Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучана 298 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэта значна менш, чым у папярэднія гады


Палата прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў.

У краіне вылучана 298 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага скліканьня. Пра гэта агенцтву БелТА расказаў старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка.

Як падлічыў «Позірк», на адно месца са 110 прэтэндуе ў сярэднім 2,7 чалавека. Гэта ў 2,4 раза менш, чым на папярэдніх выбарах у ніжнюю палату ў 2019 годзе (703 кандыдаты, 6,4 чалавека на месца), і ў 2,1 раза — чым на выбарах у 2016-м (630 кандыдатаў, 5,7 на месца).

Сёньня пачалася працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзявятага скліканьня.

Ігар Карпенка расказаў, што крыху больш за 30% ад агульнай колькасьці прэтэндэнтаў складаюць жанчыны — іх 92. 12 чалавек, якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты, маладзейшыя за 31 год.

Паводле прыналежнасьці да афіцыйна дазволеных палітычных партый расклад такі: Беларуская партыя «Белая Русь» вылучыла 71 кандыдата, Камуністычная партыя Беларусі — 37 кандыдатаў, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі — 54, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 21 кандыдата.

Паводле Карпенкі, з 16 па 30 студзеня члены тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій павінны праверыць дакумэнты на адпаведнасьць Выбарчаму кодэксу і прыняць рашэньні аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты.

З 31 студзеня па 24 лютага будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя.

25 лютага 2024 году пройдзе так званы адзіны дзень галасаваньня.

  • За апошнія два гады ў Беларусі былі ліквідаваныя ўсе апазыцыйныя палітычныя партыі.

ЦВК паведамляе, што для рэгістрацыі кандыдатамі ў мясцовыя саветы дэпутатаў вылучаныя 18 996 чалавек.

Зь іх 871 чалавек вылучаны ў абласныя і Менскі гарадзкі Саветы, 6927 – у раённыя Саветы. 773 кандыдаты ў дэпутаты вылучаныя ў гарадзкія Саветы дэпутатаў у гарадах абласнога падпарадкаваньня і 316 у гарадзкія Саветы ў гарадах раённага падпарадкаваньня, 65 – у пасялковыя і 10 044 – у вясковыя Саветы дэпутатаў.

Палітычнымі партыямі вылучана 4925 чалавек, працоўнымі калектывамі – 4897 чалавек. 11012 чалавек вылучыліся шляхам збору подпісаў.

Мінулыя выбары ў мясцовыя Саветы адбываліся у лютым 2018 году. На іх было вылучана 22 278 кандыдатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG