Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане затрымалі 9 чалавек, падазраюць у сувязях з абвінавачанымі ў тэракце ў «Крокусе» і «Ісламскай дзяржавай»


Падазраваныя ў тэракце ў Басманным судзе Масквы. 24 сакавіка 2024
Падазраваныя ў тэракце ў Басманным судзе Масквы. 24 сакавіка 2024

У затрыманьні бралі ўдзел сілавікі з Расеі.

У Таджыкістане затрымалі дзевяць чалавек, якія падазраюцца ў сувязях з абвінавачанымі ў тэракце ў «Крокус Сіці Холе» і з афганскай ячэйкай групоўкі «ІД Харасан», якая прызнана тэрарыстычнай у многіх краінах сьвету.

Пра гэта паведамляюць «Азія-Плюс» і Reuters са спасылкай на крыніцы ў органах бясьпекі Таджыкістану.

Усіх іх затрымалі ў горадзе Вахдат і даставілі ў Душанбэ супрацоўнікі Дзяржаўнага камітэту нацыянальнай бясьпекі Таджыкістану. «РИА Новости» піша, што ў затрыманьні бралі ўдзел і сілавікі з Расеі.

Таджыцкія сілавікі і расейскія сьледчыя раней дапытвалі сваякоў тых, хто абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні тэракту ў «Крокусе». Пра гэта даведаліся журналісты Радыё Азодзі, якія 25 і 26 сакавіка пабывалі ў гарадах Душанбэ, Гісар і Вахдат, дзе жывуць бацькі і жонкі арыштаваных Мухамадсабіра Файзава, Фарыдуна Шамсідзіна і Саідакрама Раджабалізода, але іхных родных там не знайшлі.

Тэракт у «Крокусе» адбыўся ў пятніцу, 22 сакавіка. Яго ахвярамі, па зьвестках расейскага СК, сталі ня менш за 143 чалавекі. Частку людзей нападнікі расстралялі, большасьць загінула падчас пажару, у тым ліку задыхнуўшыся дымам. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».

Кіраўнік ФСБ Аляксандар Бортнікаў раней далажыў Пуціну пра затрыманьне 11 чалавек. Сярод іх «усе чатыры тэрарысты, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў тэракце»: гэта ўраджэнцы Таджыкістану Далерджон Мірзоеў, Саідакрам Раджабалізода, Фарыдун Шамсідзін і Мухамадсабір Файзаў. На суд іх прывезьлі са сьлядамі жорсткіх катаваньняў, усіх адправілі ў СІЗА.

Акрамя таго, суд арыштаваў яшчэ чатырох фігурантаў справы: братоў Амінчона і Дылавара Ісламавых і іх бацьку Ісраіла Ісламава, а таксама ўраджэнца Кіргізстану Алішэра Касімава, які здаў кватэру ўдзельнікам тэракту. 29 сакавіка СК Расеі адсправаздачылася пра затрыманьне яшчэ аднаго падазраванага, які, як сьцьвярджаецца, браў удзел «у схеме фінансаваньня тэрарыстаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG