На Смаргоншчыне пракуратура выносіць папярэджаньні людзям напярэдадні Адзінага дня галасаваньня

Смаргоні, архіўнае фота
Смаргоні, архіўнае фота

У сьпісах у тым ліку людзі, якіх раней судзілі ў палітычна матываваных справах.

Папярэджаньні аб адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пачаў выносіць пракурор у Смаргонскім РАУС, паведамляе кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Грамадзяне, якіх выклікалі ў міліцыю на 14 лютага, зьвязваюць гэта з Адзіным днём галасаваньня, які пройдзе ў Беларусі 25 лютага.

«Сёньня ранкам тэлефанаваньнем з Смаргонскага РАУС нагадалі, што краіна напярэдадні вядомага дзяржаўнага мерапрыемства. А таму трэба ў 16:00 зайсьці ў РАУС, каб атрымаць папярэджаньне ад пракурора аб магчымай адказнасьці», — паведамілі жыхары Смаргоняў.

У адрозьненьне ад ранейшых прафіляктычных захадаў улады, не засталіся ў баку і асобы, якія стаяць на ўліку як схільныя да ўжываньня алькаголю.

Папярэджаньні ад пракурора атрымалі таксама жыхары Смаргоняў, якія адбывалі пакараньне паводле «народных» і «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

Апроч пісьмовага папярэджаньня аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзін, з грамадзянамі ў асобным пакоі праводзілі працяглую гутарку.

​
XS
SM
MD
LG