Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым бліжэй да выбараў, тым большы страх. Што ня так з вэрсіяй пра ўкраінскіх дывэрсантаў?


Грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павел Кабарчукі, якіх затрымалі разам зь беларусам Віталем Уласюком у Лельчыцкім раёне
Грамадзяне Ўкраіны Сяргей і Павел Кабарчукі, якіх затрымалі разам зь беларусам Віталем Уласюком у Лельчыцкім раёне

У мінулым ужо шмат разоў падчас розных палітычных абвастрэньняў беларускія ўлады ўкідвалі ў інфармацыйную прастору скандальныя гісторыі пра страшных тэрарыстаў, дывэрсантаў, баевікоў, якія зьбіраліся парушыць беларускую стабільнасьць. Чым тое канчалася раней? І што маем цяпер?

Сьцісла:

  • Афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыя шмат апавядалі, як ворагі рыхтуюць замах на беларускія выбары.
  • У вэрсіі ўладаў пра злоўленых украінскіх дывэрсантаў шмат блытаніны і нестыковак.
  • Затрыманы беларускі грамадзянін Віталь Уласюк зьяўляецца прыхільнікам «русского мира», Лукашэнкі і Расеі ў вайне з Украінай. Якім чынам чалавек з такімі поглядамі мог стаць памагатым украінскіх дывэрсантаў?
  • Сумневу таксама дадае фраза Лукашэнкі, што падобныя надзвычайныя выпадкі на мяжы здараюцца «практычна два-тры разы на тыдзень».

Аляксандар Лукашэнка, а таксама іншыя афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыя, шмат апавядалі, як ворагі рыхтуюць замах на беларускія выбары. Найбольш экзатычную пагрозу анансаваў начальнік вайсковай авіяцыі Леанід Давідовіч, які заявіў, што магчымыя правакацыі ў паветранай прасторы, і пагражаў у выпадку небясьпекі зьбіваць цывільныя самалёты.

Калі правакацыю ворагаў абвясьцілі, то яна і павінна адбыцца. Яна і здарылася. У Лельчыцкім раёне.

Аднак пры гэтым у афіцыйнай вэрсіі здарэньня чамусьці назіраецца шэраг супярэчнасьцяў. Найперш, блытаніна з датамі. Паводле КДБ, парушэньне беларуска-ўкраінскай мяжы адбылося ў ноч з 14 на 15 лютага. А Лукашэнка, выступаючы на сходзе Белкаапсаюзу 16 лютага, заявіў: «Мне даклалі раніцай. Толькі сёньня затрымалі некалькі дывэрсантаў на ўкраінскай мяжы».

Другая блытаніна ўзьнікла з нагоды самога факту. У лельчыцкай раённай газэце было апублікавана паведамленьне ад Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці, што ў раёне ўводзіцца рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі». Пры гэтым чыноўнікі Лельчыцкага райвыканкама заяўлялі, што ў іх «праходзяць вучэньні і ўсё спакойна». Цэнтральныя дзяржаўныя мэдыя пачалі пісаць пра гэта толькі пасьля інфармацыі незалежных СМІ. Прычым проста паўтаралі паведамленьне пра сам факт «контратэрарыстычнай апэрацыі», без усялякіх падрабязнасьцяў. Падобна, ці то розныя структуры не дамовіліся пра адзіную вэрсію, ці то КДБ не давёў да мясцовай улады, што трэба казаць.

Што ж там адбылося? Усьлед за Лукашэнкам дзяржаўныя СМІ гавораць пра «чэкісцкую вайсковую апэрацыю». Выглядала яна даволі маштабна. Было задзейнічана тры ведамствы: сам КДБ, які і стаў галоўным сьпікерам падзей, Сілы спэцыяльных апэрацый Міністэрства абароны, унутраныя войскі МУС. У раён яны прыляцелі на пяці верталётах. Можа, палічылі, што полк Каліноўскага пачаў наступ?

Лукашэнка, магчыма, для падвышэньня драматызму, апавядае з пагрозьлівымі падрабязнасьцямі:

«З дапамогай дронаў, па балотах некаторыя з украінскіх грамадзян перапаўзалі на нашу мяжу, перакідвалі выбухоўку для ажыцьцяўленьня дывэрсій перш за ўсё на тэрыторыі Расеі і Беларусі».

Уяўляеце карціну: паўзуць па балоце дывэрсанты, а над імі дроны. Нейкі сюррэалізм. Дарэчы, у паведамленьні КДБ пра дроны нічога не гаворыцца. Магчыма, гэта проста мастацкая прыкраса?

Паводле інфармацыі КДБ, затрымалі «ўдзельнікаў дывэрсійна-выведвальнай групы, якая складаецца з грамадзян Украіны, Беларусі і іх памагатых». Слова «група» дае падставу меркаваць, што дывэрсантаў «і іх памагатых» было шмат. Не выпадкова ж праведзена маштабная апэрацыя адразу трох ведамстваў! Аднак высьвятляецца, што затрымалі толькі двух (!) украінскіх дывэрсантаў. Навошта ж столькі войскаў дзеля затрыманьня двух дывэрсантаў?

КДБ паведамляе, што «асобныя з гэтых грамадзян былі затрыманыя». Чаму асобныя, а ня ўсе? А вось жа Лукашэнка кажа, што «затрыманы былі ўсе дывэрсанты». Каму верыць?

Яшчэ адзін момант. Лукашэнка кажа: «А сярод іх беларусы». У множным ліку. А КДБ кажа толькі пра аднаго затрыманага беларуса. Дзе ж праўда?..

Дарэчы, пра гэтага затрыманага беларуса. КДБ называе яго імя: Віталь Уласюк. Пра ягоную ролю ў гэтай гісторыі з дывэрсантамі гаворыцца неяк цьмяна. Высьвятляецца, што ён зь Берасьця, а Лельчыцкі раён — у Гомельскай вобласьці. Але самае галоўнае, у сацыяльных сетках гэты чалавек паказвае сябе як актыўны прыхільнік Лукашэнкі, Расеі ў вайне і «русского мира». Якім чынам чалавек з такімі поглядамі стаў памагатым украінскіх дывэрсантаў? Загадка.

На думку вайсковых адмыслоўцаў ByPol, тое, што на відэа, якія паказваюць дзяржаўныя мэдыя, выдаюць за выбухоўку — толькі муляжы.

Гэта толькі частка супярэчнасьцяў. Што дае падставу для сумневаў у афіцыйнай вэрсіі.

Незалежныя мэдыя нагадваюць, што ў мінулым ужо шмат разоў падчас розных палітычных абвастрэньняў беларускія ўлады ўкідвалі ў інфармацыйную прастору нейкія дзіўныя гісторыі пра страшных тэрарыстаў, дывэрсантаў, баевікоў, якія зьбіраліся парушыць беларускую стабільнасьць. Можна прыгадаць, як у 2017 годзе падчас акцый пратэстаў «недармаедаў» улады прыдумалі гісторыю пра джып са зброяй, які нібыта прарваўся праз мяжу з тэрыторыі Украіны. Ці сумна вядомая «справа «Белага легіёну», якая была сфабрыкаваная. Што адметна, празь нейкі час, калі палітычная напружанасьць спадала, пра гэтых тэрарыстаў забывалі, гісторыі не даходзілі да судоў.

Сумневу таксама дадае фраза Лукашэнкі, што падобныя надзвычайныя выпадкі на мяжы здараюцца «практычна два-тры разы на тыдзень». Чаму ж тады 2-3 разы на тыдзень не абвяшчаецца рэжым контратэрарыстычнай апэрацыі? Неяк абыходзяцца безь вялікага шуму? Тады чаму цяпер так гучна лавілі дывэрсантаў? Няўжо акурат пад выбары?..

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня — 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG