Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як у справе Зельцара». Праваабаронца пра затрыманьні за камэнтары аб тэракце ў «Крокусе»


Маскоўскі «Крокус Сіці Хол» пасьля тэракту і пажару
Маскоўскі «Крокус Сіці Хол» пасьля тэракту і пажару

У Беларусі сілавікі працягваюць арыштоўваць за камэнтары аб тэракце ў маскоўскім «Крокус Сіці Холе». Вядома ўжо больш за дзесяць выпадкаў.

Журналістам і праваабаронцам вядома ўжо пра больш як 10 выпадкаў затрыманьняў беларусаў за камэнтары аб тэракце ў «Крокус Сіці Холе», які адбыўся 22 сакавіка ў падмаскоўным Краснагорску. Найчасьцей першымі пра затрыманьні паведамляюць самі сілавікі на сваіх відэаканалах, дзе прымушаюць затрыманых расказваць пра іншыя «парушэньні».

26 сакавіка затрымалі жыхара Шчучына, які суправадзіў навіну пра тэракт у «Крокус Сіці Холе» словамі «Гэта вам за Ўкраіну, трымайце асалоду». Telegram-канал «Пульс Гродно» апублікаваў відэа, у якім хлопца за яго татуіроўкі называюць «сатаністам» і «анархістам». Праваабаронцы не выключаюць, што маладога чалавека чакае абвінавачаньне ў распальваньні варожасьці.

Як і Ўладзіміра Г., які на відэа сілавікоў сказаў, што яго затрымалі за нэгатыўны камэнтар наконт тэракту. Вядома, што Ўладзімір нарадзіўся ва Ўкраіне, у Беларусі мае сям’ю, атрымаў беларускае грамадзянства. Пасьля затрыманьня сілавікі на камэру распытвалі чалавека пра ягонае стаўленьне да Сьцяпана Бандэры.

Паводле агенцтва «Позірк», якое спасылаецца на відэа з праўладных рэсурсаў, днямі чатырох чалавек затрымалі за камэнтары ў Гомлі. Сярод іх — маладая жанчына, якая гэтак пракамэнтавала адмену масавых мерапрыемстваў у Гомлі 23-24 сакавіка: «Чаму нічога не адмяняюць, калі ва Ўкраіне страляюць па жылых дамах і гінуць дарослыя і дзеці? Гэта, напэўна, іншае».

Сярод затрыманых аказаўся і мужчына з Горадні, які напісаў пасьля тэракту: «Усё часьцей у РФ прылятае „ответка“».

Праваабаронцам стала вядома пра яшчэ трох затрыманых жыхароў Менску. Адзін зь іх (мужчына, паводле сілавікоў, 44 гады) на відэазапісе прызнаецца, што адпраўляў паведамленьні ў чат-бот Nexta. Другога мужчыну сілавікі затрымалі за словы «разанскі цукар» (эўфэмізм азначае тэракт, арганізаваны спэцслужбамі ў правакацыйных мэтах. — РС). Таксама ў Менску была затрыманая вядомая блогерка Жанна Л., якую пазьней адпусьцілі. Што да іншых затрыманых, іх далейшы лёс застаецца невядомым.

«Будуць перасьледаваць за падтрымку Ўкраіны, за асуджэньне Расеі»

Свабода зьвярнулася да праваабаронцы зь «Вясны» Паўла Сапелкі па прававую ацэнку затрыманьням грамадзянаў Беларусі за камэнтары аб тэракце ў Падмаскоўі.

Праваабаронца нагадаў, што Беларусь падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ня мае права парушаць ні ў якім выпадку. Спаслаўся Павал Сапелка і на так званыя «Яганэсбурскія прынцыпы» ААН, паводле якіх «ніхто ня можа быць пакараны за крытыку нацыі альбо дзяржавы, калі гэтая крытыка не накіраваная на распальваньне варожасьці альбо гвалтоўных дзеяньняў».

Паводле Сапелкі, улады Беларусі бачаць пагрозу ў любой незалежнай думцы грамадзянаў краіны. «Для падтрыманьня таталітарнага парадку не істотна, у якім кірунку разьвіваецца іншадумства — яно само па сабе небясьпечнае для ўладаў», — мяркуе праваабаронца і кажа, што не зьдзіўляецца, што ў Беларусі перасьледуюць грамадзян за камэнтары да тэракту ў Расеі.

Павал Сапелка, архіўнае фота
Павал Сапелка, архіўнае фота

«Гэтаксама мы бачым і будзем бачыць перасьлед за падтрымку Ўкраіны, за асуджэньне імпэрскай стратэгіі Расейскай Фэдэрацыі — за ўсё, што парушае манаполію ўлады на ўсталяваньне парадку», — зазначыў Павал Сапелка.

Праваабаронца параўнаў справы аб камэнтарах да тэракту ў «Крокус Сіці Холе» з справай Андрэя Зельцара, які загінуў пры штурме ягонай кватэры ў 2020 годзе (тады ж загінуў і супрацоўнік КДБ Беларусі, які ўдзельнічаў у штурме, а за камэнтары да той справы затрымалі і асудзілі дзясяткі людзей. — РС).

Як адзначыў Павал Сапелка, важныя падзеі ў інфармацыйным полі суседняй дзяржавы «абавязкова прыцягваюць увагу беларускіх спэцслужбаў, якія паводле той жа схемы, што і ў „справе Зельцара“, будуць шукаць і рэпрэсаваць усіх іншадумцаў». Чаму гэтак адбываецца? Павал Сапелка мяркуе, што мэта беларускіх сілавікоў застаецца той жа, што і ў 2020 годзе — праз рэпрэсіі запалохаць беларускае грамадзтва, зьнізіць пратэставую актыўнасьці і паквітацца з тымі, хто браў удзел у падзеях 2020 году.

«Кожны выпадак затрыманьня альбо вобшуку выкарыстоўваецца як падстава знайсьці максымальны памер зьвестак аб палітычных і грамадзкіх меркаваньнях, наведваньні рэсурсаў, удзеле ў пратэстах ды іншых „забароненых“ дзеяньнях. Ад таго, як шмат кампрамэтуючых зьвестак на пэўнага чалавека знойдуць, залежыць далейшы ягоны перасьлед. Гэта можа абмежавацца адміністрацыйнай адказнасьцю, а можа выліцца і ў крымінальную», — мяркуе Павал Сапелка.

Якіх правілаў прытрымлівацца

Беларусам, якія зьбіраюцца падзяліцца сваімі думкамі пра падзеі ў Расейскай Фэдэрацыі, Павал Сапелка рэкамэндуе быць асьцярожным у выбары словаў, кіравацца тымі ж правіламі, што і пры камэнтарах беларускіх падзей.

«Трэба мець на ўвазе, што, насуперак свабодзе выказваньняў, у Беларусі могуць пакараць за любыя словы, а якія „чырвоныя лініі“ ўлада правядзе ў кожным пэўным выпадку, прадбачыць немагчыма. Бо ў краіне прававая сваволя, яна не падпарадкуецца ніякім агульным стандартам», — мяркуе праваабаронца.

Пры затрыманьні сілавікамі праваабаронца раіць таксама зыходзіць з аб’ектыўнай сытуацыі ў Беларусі, выбіраць тую лінію паводзінаў, якая найлепш адпавядае магчымасьцям.

«Будзе залежаць ад таго, быў камэнтар напісаны пад уплывам эмоцый ці гэта было прадуманае выказваньне пазыцыі. А таксама ад таго, ці гатовы чалавек адстойваць свае словы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG