Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ўладзе ўяўная канкурэнцыя на выбарах? — тлумачэньне былога супрацоўніка адміністрацыі Лукашэнкі


Чаму на выбарах у Палату прадстаўнікоў ва ўсіх акругах вылучана два і больш кандыдатаў? Як падлічваюць галасы на такіх выбарах? Ці ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі «крамлёўская партыя»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае былы юрыст адміністрацыі Лукашэнкі, прадстаўнік «НАУ» («Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня») Арцём Праскаловіч.

— ЦВК абнародавала зьвесткі пра асобаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Усяго 298 прэтэндэнтаў на 110 мандатаў: па 2 кандыдаты ў 46 акругах, па 3 кандыдаты ў 53 акругах, па 4 і больш — у 11 акругах.

Гэта ані свабодныя, ані справядлівыя выбары, сярод вылучаных няма ніводнага прадстаўніка апазыцыі. Улада цяпер дэманстратыўна вяртаецца да савецкіх падыходаў (вось год якасьці абвясьцілі). А чаму ў пытаньні выбараў Палаты прадстаўнікоў не ідуць за савецкім узорам? Тады ў кожнай акрузе быў толькі адзін кандыдат «блёку камуністаў і беспартыйных». Чаму цяпер не прытрымліваюцца той практыкі?

Арцём Праскаловіч
Арцём Праскаловіч

— Якасьць дасягаецца праз канкурэнцыю. Уяўная канкурэнцыя ў вылучэньні кандыдатаў прадэманстраваная. Лукашэнка яшчэ ў 1996 годзе казаў, што не павядзе сваю краіну за цывілізаваным сьветам. Аднак падкрэсьліваецца, што ўсе дэмакратычныя інстытуты ў Беларусі рэалізаваныя, хай і па-свойму. Як жа не паказаць, што ў людзей ёсьць выбар? Каб было чысьценька, акуратненька, каб суседзі нічога не маглі закінуць. Усе працэдуры фармальна павінны быць выкананыя.

— Старшыня ЦВК Ігар Карпенка днямі тлумачыў, чаму Беларусь не запрашае на выбары назіральнікаў АБСЭ — маўляў, мы праводзім выбары не для Захаду. Але калі выбары праводзяцца не для Захаду, то для каго гэтае вылучэньне, каб не было ніводнай безальтэрнатыўнай акругі? Вы сказалі: каб суседзі не папракнулі. Дык суседзі — гэта і ёсьць Захад. А Расея не папракне, хай бы наагул выбары скасавалі.

Мо гэта для народу робіцца? Але хіба народ паўстаў бы, калі б акругаў з адным кандыдатам была палова ці нават усе?

— Ну, усё ж складаней было б тлумачыць. Робяць так, каб выклікаць найменш крытыкі ўнутры краіны і за яе межамі. Пытаньні ўсё роўна будуць. Відавочна, што заходнія краіны не прызнаюць гэтыя выбары выбарамі, некаторыя зь іх ужо цяпер заявілі, што не прызнАюць вынікі галасаваньня 25 лютага. Прапагандзе давядзецца супрацьдзейнічаць гэтай крытыцы, а адсутнасьць нават уяўнай спаборнасьці істотна ўскладніла б прапагандзе гэтую задачу.

Тут дваісты падыход. З аднаго боку, гаворыцца, што нас не цікавіць, што скажа Захад наконт нашых выбараў. Зь іншага боку, калі частку крытыкі можна фармальным выкананьнем працэдуры нэўтралізаваць, то ёсьць сэнс гэта зрабіць.

Наконт крытыкі — гэта ня толькі пра замежжа. Але калі ў адной вобласьці будуць выбары без альтэрнатывы, а ў іншай — зь ёю, то ўзьнікнуць пытаньні. А іх не павінна быць. Трэба, каб усё было роўненька, як асфальт.

— Вы, адказваючы, ужылі слова «канкурэнцыя». У прынцыпе, магла б быць ідэя зладзіць канкурэнцыю, спаборніцтва паміж сваімі, паміж ляялістамі. Давайце выставім на выбары двух ці трох прыхільнікаў Лукашэнкі, і хай народ вызначыць, хто зь іх лепшы, хто разумнейшы. Але выглядае, што галасы на выбарах у Беларусі ня лічаць наагул.

Ці ўсё ж неяк лічаць? Можа, у скрыні падкідаюць бюлетэні з патрэбнымі галасамі, але яны адно скажаюць вынік? Скажам, на ўсіх выбарах, паводле афіцыйных дадзеных, яўка ў Менску ніжэйшая, чым па астатняй краіне. А чаму так? Што замінала напісаць усім рэгіёнам аднолькавую яўку?

— Я, калі працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі, наўпрост да гэтага дачыненьня ня меў. Але маю пэўны ўласны досьвед. Праца там мяне на пэўным этапе ўсё менш задавальняла. І вырашыў пайсьці ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бачыў у гэтым тэарэтычную магчымасьць пэўнага супраціву. У 2020 годзе мы бачылі, што некаторыя дэпутаты тады выступілі публічна калі ня з крытыкай, то з пэўнай нязгодай зь дзеяньнямі ўладаў. Я прыйшоў параіцца да свайго начальніка, кіраўніка ўпраўленьня адміністрацыі, і падзяліўся зь ім сваімі намерамі.

Мне сказалі: маладзец, што прыйшоў параіцца, але квота ад адміністрацыі ўжо запоўненая. І накіравалі ў Палату намесьніка кіраўніка адміністрацыі Валера Міцкевіча.

Так што сьпісы, сапраўды, фармуюцца, абмяркоўваюцца на пэўных нарадах у адміністрацыі. Там розныя групы адстойваюць сваіх кандыдатаў.

— Іншымі словамі, спаборніцтва адбываецца там, а зусім не на саміх выбарах?

— Там нават лічбы абмяркоўваюцца. Адны кажуць: давайце гэтаму кандыдату намалюем столькі. А іншыя пярэчаць: не, ён вельмі шаноўны чалавек, малавата будзе, трэ больш намаляваць.

Другі мой інсайд — гэта тое, што няма ніякай магчымасьці падсумаваць лічбы, якія атрыманыя на выбарчых участках. Мае крыніцы, блізкія да ЦВК, распавядалі, што Ярмошына ў 2020 годзе хацела намаляваць Лукашэнку каля 60%, каб не адбылося тое, што адбылося. Але, паводле расповеду, ён сам ёй патэлефанаваў і сказаў, што яму патрэбна больш за 80%. Яна за галаву хапалася, бо і КДБ пісаў, што нельга маляваць больш за 60%.

Лічбы, якія прыходзяць у ЦВК, проста выкідаюцца ў сьметніцу, а малююцца іншыя.

А ва ўчастковых камісіях кажуць іх чальцам тое, што і па ўсёй Беларусі кажуць: «Ну вы ж усё разумееце». Кіраўніку камісіі праз тэлефон давядуць патрэбныя лічбы, ён іх і ўпіша. І сыстэма там не дае збою, бо «ўсе ўсё разумеюць».

А ў фізычным укіданьні патрэбных бюлетэняў проста няма ніякай патрэбы.

— Па тых сьпісах вылучаных асобаў, якія апублікаваныя — ці можна вызначыць, хто акажацца дэпутатам Палаты? Ці можна гэта вызначыць паводле нейкіх крытэраў? Скажам, адзін кандыдат вылучаны і зборам подпісаў, і ад працоўнага калектыву, і ад партыі (такіх, дарэчы, 40 чалавек), а іншы, у той жа акрузе, — толькі ад партыі, да таго ж ад ЛДП. Дэпутатам стане першы?

Вы як былы апаратчык па апублікаваных зьвестках можаце сказаць, каго насамрэч прызначаць дэпутатам?

— Не. Я быў сьведкам сытуацыяў, калі ўсе былі ўпэўненыя, што пэўная асоба будзе прызначаная на пасаду, а ў апошні момант зьяўляўся «чорны конік». Хто сапраўды ведаў, дык той і ведаў, а хто з апарату спрабаваў аналізаваць і гадаць, той нярэдка памыляўся.

Крытэр, пра які кажаце вы, — колькасьць відаў вылучэньняў, — напэўна, збольшага адэкватны. Чым больш відаў вылучэньняў у кандыдата, тым вышэйшая імавернасьць, што ён і стане дэпутатам.

Але тая імавернасьць — ня 100%. Вось зараз усе кажуць, што кіраўнік адміністрацыі Сергеенка пераходзіць у Палату прадстаўнікоў. Паводле практыкі так яно і павінна адбыцца. Але Лукашэнка часам робіць рэчы, якіх ад яго ніхто не чакае. Менавіта таму ён так доўга ўтрымліваецца ва ўладзе. І я не выключаю, што Лукашэнка скажа: «Вось „беглыя“ пісалі, што Сергеенка будзе ў Палаце. А народ вырашыў інакш, што яму трэба яшчэ пакіраваць адміністрацыяй».

— Паводле намэнклятурных правілаў, калі яго не абяруць у Палату, калі яму «народ адмовіў у даверы», то на цяперашняй пасадзе ён не застанецца. Адправяць у адстаўку — больш ці менш ганаровую.

— Можа і так. Але рашэньне можа быць прынятае ў апошні момант. На многіх у апошні момант можа ўсплыць «кампрамат», яго могуць своечасова паднесьці. Значыць, ня гэтага фаварыта прызначаць у Палату, а яго альтэрнатыву.

— Да цяперашніх выбараў некаторыя выказвалі меркаваньне, што Расея можа завесьці ў Палату прадстаўнікоў і ва Ўсебеларускі народны сход сваіх адданых прыхільнікаў, умоўна кажучы, «расейскую партыю», плойму двайнікоў сумнавядомай Вольгі Бондаравай. Бондарава, дарэчы, у дэпутаты ідзе, але ў Менскі гарсавет.

Ці бачыце вы прыкметы гэтага «расейскага маршу» на выбарах 25 лютага?

— Не, ня бачу. Мне здаецца, што ўсе кантакты беларускай уладнай эліты з Крамлём замкнёныя на Лукашэнку, падкантрольныя яму. Я думаю, што ў новым складзе Палаты і УНС будуць людзі, якія гатовыя павярнуцца ў бок Масквы, калі Лукашэнкі ня будзе. Але яны ня стануць крамлёўскай супрацьвагай яму, пакуль ён трымае ўладу. Такая гульня пагражае ім турмой ці зьнікненьнем.

Ёсьць прыклад — Уцюрын, былы кіраўнік службы аховы Лукашэнкі. Казалі, што ён быў вельмі прыхільны да Крамля. І пасаду займаў высокую, прычым сілавую.

Нават калі такая фракцыя ў Палаце нейкім чынам і зьявіцца — хто іх дапусьціць да мэдыя? Для рэалізацыі такога сцэнару трэба, каб выразная «крамлёўская партыя» ўмацавалася ў розных, дакладней, ва ўсіх структурах беларускай улады, каб яны ўзгоднена пачалі нешта рабіць на загад Крамля. Але людзі Лукашэнкі будуць ім супрацьдзейнічаць. І чальцы гэтай «крамлёўскай партыі» будуць зьнятыя са сваіх пасадаў.

Гэтая плынь дапускаецца толькі ў выглядзе прыгаданай вамі Бондаравай, пра якую больш ведаем мы з вамі, чым людзі ў Беларусі. Яна ж не выходзіць на БТ у прайм-тайм.

Але яе актыўнасьць дапускаецца. Лукашэнка то здае сувэрэнітэт, то назад забірае.

— А вось якраз наконт сувэрэнітэту. Сьпіс вылучаных у Палату, а асабліва з пазначэньнем тых, хто насамрэч стане дэпутатам — яго ўзгадняюць з кім-небудзь у Маскве?

— Я думаю, што не. Ёсьць расейскія адпаведныя службы, якія зьбіраюць гэтую інфармацыю, аналізуюць, паведамляюць у адміністрацыю прэзыдэнта РФ. У Крамлі з гэтага аналізу разумеюць, што Лукашэнка зьбіраецца прызначыць абсалютна ляяльны яму парлямэнт, які будзе выконваць ягоную волю.

Мне здаецца, што ў Крамля ёсьць значна больш простыя і эфэктыўныя інструмэнты ўплыву на Беларусь і на Лукашэнку, чым гэтыя складанасьці праз Палату, УНС ці праз фармаваньне вакол Лукашэнкі пракрамлёўскага атачэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG