Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На былога магілёўскага журналіста Глушкова завялі крымінальную справу паводле «экстрэмісцкага» артыкула


Яўген Глушкоў, архіўнае фота, 2018 год
Яўген Глушкоў, архіўнае фота, 2018 год

У дачыненьні да былога журналіста і відэаапэратара з Магілёва Яўгена Глушкова заведзеная крымінальная справа, паведамляе праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY TEAM.

Паводле папярэдняй інфармацыі, яго абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).

Паведамляецца, што экс-журналіста затрымалі на пачатку студзеня «пры дапамозе штурму», бо ён нібыта «не адчыніў дзьверы сілавікам». «Яго выцягнулі на вуліцу проста ў тым адзеньні, у якім ён знаходзіўся дома», — удакладняюць праваабаронцы.

Пра зьмяшчэньне Глушкова ў ізалятар часовага ўтрыманьня стала вядома 15 студзеня. Ён быў затрыманы «4 ці 5 студзеня», жыў адзін, з жонкай і сынам кантакту апошнім часам не падтрымліваў. Суседзі бачылі, як сілавікі выводзілі яго з кватэры.

Пра тое, што Глушкоў пад сьледзтвам, жонку затрыманага апавясьціў сьледчы.

Яўген Глушкоў у 1990-я і 2000-я гады працаваў на магілёўскім гарадзкім тэлебачаньні, пасьля гэтага супрацоўнічаў зь некалькімі гарадзкімі парталамі.

  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году беларускія ўлады пачалі кампанію па ліквідацыі і крыміналізацыі незалежных СМІ, якая працягваецца дагэтуль.
  • Магчымасьці працаваць у нацыянальнай юрысдыкцыі былі пазбаўленыя дзясяткі рэспубліканскіх і рэгіянальных мэдыя. Многія зь іх цяпер працуюць на эміграцыі.
  • Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у няволі 34 прадстаўнікі СМІ.

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG