Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўны мэсыдж кандыдатаў на выбарах: калі не Лукашэнка, то вайна», — Тацяна Ашуркевіч


Выбарчы ўчастак. Ілюстрацыйны здымак
Выбарчы ўчастак. Ілюстрацыйны здымак

Якія асноўныя наратывы перадвыбарчай агітацыі ў сёлетняй кампаніі? Наколькі актыўна гучаць тэмы вайны, інтэграцыі з Расеяй, сацыяльнай справядлівасьці? Як ідзе падрыхтоўка да фармаваньня Ўсебеларускага народнага сходу?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае журналістка, дасьледчыца Тацяна Ашуркевіч.

— Да адзінага дня галасаваньня засталося 10 дзён. Вы ўважліва вывучаеце хаду кампаніі, агітацыю, якую вядуць праўладныя кандыдаты (іншых сёлета на выбарах і няма). Якія асноўныя наратывы перадвыбарчай агітацыі?

Тацяна Ашуркевіч
Тацяна Ашуркевіч

— Я камунікавала зь некалькімі студэнтамі, якія вучацца ў Беларусі ў розных ВНУ. Яны кажуць, што ўсе кандыдаты, агітатары, якія прыходзяць да іх, гавораць пра вайну — пра тое, што ў нас усё добра, усё спакойна, і калі мы ня будзем абіраць людзей, якія падтрымліваюць Аляксандра Рыгоравіча, то вайна прыйдзе і да нас.

Гэта новы наратыў. На папярэдніх выбарах — і парлямэнцкіх у 2019 годзе, і прэзыдэнцкіх у 2020 годзе — вайны не было. Цяпер яна ёсьць. Кандыдаты просяць студэнтаў, каб перадавалі менавіта гэты мэсыдж далей — сваім сваякам і знаёмым.

Гаворыцца, што калі б абралі Ціханоўскую, то вы ўжо былі б на вайне. Лягічнай сувязі тут няма. І студэнт, зь якім я размаўляла, запытаў агітатара, як адно зьвязана з другім. Яму адказалі, што ня трэба задаваць лішніх пытаньняў.

Мы ўсе бачылі сьмешную відэанарэзку, якую зрабіў «Моладзевы блёк» з выступаў кандыдатаў ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Мы разумеем, што выступы, па сутнасьці, робяцца пад капірку, але па ідэі яны павінны хоць неяк адрозьнівацца. Але ў гэтым роліку кандыдаты паўтаралі мэтадычку слова ў слова.

У мяне ёсьць знаёмыя ў дзяржаўным апараце, і я ведаю ад іх, што падчас ранейшых выбараў тэксты ўсё ж мяняліся для розных кандыдатаў, усё ж нечым адрозьніваліся, хай і неістотна. А ад гэтага відэа робіцца і страшна, і сьмешна. Кандыдаты агучваюць проста ідэнтычныя тэксты. Зараз улада нават не спрабуе імітаваць дэмакратычнасьць выбараў.

— Гэтая нарэзка зробленая з выступаў кандыдатаў ЛДП. ЛДП — вельмі своеасаблівая партыя. Але я ня бачыў, каб гэтак жа бяздумна паўтаралі адну і тую ж мэтадычку кандыдаты не ад гэтай партыі, асабліва кандыдаты ад намэнклятуры — супрацоўнікі дзяржапарату, сілавікі, дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

— Мне нядаўна мае крыніцы даслалі мэтадычкі, якія рассылаліся на месцы — як павінны выступаць кандыдаты, пра што і як гаварыць. Там сапраўды прапаноўваюцца варыянты, дзе зьменены парадак літаральна некалькіх словаў.

— Да пачатку нашай гутаркі — пра «антываенны» наратыў перадвыбарчай прапаганды. Паводле апошняга апытаньня Chatham House, амаль палова апытаных беларускіх гараджанаў (47%) выказалі згоду з выказваньнем «Беларусь захоўвае нэўтральны статус у расейска-ўкраінскай вайне дзякуючы цьвёрдасьці Лукашэнкі». Выбарчая агітацыя так свой мэсыдж і фармулюе?

— Так, менавіта ў гэтым і палягае пасланьне. Наколькі людзі ў гэта вераць — гэта пытаньне. Насамрэч Лукашэнка не ўратаваў краіну ад вайны, ён зрабіў яе суагрэсарам. Але гэта — тое, што Лукашэнка можа акцэнтаваць, на што ціснуць. Было б дзіўна, калі б ён гэта не выкарыстоўваў.

— Ці фігуруе ў наратывах выбарчай агітацыі Расея, і калі так, то ў якой форме? Бо, з аднаго боку, прапаганда і да выбараў, і падчас іх рэтрансьлюе шмат наратываў расейскіх калегаў. Але зь іншага боку — з пэўнай карэкцыяй, з дадаткам, што беларусам ня трэба ўдзельнічаць у гэтай вайне і Лукашэнка іх ад яе ратуе. Як гэтую дваістасьць адлюстроўвае выбарчая агітацыя?

— Сфакусаванага пасланьня наконт гэтага няма. Я нават бачыла выступы, дзе адзін кандыдат казаў, што мы павінны ўсяляк падтрымліваць Расею, а іншыя — што гэта ня наша вайна і нам у ёй удзельнічаць ня варта. Яны спрабуюць знайсьці балянс, паказаць, што мы з Расеяй, але ня цалкам, не настолькі, як яно было ў лютым 2022 году.

Я нядаўна размаўляла з трыма беларускімі вайскоўцамі, якія займаюць розныя пасады. Яны казалі мне, што іх настроі мяняліся зь лютага 2022 году. Напачатку ў іх быў проста страх. А потым сфармавалася меркаваньне, што мы падтрымліваем Пуціна і яго дзеяньні, але нам у іх удзельнічаць ня варта. І Лукашэнка ўтрымлівае краіну ад гэтага. І страху цяпер няма, бо Лукашэнка да гэтага не давядзе. Мне гэта сказалі тры беларускія афіцэры.

— Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што сярод кандыдатаў няшмат заўзятых «рускамірцаў». Прарасейскія практычна ўсе, і сам Лукашэнка такі. Але такіх, для якіх «Белоруссия — это Россия» — няшмат, а сярод кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў дык і наагул, здаецца, няма. Чаму?

— Насамрэч дзіўна было б, калі б яны былі. Для Лукашэнкі падобныя наратывы ня вельмі прымальныя, ён не ўва ўсім падпарадкоўваецца Пуціну. Лукашэнку важна дэманстраваць, што ён мае ўладу ў Беларусі. Да таго ж удзел у выбарах шматлікіх зацятых «рускамірцаў» разбураў бы асноўны наратыў выбарчай агітацыі — «абы вайны не было».

— Раней характэрнай асаблівасьцю выбарчых кампаніяў праўладных кандыдатаў — і на мясцовых выбарах, і нават на парлямэнцкіх — была «лякалізацыя», «мясцавізацыя» выбарчай агітацыі. Кандыдаты гаварылі пра праблемы акругі, у якой абіраліся, абяцалі вырашыць нейкія мясцовыя праблемы — дарогу пракласьці ці дзіцячы садок адкрыць. Цяпер гэта таксама назіраецца, у тым ліку і на выбарах у Палату?

— Сапраўды, я памятаю, што так яно і было раней — у маім дзяцінстве і юнацтве, калі я жыла ў Беларусі. Не магу сказаць, што цяпер гэтага няма наагул. Але больш моцны націск робіцца цяпер на агульнанацыянальныя праблемы бясьпекі. І акцэнт на «моцную руку». Гэта ўпісваецца ў шырэйшую кампанію мілітарызацыі ўсяго грамадзкага жыцьця, якую мы назіраем як мінімум зь лютага 2022 году. І мясцовыя праблемы адышлі на другі плян у выбарчай агітацыі — маўляў, не да іх, калі трэба перадухіліць уцягваньне краіны ў вайну.

— Наколькі моцна, выразна ў сёлетняй кампаніі прасоўваецца наратыў, які ў Лукашэнкі быў прынамсі з 1994 году, а то і раней — наратыў сацыяльнай справядлівасьці? Маўляў, мы мо і беднавата жывем, але ў нас усё па справядлівасьці, пароўну, як мае быць. Вось саджае ў турму Лукашэнка ўвесь час розных карупцыянэраў. І няма ў нас алігархаў. Ці і гэта другасна на фоне «антываеннага» наратыву?

— Так, і гэта другасна. Гэты сацыяльны наратыў прысутнічае, але праз параўнаньне беларускага жыцьця з заходнім. Маўляў, беларусы сытыя-абутыя, а на Захадзе людзі галадаюць і мерзнуць без расейскага газу. За апошні год такіх страшылак стала прыкметна больш. Бачыла прапагандысцкі матэрыял, у якім параўноўвалася жыцьцё ў Дрэздэне і Магілёве. І даводзілася, наколькі жыцьцё ў Магілёве лепшае. На Захадзе, паводле прапаганды, можна выклікаць хуткую, толькі калі ў цябе тэмпэратура 39 градусаў, а ў нас — калі нават толькі крыху прыхварэў.

Але і гэта ўпісана ў асноўны, базавы наратыў: калі не Лукашэнка і тыя, хто яго падтрымлівае, дык ня толькі вайна будзе, а будзеце тэлефанаваць у хуткую, а вам там параяць паміраць.

— А ці робяцца такія параўнаньні з Расеяй? Абʼектыўна сацыяльная няроўнасьць у Расеі вышэйшая, чым і ў Беларусі, і ў краінах ЭЗ. І да выбараў час ад часу прадстаўнікі ўлады, праўда, вельмі асьцярожна, параўноўвалі беларускі «парадак» і расейскае «бязладзьдзе». Маўляў, вось як бязладна ў Расеі правялі мабілізацыю на вайну. А ў нас усё падрыхтавана, прадумана. Калі давядзецца ўсё ж ваяваць, дык ня будзе такога бардаку, як у Расеі. У выбарчай агітацыі гэтая тэма гучыць? Што ў Беларусі лепш ня толькі, чым на Захадзе, але і лепш, чым у Расеі?

— Здаецца, чула літаральна адзін выступ, дзе кандыдат казаў, што калі беларусам давядзецца ваяваць, то ў нас пры гэтым ня будзе такога беспарадку, як у Расеі. Але гэта літаральна адзін выступ, і сказана гэта было вельмі акуратна і асьцярожна. Параўноўваць з Расеяй наўпрост — гэта вельмі небясьпечна.

— На пачатку лютага прадстаўнік Горадзенскага аблвыканкаму заявіў з гонарам у інтэрвію БелТА , што на выбарах у Палату прадстаўнікоў па вобласьці ў сярэднім 2,9 кандыдата, больш, чым па ўсёй краіне (2,4). «Выбары будуць канкурэнтнымі» — заявіў чыноўнік.

Наколькі гэтая тэза прысутнічае ў выбарчай агітацыі?

— Калі і прысутнічае, то няшмат. Раней сапраўды рабіўся акцэнт на тое, што ў нас дэмакратыя. Цяпер выбары — гэта хутчэй шоў, забава для людзей. Прыйшлі, узялі бюлетэнь, прагаласавалі, пайшлі ў буфэт на ўчастку, паслухалі канцэрт.

— Наступнае пытаньне — пра самыя выбары. Паводле вашага досьведу, інсайдаў — на выбарах у Беларусі што-небудзь рэальна падлічваецца? Яўка ці вынікі галасаваньня. Хаця б для сябе. Ці не падлічваецца наагул нічога, а ў пратакол уносяцца лічбы, спушчаныя зьверху?

На ўсіх выбарах, паводле афіцыйных дадзеных, яўка ў Менску заўсёды прыкметна ніжэйшая, чым у іншых рэгіёнах. Калі малюецца наагул усё, навошта маляваць у сталіцы ніжэйшую яўку?

— Я ня ведаю, як на выбарах у Палату прадстаўнікоў, але са сваіх крыніцаў сёе-тое ведаю, як рабілася на мясцовых выбарах. Там даволі складаны працэс. Старшыні камісіі зьверху даводзіцца, хто павінен стаць пераможцам. Калі паводле пратаколу вынікаў пераможцам акажацца іншы, прынамсі ў старшыні камісіі будуць вялікія праблемы. Але ніхто ня кажа наўпрост — напішы гэтаму столькі галасоў, а астатнім — столькі. Старшыня да пэўнай ступені можа сам вызначаць, якія лічбы ўпісваць. Але калі яны не спадабаюцца наверсе, у яго зноў жа будуць праблемы.

Мне расказвалі пра мінулыя выбары, што галасы для сябе ўсё ж падлічваюцца. А потым у пратакол упісваюцца тыя лічбы, якія, на думку старшыні, спадабаюцца наверсе.

— І нарэшце — пра фармаваньне Ўсебеларускага народнага сходу. Яно адбываецца ў цені выбарчай кампаніі. Але паводле новай Канстытуцыі гэты орган, прынамсі яго прэзыдыюм, будзе больш уплывовым інстытутам улады, чым Нацыянальны сход.

Фармаваньне УНС адбудзецца неўзабаве пасьля выбараў. Трэба хутка падабраць 1200 чалавек, узгадніць сьпісы. Гэтая праца ўжо ідзе?

— Я ведаю, што пакуль па-рознаму. У некаторых вобласьцях праца, па маіх зьвестках, яшчэ і не пачыналася. А ў іншых ужо нават да пэўных людзей на працу прыходзяць і ім паведамляюць, што іх зьбіраюцца вылучыць у УНС. Там такі забаўны тэкст агучваецца: мы ведаем, што вы сапраўдны патрыёт Беларусі, вы павінны прадстаўляць народ Беларусі на УНС.

Так што праца ідзе. Пакуль асаблівага імпэту наконт вылучэньня ў УНС няма нават сярод чыноўнікаў, якіх туды зьбіраюцца прызначаць. Маўляў, ну вылучаць, пару разоў на год зьезьдзім на пасяджэньні УНС у Менск, паглядзім на Лукашэнку.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG