Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Душыў пакетам, двойчы зьбіў, пагражаў нажом: жыхара Бярозаўкі за хатні гвалт пакаралі 3 месяцамі арышту


Ілюстрацыйнае фота, @Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, @Shutterstock

У горадзе Бярозаўка Лідзкага раёну пэнсіянэр двойчы зьбіў былую жонку, пагражаў зарэзаць яе і ледзь не задушыў пакетам. Па выніках суду мужчыну прысудзілі тры месяцы арышту.

У стане алькагольнага ап’яненьня ў ходзе канфлікту «на глебе асабістых непрыязных адносінаў з былой жонкай» мужчына наўмысна нанёс ёй сама меней 21 удар кулакамі і нагамі па розных частках цела і галавы, гаворыцца ў прысудзе.

Паводле пацярпелай, былы муж, зь якім яна ў выніку з прычыны жыцьцёвых абставінаў працягвала жыць у адным доме, нярэдка канфліктаваў зь ёю, калі быў нападпітку. Аднойчы, калі яна ўначы прыйшла дахаты пасьля працы, ён у стане алькагольнага апʼяненьня ўчыніў чарговы канфлікт, стаў праяўляць агрэсію, абражаць яе, а потым схапіў палімэрны пакет, надзеў яго на галаву жанчыне і стаў душыць яе, выказваючы пагрозу забойствам.

Жанчына здолела перагрызьці пакет зубамі і зьняць яго. Мужчына схапіў другі пакет і спрабаваў надзець ёй на галаву, але жанчына змагла адштурхнуць яго. Тады ён схапіў яе за валасы, паваліў на падлогу, узяў кухонны нож і, накіраваўшы вастрыё ў яе бок, зноў пагражаў забойствам. Потым пачаў зьбіваць былую жонку рукамі і нагамі. Празь нейкі час ён сышоў у свой пакой. Раніцай ён зайшоў у пакой жанчыны і зноў зьбіў яе. Калі ён сышоў, жанчына пайшла да суседкі і адтуль пазваніла ў міліцыю.

Паводле заключэньня экспэрта, у жанчыны выявілі наступныя цялесныя пашкоджаньні:

  • закрыты пералом дзясятага рабра на левым баку з кровападцёкам;
  • сінякі на ілбе, каля левага вока, на левай скуле, правай шчацэ, каля рота справа, задзірыны на ілбе, на правай скуле і на носе;
  • кровазьліцьцё ў бялку левага вока;
  • пяць сінякоў на правым плячы і руцэ;
  • тры сінякі на левым плячы, перадплеччы і кісьці;
  • сінякі ў раёне лапаткі, грудной клеткі, паясьніцы, на правым баку таза, на левым сьцягне і інш.

Мужчына сваю віну прызнаў часткова, але ягоная віна цалкам «пацьвярджаецца доказамі ў справе», гаворыцца ў прысудзе.

Суд кваліфікаваў ягоныя дзеяньні паводле арт. 186 (пагроза забойствам) і арт. 153 КК (наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня) Крымінальнага кодэксу. Акалічнасьцю, якая абцяжвае адказнасьць абвінавачанага, суд прызнаў учыненьне злачынства ў стане алькагольнага апʼяненьня.

У выніку суд прысудзіў яму 2 месяцы арышту на падставе арт. 186 КК і яшчэ два месяцы — паводле арт. 153 КК. Па сукупнасьці злачынстваў, шляхам частковага складаньня пакараньняў, яму прысудзілі 3 месяцы арышту, а таксама прызначылі прымусовае лячэньне ад алькагалізму.

  • У Беларусі ўсё яшчэ няма закону аб хатнім гвалце. МУС рэгулярна не публікуе статыстыку па такіх выпадках, але, паводле афіцыйных зьвестак, беларуская міліцыя штогод атрымлівае каля 80 тысяч паведамленьняў пра хатні гвалт, а больш за 49 тысяч чалавек прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Кожнае трэцяе забойства ў краіне зьдзяйсьняецца рукамі блізкіх.
  • Да 2023 году беларускія ўлады ліквідавалі недзяржаўныя арганізацыі, якія аказвалі дапамогу ахвярам хатняга гвалту.
  • Прысуды па справах, зьвязаных з хатнім гвалтам, у Беларусі нярэдка даволі мяккія. У той жа час асуджаных паводле «палітычных» спраў адпраўляюць за краты на вялікія тэрміны, ажно да 15–20 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG