Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША за два тыдні ўказалі Расеі на «Крокус Сіці Хол» як цэль магчымага тэракту, — The Washington Post


«Крокус Сіці Хол» пасьля тэракту і пажару, 27 сакавіка 2024
«Крокус Сіці Хол» пасьля тэракту і пажару, 27 сакавіка 2024

Папярэджваючы расейскія спэцслужбы ў пачатку сакавіка пра пагрозу зьдзяйсьненьня тэракту ў Расеі, ЗША называлі канцэртную залю «Крокус Сіці Хол» як патэнцыйную мэту нападу.

Пра гэта паведамляе газэта The Washington Post са спасылкай на двух неназваных амэрыканскіх чыноўнікаў, знаёмых з сытуацыяй.

«Высокая ступень канкрэтнасьці папярэджаньня падкрэсьлівае ўпэўненасьць Вашынгтона ў тым, што „Ісламская дзяржава“ рыхтуе напад, які пагражае вялікай колькасьці мірных жыхароў, і супярэчыць сьцьвярджэньням Масквы, што папярэджаньні ЗША насілі занадта агульны характар, каб дапамагчы перадухіліць тэракт», — гаворыцца ў публікацыі.

Вашынгтон рэгулярна дзеліцца інфармацыяй пра магчымыя тэрарыстычныя атакі з замежнымі дзяржавамі, аднак «перадаваць суперніку інфармацыю пра канкрэтныя цэлі ёсьць незвычайным крокам», адзначаюць апытаныя выданьнем экспэрты.

Паводле іх, гэта можа прывесьці да раскрыцьця спосабаў атрыманьня інфармацыі спэцслужбамі ЗША, паставіўшы пад пагрозу выведную дзейнасьць і крыніцы канфідэнцыйных зьвестак. Але інфармацыя пра падрыхтоўку тэракту ў канцэртнай залі азначала і патэнцыйную пагрозу для амэрыканцаў у Расеі, тлумачыцца ў артыкуле.

Паводле зьвестак выданьня, інфармацыю пра тэракт, які рыхтуецца, амэрыканскія спэцслужбы перадалі ФСБ 6 сакавіка, за дзень да публікацыі амбасадай ЗША ў Расеі паведамленьня пра магчымую пагрозу тэракту ў Маскве. У тым ліку ўказвалася, што тэракт можа адбыцца падчас канцэрту. Па словах адной з крыніц газэты, ЗША таксама папярэдзілі расейскія ўлады пра магчымы напад на сынагогу ў Маскве. 7 сакавіка ФСБ Расеі паведаміла аб перадухіленьні тэракту ў маскоўскай сынагозе.

«Чаму пасьля першапачатковага папярэджаньня не была ўзмоцненая і падтрыманая на высокім узроўні бясьпека, застаецца незразумелым. Магчыма, расейскія спэцслужбы, убачыўшы, што ў найбліжэйшыя дні пасьля 7 сакавіка нападу не адбылося, падумалі, што інфармацыя ЗША была няправільнай, і аслабілі пільнасьць», — выказалі здагадку суразмоўцы газэты.

  • Напад на канцэртную залю «Крокус Сіці Хол» у Падмаскоўі адбыўся ўвечары 22 сакавіка. У будынку знаходзіліся больш за 6000 чалавек. Група ўзброеных людзей адкрыла агонь па наведніках з аўтаматычнай зброі. Будынак быў падпалены. Паводле апошніх зьвестак, загінулі 144 чалавекі, больш за 380 пацярпелі. Сьледчы камітэт РФ раней паведамляў пра затрыманьне 12 падазраваных, вядома пра арышт 10 зь іх — у асноўным грамадзян Таджыкістану.
  • Пра сваё дачыненьне да тэракту заявіла тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава». У тым, што менавіта яна арганізавала тэракт, упэўненыя ЗША і іншыя краіны Захаду. Расейскі бок сьцьвярджае, што за выканаўцамі тэракту можа стаяць Украіна. Кіеў усё абвінавачваньні катэгарычна абвяргае.
  • У ФСБ Расеі пасьля тэракту ў «Крокусе» прызналі, што ЗША перадавалі інфармацыю аб падрыхтоўцы нападу, але назвалі яе «агульнай», не дэталёвай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG