Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ведаем, хто такая Ліза, як ня ведаем тысячаў імёнаў ахвяраў». Гарбунова пра #хопіцьгвалціць і цану Прэміі за адвагу Дзярждэпартамэнту


Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту, былая палітзьняволеная
Вольга Гарбунова, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту, былая палітзьняволеная

Гібель беларускі Лізаветы праз згвалтаваньне ў Польшчы выклікала шырокі розгалас — у Польшчы пераглядаюць заканадаўства, у сацсетках беларускі і беларусы дзеляцца гісторыямі пра сэксуальны гвалт пад хэштэгам #хопіцьгвалціць. Суразмоўца Ганны Соўсь — Вольга Гарбунова, якая дакладна ведае, наколькі шырока распаўсюджаны гвалт у дачыненьні да жанчын. Былая кіраўніца шэлтару для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава», былая палітзьняволеная і прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльных пытаньнях стала ляўрэаткай Міжнароднай жаночай прэміі за адвагу Дзярждэпартамэнту ЗША. 4 сакавіка на ўрачыстай цырымоніі ў Белым доме ўзнагароду Вользе Гарбуновай уручылі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн.

Сьцісла

  • Лізу згвалціў і забіў не беларус. Гэта гаворыць пра тое, што лякальныя захады ня выратуюць жанчын. Гэтая праблема патрабуе глябальных рашэньняў. Ніводная жанчына ня будзе ў бясьпецы, калі ўсе жанчыны ня будуць у бясьпецы.
  • У Беларусі згвалтаваную жанчыну спачатку абсьмяюць у міліцыі, зададуць пытаньні такім чынам, што яна сама вінаватая, што яе згвалцілі. Тэма табуяваная, і жанчыны ня ведаюць, як сябе паводзіць. Вельмі шмат інфармацыі па сусьветнай статыстыцы згвалтаваньняў, і практычна няма ніякай інфармацыі па сытуацыі ў Беларусі.
  • Жаночая прэмія за адвагу зноў прыцягнула ўвагу да Беларусі. Я — трэцяя беларуска, якая атрымлівае гэтую ўзнагароду, усе тры сутыкнуліся з палітычным перасьледам і зьняволеньнем. Я мару, каб у будучым гэтую прэмію беларускі атрымлівалі не за тое, што зазналі рэпрэсіі ў Беларусі, а за тое, што нам удалося вырашыць пэўныя праблемы.
  • Мы практычна ня чуем галасоў, зьвернутых да мужчын. За гендэрна абумоўлены гвалт у дачыненьні да жанчын адказныя мужчыны. І толькі яны могуць яго спыніць.

«Гісторыі, як зь Лізай, адбываліся ў Беларусі ўсе гэтыя гады»

— Вольга, у той дзень, калі стала вядома пра сьмерць ад згвалтаваньня беларускі Лізы ў Варшаве, прыйшла вестка, што вас узнагародзілі Міжнароднай жаночай прэміяй. Як адзначылі ў Дзярждэпартамэнце ЗША — за тое, што вы «прысьвяцілі сваё жыцьцё абароне правоў жанчын, дзяцей, ЛГБТКІ+ і іншых маргіналізаваных груп у Беларусі». Якая была ваша рэакцыя на прэмію і на тое, што яна супала з трагічнай падзеяй?

— Я даведалася пра прэмію крыху раней, ня ў той дзень. Я зьдзівілася, усхвалявалася. Многім з нас знаёмы сындром самазванкі. Мы расьлі ў патрыярхальным сьвеце, у аўтарытарнай дзяржаве Беларусі, дзе часта чулі пра тое, што ты ніхто, ты ня вартая, што ёсьць больш вартыя людзі. І ўнутры нашага руху я ня так часта чую радасьць адзін за аднаго. Такая ўзнагарода — хутчэй складанасьць, выклік. Я ведаю, што буду выкарыстоўваць усе магчымасьці для таго, каб расказваць пра сытуацыю з рэпрэсіямі ў Беларусі, пра палітзьняволеных, пра сотні адважных жанчын, якія змагаліся ўсе гэтыя гады за сацыяльную справядлівасьць і гендэрную роўнасьць у нашай краіне.

Сытуацыя Лізы ўсіх узрушыла, і мяне ў тым ліку. Нягледзячы на тое, што я больш за 20 гадоў працавала з тэмай прадухіленьня хатняга гвалту, ніколі не прывыкнеш да такіх гісторый. Такія гісторыі адбываліся ў Беларусі ўсе гэтыя гады, такія гісторыі адбываюцца па ўсёй плянэце. Цяпер у рэжыме рэальнага часу адбываюцца, дзякуючы сацсеткам і працы СМІ. Я вельмі перажывала і спадзявалася, як і ўсе, што яна выжыве.

Гэтая сытуацыя паказвае, што гэта глябальная праблема. Лізу згвалціў і забіў не беларус. Гэта гаворыць пра тое, што лякальныя захады ня выратуюць жанчын. Гэтая праблема патрабуе глябальных рашэньняў. Ніводная жанчына ня будзе ў бясьпецы, калі ўсе жанчыны ня будуць у бясьпецы.

— Наколькі шырока распаўсюджаныя ў сьвеце і ў Беларусі згвалтаваньні? Ёсьць статыстыка і ёсьць асабісты досьвед, якім часта ня дзеляцца. Што кажуць статыстыка і дасьледаваньні?

— Вельмі шмат інфармацыі па сусьветнай статыстыцы, і практычна няма ніякай інфармацыі па сытуацыі ў Беларусі. І гэта не гісторыя 2024 году, гэта гісторыя ўсіх папярэдніх гадоў, калі дзяржаўная сыстэма аказаньня дапамогі была пабудаваная такім чынам, што прасьцей было не расказваць, з чым ты сутыкнулася і што ты перажыла. Асуджэньне з боку грамадзтва, абвінавачаньне ахвяры (не туды хадзіла, ня з тымі гуляла, ня так адзетая была, у позьні час нельга выходзіць з дому). Усе гэтыя стэрэатыпы, безумоўна, уплываюць на сытуацыю. Жанчыны, якія сутыкнуліся са згвалтаваньнем, баяцца расказваць пра гэта, акрамя ўсіх псыхалягічных праблемаў, зьвязаных зь віной, з пачуцьцём сораму, страху і гэтак далей.

Ёсьць шэраг краінаў, якія лідзіруюць у гэтай жахлівай праблеме. Гэта Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, ЗША, Індыя. Дэлі лічыцца сталіцай згвалтаваньняў, дастаткова небясьпечным рэгіёнам для жанчын. Памятаю, як раней мы расказвалі, што ў ЗША кожныя 15 сэкундаў адбываецца згвалтаваньне. Вялізарная праблема, шмат людзей, праблема з доступам да зброі. Пры гэтым гэта якраз тыя краіны, якія не ігнаруюць праблему згвалтаваньняў. Яны зьбіраюць статыстыку, фіксуюць пацярпелых, аказваюць ім дапамогу. У іх ёсьць гэтыя дадзеныя, а ў нас нічога гэтага няма.

У нас спачатку згвалтаваную жанчыну абсьмяюць у міліцыі, зададуць пытаньні такім чынам, што яна сама вінаватая, што яе згвалцілі. Часта жанчыны ня ведаюць, як сябе паводзіць, калі такая бяда здарылася ў тваім жыцьці, і зьвяртаюцца па дапамогу позна. Вельмі складана сабраць улікі, доказы, і нават калі ёсьць нейкі чалавечы фактар і беларускі міліцыянэр хацеў бы ўзбудзіць такую крымінальную справу і пакараць гвалтаўніка, часта праз тое, што тэма табуяваная і жанчыны ня ведаюць, як сябе паводзіць, гэта становіцца проста немагчымым з прававога пункту гледжаньня.

Чаму невядомае прозьвішча загінулай Лізы

— Быў выпадак вялікай салідарнасьці беларусаў, калі сабралі вялікую суму грошай Віталю Тысеву, якога зьбілі сілавікі і яму былі патрэбныя грошы на апэрацыю ў Нямеччыне. Яго прозьвішча, ягоная гісторыя былі шырока вядомыя. Мы ня ведаем прозьвішча Лізы, ёй таксама сабралі шмат грошай на лячэньне. І адна з магчымых прычынаў — сорамна быць ахвярай згвалтаваньня, у тым ліку і сям’і гэта можа быць няёмка.

— Згвалтаваньне — катастрофа для жыцьця ахвяры. Праз тое, што гэтая тэма асуджаецца, што яна ганебная, родныя і блізкія ахвяраў губляюцца і ня ведаюць, як паступіць. Я таксама шукала прозьвішча Лізы, хацелася даведацца пра яе жыцьцё. Ніхто нічога ня ведае, толькі яе малады чалавек апублікаваў фатаграфію ў Інстаграме. Я глядзела на іх і думала, што мы сапраўды нічога ня ведаем. Тут сапраўды моцна ўплывае грамадзкае асуджэньне, стаўленьне грамадзтва да пацярпелых, калі на іх перакладаецца адказнасьць. Той самы віктымблэймінг, які мы бачылі ў камэнтарах.

Так, большасьць людзей усё ж не падтрымлівалі такое абвінавачаньне, але чытаць некаторыя камэнтары было страшна. Страшна, што ў трэцім тысячагодзьдзі людзі дагэтуль дазваляюць сабе такую інтэрпрэтацыю такіх трагічных крымінальных падзей. Мы ня ведаем, хто такая Ліза, як мы ня ведаем тысяч іншых імёнаў пацярпелых ад згвалтаваньня.

Ці прыйшло пасьля 2020 году ўсьведамленьне гендэрнага гвалту

— У сацсетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць, якую ініцыявала фэміністка Наста Базар. Беларускі і беларусы расказваюць свае гісторыі, калі яны сутыкаліся з гвалтам, са спробамі згвалтаваньня. Як вынікае, практычна кожная жанчына на працягу жыцьця гэтую пагрозу адчувала, і для многіх гэта застаецца траўмай. Многія ўздымаюць пытаньне, чаму мала мужчын удзельнічае ў гэтай акцыі. У гэтым кантэксьце я хацела б працытаваць фрагмэнт допісу юрысткі Кацярыны Дзяйкалы:

«Важна разумець, што ад мужчын мала рэакцый, бо многія мужчыны, якія лічаць гэта ўсё недапушчальным, проста ня ведаюць, што і як сказаць. Баяцца сказаць нешта, за што потым прыляціць як за „ня тое“. Таму вельмі каштоўна, калі яны пачынаюць увогуле пра гэта гаварыць і на гэта рэагаваць. Ім няма адкуль узяцца такімі, якія раптам супэр усё разумеюць — мы ўсе прадукт нашага патрыярхальнага грамадзтва. І ад таго, што ўсе выйшлі ў 2020-м супраць Лукашэнкі — у гэтым пляне не зьмянілася практычна нічога».

— Пасьля 2020 году людзі адчулі, што такое гвалт з боку дзяржавы. Ці сапраўды не прыйшло ўсьведамленьне гендэрнага гвалту?

— Хацелася б быць аптымісткай і сказаць, што беларускае грамадзтва прайшло такі шлях з 2020 году. Тысячы, дзясяткі тысяч адчулі гвалт на сабе — фізычны, сэксуалізаваны, псыхалягічны, эмацыйны. І вось-вось павінна была б узьнікнуць эмпатыя і суперажываньне ў тэме хатняга гвалту і ўвогуле гендэрнага гвалту ў дачыненьні да жанчын. Але мы бачым, што гэта ня так, што ўсё ж гэтыя два фэномэны працуюць інакш. Палітычны гвалт, гвалт з боку дзяржавы мы як грамадзтва былі гатовыя яшчэ ў 2020 годзе асудзіць, і многія выйшлі на вуліцы нашых гарадоў. Але гэта не спрацоўвае гэтак жа, калі мы гаворым пра гвалт у дачыненьні да жанчын.

Усё ж гістарычна склалася няроўнае разьмеркаваньне сілаў паміж мужчынамі і жанчынамі. Усё ж жанчыны сутыкаюцца з рэгулярным і сталым гвалтам, і падзеі 2020 году на гэта ніяк не паўплывалі. Гвалту менш ня стала. Сытуацыя, найхутчэй, пагоршылася. Гэта ніяк не паўплывала на грамадзкую думку. Нават на прыкладзе Лізы мы бачым, што нават калі гэта ня віктымблэймінг, то гэта такое павучэньне, як трэба сябе паводзіць жанчынам, што ім трэба ўмець сябе абараняць, як выхоўваць дачок. Мы ўсё роўна бачым патрабаваньні да жанчын, якія павінны не дапусьціць свайго згвалтаваньня.

Мы практычна ня чуем галасоў, зьвернутых да мужчын. За гендэрна абумоўлены гвалт у дачыненьні да жанчын адказныя мужчыны. І толькі яны могуць яго спыніць. Перакладаньне адказнасьці гаворыць пра тое, што беларускае грамадзтва яшчэ не гатовае прыраўняць гэтыя тэмы і не гатовае зрабіць грамадзянскі адказ на тое, што адбылося.

Што адбылося пасьля 2020 году? Сфармавалася вельмі многа ініцыятываў, грамадзкіх нізавых ініцыятываў, шмат людзей уцягнуліся ў актывізм, узаемападтрымку. Людзі зьбіралі данаты, арганізаваліся фонды салідарнасьці, гэта ўсё было ў адказ на палітычныя рэпрэсіі. У маім сьпісе цяпер каля 26–27 праваабарончых ініцыятываў і арганізацый. Ці ўзьнікла столькі арганізацый у адказ на гендэрна абумоўлены гвалт у адносінах да жанчын Беларусі? Не. Нас усіх ліквідавалі. Частка з нас засталіся ў тэме, далучыліся да іншых праектаў і працуюць дзеля прадухіленьня гендэрнага гвалту ў Беларусі, ва Ўкраіне, у Польшчы... Але няма гучнага голасу грамадзтва, што мы асуджаем, гатовыя нешта прапанаваць пацярпелым, гатовыя зьбіраць доказы і абараніць вашы правы.

— Ці ёсьць у ініцыятывы #хопіцьгвалціць патэнцыял, пэрспэктыва перарасьці якраз у шырэйшы грамадзкі рух?

— Я думаю, што гэта вельмі важная ініцыятыва. Раней, калі такое адбывалася, усе маўчалі. Недзе кулюарна абмяркоўвалі, падтрымлівалі адзін аднаго на кухні, але людзям, якія перажылі гвалт, асабліва сэксуалізаваны гвалт, было страшна гаварыць пра гэта адкрыта. Калі я пад гэтым хэштэгам сама напісала пост і чытала пасты іншых жанчын, мне стала крыху лягчэй, што наступіў той момант у жыцьці, калі мы ўжо не баімся гаварыць пра гэта адкрыта са сваіх пэрсанальных акаўнтаў, пад сваім імем, са сваёй фатаграфіяй. Я вельмі ўдзячная, што такая магчымасьць ёсьць, і веру, што людзі, якіх сапраўды кранула тое, што адбылося, якія хочуць зрэалізаваць свой рэсурс, створаць такую пляцоўку, дзе мы зноў будзем гаварыць пра недапушчальнасьць гендэрнага гвалту і рабіць рэальныя крокі дзеля зьмены сытуацыі.

Ці дапамогуць курсы па самаабароне і пры чым тут мужчыны

— Цяпер зьяўляецца шмат прапановаў да жанчын прайсьці розныя курсы самаабароны, каб быць нейкім чынам падрыхтаванымі да таго, што можа здарыцца, і адказаць гвалтаўніку. Наколькі гэта той захад, які сапраўды дапаможа?

— Тэма жаночай самаабароны ня новая для нас. Яшчэ працуючы ў шэлтары «Радзіслава», мы запускалі такія праекты ў Беларусі... На той момант мы зьбіралі шмат статыстыкі і інфармацыі пра тое, як працуюць курсы па жаночай самаабароне дзеля зьніжэньня магчымасьці стаць ахвярай сэксуалізаванага гвалту. Важна мець магчымасьці пайсьці на курсы, дзе зразумелай, даступнай мовай табе раскажуць пра твае правы і магчымасьці, пра рызыку, якая існуе ня толькі на вуліцы, у цёмным парку ці падʼезьдзе, але і дома. Мы ведаем, што 80% згвалтаваньняў адбываецца з боку людзей, якіх ахвяра ведала, зь якімі была ў адносінах. Але гэта не панацэя. У выпадку зь Лізай мы бачым, што злачынца быў вельмі небясьпечны, ён выкарыстоўваў зброю. Мы ведаем, што злачынцаў часта бывае некалькі і нават вельмі шмат. І тады ніякая твая фізычная падрыхтоўка і маральна-псыхалягічны стан цябе не ўратуе. Гэта проста фізычна будзе немагчыма.

Гэта тычыцца ня толькі жанчын, але і мужчын, на якіх могуць напасьці таксама. Усе ініцыятывы карысныя, але аднымі курсамі самаабароны мы ня вырашым сытуацыю. Мы яе вырашым толькі тады, калі ў тым ліку мужчыны аб’яднаюцца ў мужчынскія ініцыятывы і будуць гаварыць аб прадухіленьні гендэрнага гвалту ў адносінах да жанчын у мужчынскіх аўдыторыях. Гэта дасьць сапраўды штуршок для зьменаў. Гэта толькі пачатак шляху і для мужчын у тым ліку.

Наступіў пераломны час, калі старыя правілы патрыярхату, правілы дамастрою ўжо неактуальныя. Жанчыны не пагаджаюцца жыць па такіх правілах. А новыя яшчэ няясныя, ня вельмі ўцямныя, няясна, як рэагаваць. Некаторыя мужчыны называюць сабе прафэміністамі, але па сутнасьці гэта можа не мяняць іх рэальных, сапраўдных установак, перакананьняў, і яны ўсё роўна могуць быць дастаткова таксычнымі ў камунікацыі. Думаю, што мужчыны некаторы час будуць назіраць за гэтай сытуацыяй, таму вялікая падзяка тым, хто не спыняе спробы і дзеліцца сваім досьведам.

— Пра што сьведчыць тое, што ў Польшчы хочуць зьмяніць заканадаўства пасьля трагедыі беларускі? І калі параўноўваць гэта з сытуацыяй у Беларусі...

— Прыклад Польшчы вельмі добры. Краіна-суседка, якая выбрала іншы шлях. Мне горка ўсьведамляць, што ў Беларусі шмат страчанага часу і магчымасьцей. Хатні гвалт працягваецца. Уносяцца зьмены ў нейкія нарматыўна-прававыя акты. Дзяржава фармальна, дэкляратыўна робіць выгляд, што працуе над рашэньнем праблемы, але мы бачым, што гэта неэфэктыўныя і нядзейныя захады, і гэта ніяк не ўплывае на зьніжэньне колькасьці такіх злачынстваў. У Польшчы было вельмі апэратыўнае рэагаваньне, незамоўчваньне праблем, імкненьне зрабіць хуткія захады. Гэта тлумачыць, як працуе дэмакратыя. Мая мара, каб так было ў Беларусі. Мы можам колькі заўгодна несьці сьвечкі ў памяць загінулых жанчын да амбасадаў, на месцы злачынства, але мы павінны разумець, што зьмены сыстэмнай праблемы магчымыя толькі з сыстэмным вырашэньнем.

— За амаль 20-гадовую гісторыю Міжнароднай жаночай прэміі Дзярждэпартамэнту ЗША яе атрымалі больш за 190 жанчын з 90 краін. У мінулым ляўрэаткамі гэтай прэміі былі беларускі Наста Дашкевіч (у 2011 годзе) і Марыя Калесьнікава (у 2021 годзе). Ляўрэатак узнагароджваюць дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен і першая лэдзі Джыл Байдэн. Мы гутарым перад цырымоніяй. Што вы будзеце казаць?

— На жаль, я там ня буду прамаўляць. Фармат цырымоніі не прадугледжвае, што ўсе будуць там выступаць. Гэта ня значыць, што я ня буду там гаварыць. Я буду гаварыць пра палітзьняволеных, у тым ліку пра палітзьняволеных жанчын. Я буду расказваць пра сьмерці палітвязьняў, пра інкамунікада, пра зьніклых палітвязьняў, у тым ліку Марыю Калесьнікаву, пра ўсе жахі, гвалт і катаваньні. Буду гаварыць і пра праблемы жанчын у Беларусі...

Гэтая прэмія вельмі важная, яна зноў прыцягнула ўвагу да Беларусі. Я трэцяя беларуска, якая атрымлівае гэтую ўзнагароду, усе тры сутыкнуліся з палітычным перасьледам і зьняволеньнем. Я мару, каб у будучым гэтую прэмію беларускі атрымлівалі не за тое, што сядзелі, не за тое, што зазналі рэпрэсіі ў Беларусі, а за тое, што нам удалося вырашыць пэўныя праблемы, пралабіраваць заканадаўства, якое абараняе жанчын, за тое, што нам удалося стварыць і рэалізаваць супэр-праграмы для беларускіх жанчын. Я вельмі хачу, каб наша адвага і сьмеласьць перастала быць насуперак падзеям у Беларусі, а стала нашым рэсурсам і ўмацоўвала становішча жанчын у нашым грамадзтве. Гэта пакуль мара.

Цырымонія ўзнагароджаньня Міжнароднай жаночай прэміяй за адвагу Дзярждэпартамэнту ЗША:

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG