Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці згвалтаванай беларускі ў Польшчы вырашылі перагледзець заканадаўства


Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ў згвалтаваньні 25-гадовай беларускі Лізаветы
Здымак паліцыі пасьля затрыманьня падазраванага ў згвалтаваньні 25-гадовай беларускі Лізаветы

Пасьля сьмерці 25-гадовай беларускі Лізаветы, жорстка зьбітай і згвалтаванай у цэнтры Варшавы, намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла ў эфіры TVN24, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе зьменяць, «каб гэта стала злачынствам, а не — як сёньня — правапарушэньнем», паведамляе выданьне Onet.

Паводле чыноўніцы, згодна са зьменамі, згвалтаваньнем будзе лічыцца палавы акт без папярэдняй сьвядомай і добраахвотнай згоды абодвух бакоў. Цяпер гаворкі пра згоду няма: згвалтаваньне вызначаецца як «давядзеньне да палавога акту з дапамогай сілы, незаконнай пагрозы або падману».

«Я за тое, каб згвалтаваньне было злачынствам і каб нарэшце да гэтых злачынстваў ставіліся сур’ёзна. Але гэта павінна суправаджацца сацыяльнай кампаніяй і зьменай мэнталітэту польскіх жанчын і польскіх мужчын. Каб не было зьдзіўленьня, што згвалтаваньне можа адбыцца і ў выпадку жонкі ці прастытуткі», — пракамэнтавала выданьню Onet судзьдзя Дарота Заблудоўская.

Паводле зьвестак паліцыі, штогод у Польшчы зьдзяйсьняецца каля 2,3 тысячы згвалтаваньняў. Аднак статыстыка «Блакітнай лініі», польскай нацыянальнай даведачнай службы для ахвяраў гвалту ў сямʼі, паказвае, што такіх згвалтаваньняў — каля 30 тысяч кожны год. Магчыма, гэты лік можа быць нават удвая большы, паколькі пра большасьць згвалтаваньняў ніколі не паведамляюць.

  • 1 сакавіка ў Варшаве памерла 25-гадовая беларуска Лізавета, на якую жорстка напалі ў цэнтры гораду. Непасрэднай прычынай сьмерці стала гібель мозгу.
  • Напад адбыўся 25 лютага. Мужчына ў масцы напаў на беларуску, калі яна вярталася раніцай дадому, прыставіў да яе шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў пра ўсё ў паліцыю.
  • Падазраванага арыштавалі. 23-гадоваму мужчыне прызначылі арышт на тры месяцы. Паводле суду, сабраныя на цяперашнім этапе разгляду доказы сьведчаць аб высокай верагоднасьці зьдзяйсьненьня інкрымінаванага яму дзеяньня. Мужчыне выставілі абвінавачаньне ў разбоі, сэксуальных злачынствах і замаху на забойства з ужываньнем небясьпечнай зброі. За гэтыя дзеяньні яму пагражае ад 15 гадоў турмы да пажыцьцёвага зьняволеньня. У яго дома паліцыянты, сярод іншага, знайшлі літаратуру на тэму забойстваў і згвалтаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG