі рэдка і ў дачыненьні, у асноўным, да людзей, якія з рознага роду прычынаў ня могуць знаходзіцца на той жа самай «хіміі» ці ня могуць знаходзіцца ў папраўчых установах. Асноўнае — тое, што людзі ня зьдзейсьнілі цяжкага злачынства. Як па мне, гэта паслабленьне, але ўсё роўна чалавек знаходзіцца пад сталым кантролем. Пастаянныя праверкі, ён мусіць знаходзіцца ў пэўны час дома. У свой час людзям, якія знаходзіліся пад такім ці іншым прэвэнтыўным наглядам... У кожнага супрацоўніка былі сьпісы, кожная служба за месяц павінна была праверыць усіх паднаглядных. Ня важна там, ты едзеш зь нейкага выкліку ў дзьве гадзіны ночы, ты ведаеш, што трэба праверыць людзей. Ты проста заяжджаеш па адрасе, табе павінны адчыніць, ты павінен пагаварыць з чалавекам. Калі ты ня ведаеш яго асабіста, ты павінен паглядзець яго дакумэнты. Гэта ўсё роўна мера такога ціску на чалавека, бо кожны твой хібны крок можа скончыцца зьменай гэтай меры і ты будзеш знаходзіцца ў папраўчай установе.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG