Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамабілі, цеплавізары, маскавальныя сеткі. Хто ў Беларусі зьбірае дапамогу для расейскіх вайскоўцаў


Дзьмітры Шаўцоў, Ігуменьня Гаўрыіла, каляж
Дзьмітры Шаўцоў, Ігуменьня Гаўрыіла, каляж

У зборах на патрэбы расейскай арміі і акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусі ўдзельнічаюць ня толькі расейскія арганізацыі.

Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну пачалося амаль два гады таму. За гэты час у Расеі паўстала буйная сетка грамадзкіх арганізацый, якія розным чынам дапамагаюць расейскім вайскоўцам весьці баявыя дзеяньні на ўкраінскай тэрыторыі. Задзейнічаныя ў такой валянтэрскай дапамозе і некаторыя беларускія структуры. Расказваем пра іх падрабязьней.

1. Сьвята-Елізавецінскі манастыр (СЕМ)

Праваслаўны манастыр пад Менскам адкрыта падтрымлівае Z-прапаганду і расейскі бок у вайне з Украінай.

Сьвята-Елізавецінскі манастыр пад Менскам. Архіўнае фота
Сьвята-Елізавецінскі манастыр пад Менскам. Архіўнае фота

У 2023 годзе манастыр цалкам або часткова аплаціў 11 аўтамабіляў, «буханак» і «легкавікоў» (УАЗ, ВАЗ, «Ніва») для расейскіх вайскоўцаў, якія датычныя да акупацыі тэрыторый Украіны. Таксама ў манастыры зьбіраюць грошы на рыштунак для іх. Некалькі расьсьледаваньняў гэтай дапамогі рабіў праект «Стопсем». Атрымліваецца, у сярэднім манастыр аплачваў адзін аўтамабіль для вайны за месяц.

Дапамога аўтапаркам ідзе праз расейскую манашку Яўгенію Цыўцывадзэ, якая кіруе расейскай групай валянтэраў «Помощь братьям». Яна прыяжджала разам з расейскім камандзірам у менскі манастыр 10 сьнежня 2023 году. Расейскія вайскоўцы дзякавалі беларускім манашкам за цеплавізары, навушнікі, вайсковую форму, ежу, лісты. Манашка Яўгенія рэгулярна расказвае пра гуманітарную дапамогу расейскім вайскоўцам у сваёй групе «„Помощь братьям“ и мать Евгения» і прыкладае фота скрыняў, напэўна, зь неабходнымі рэчамі.

У верасьні 2023 году кіраўнік расейскай акупацыйнай улады так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін узнагародзіў манастыр граматай на знак удзячнасьці за дапамогу і падтрымку.

Дапамогу манашак расейцам на фронце ўхваліў Аляксандар Лукашэнка. У пачатку 2023 году ён наведаў манастыр.

«Вы ўсё робіце слушна. Не зьвяртайце ўвагі на дзясятак-другі праплачаных людзей. Мы ня толькі дапамагаем нашым рускім братам, расейцам, я гэта ніколі не хаваў. І ўчорашні мой візыт да вайскоўцаў, да расейскіх вайскоўцаў, сьведчыць пра тое, што мы падтрымлівалі і падтрымліваем нашых братоў», — сказаў Лукашэнка.

На фэстывалі «Радасьць», прымеркаваным да Раства, у канцы 2023 году ў цэнтры «Ковчег» праваслаўнага манастыра плялі маскавальныя сеткі для расейскіх вайскоўцаў, пісала «Хрысьцінская візія».

Сёлета ў пачатку году Сьвята-Елізавецінскі манастыр перадаў грошы нібыта на лячэньне 40 хворых дзяцей у Горлаўцы Данецкай вобласьці Украіны. Сума невядомая.

За сваю падтрымку Расеі СЕМ страчвае рынкі ў Эўропе, дзе раней яны прадавалі рамесныя вырабы са сваіх майстэрняў. У Славакіі нядаўна адмянілі кірмаш Сьвята-Елізавецінскага манастыра, заплянаваны на 12 студзеня 2024 году, за тое, што «беларускія манашкі зарабляюць грошы для расейскіх салдатаў».

2. «Белая Русь»

Партыя «Белая Русь» абвясьціла вялікую кампанію па ўсёй Беларусі ў сьнежні 2023 году. Яны зьбіраюць гуманітарную дапамогу для акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Акцыя называецца «„Белая Русь“ — дзецям Данбасу». У плянах сабраць 50 тон дапамогі. Большую частку яе ўжо меліся накіраваць на ўсход Украіны.

Скрыні з гуманітарнай дапамогай для Данбаса ад партыі «Белая Русь», ітнэрвію дае прадстаўнік партыі Юры Макушын
Скрыні з гуманітарнай дапамогай для Данбаса ад партыі «Белая Русь», ітнэрвію дае прадстаўнік партыі Юры Макушын

Са словаў старшыні партыі Алега Раманава, гэта пераважна харч, сродкі гігіены, таксама мэдычныя рэчы (лекі, інвалідныя вазкі, мыліцы). Акцэнт — на дапамозе дзецям, якія жывуць на гэтых тэрыторыях. У партыі заяўляюць, што ім вязуць цацкі і спартовы інвэнтар. У акцыі, як кажа Раманаў, бралі ўдзел усе ахвотныя.

Скрыні з гуманітарнай дапамогай для Данбаса ад партыі «Белая Русь»
Скрыні з гуманітарнай дапамогай для Данбаса ад партыі «Белая Русь»

3. «Русский дом»

У зборы гуманітарнай дапамогі «дзецям Данбасу» і «мірнаму насельніцтву Данбасу» браў удзел таксама «Русский дом» у Менску, які называе сябе «расейскім цэнтрам навукі і культуры», пісалі праваабаронцы MayDay. Гэта праект расейскага агенцтва «Россотрудничество», які займаецца расейцамі за мяжой.

«Русский дом», як і «Белая Русь», супрацоўнічае з «Русской гуманитарной миссией» — ініцыятывай, якая дастаўляе дапамогу вайскоўцам на фронт, а таксама на акупаваныя тэрыторыі. «РГМ» адкрыла «Русский дом» у акупаваным Данецку.

Сёлета ў лютым філіял «Русского дома» у Берасьці ладзіць акцыю па зборы прадуктаў харчаваньня і грошай для расейскіх вайскоўцаў, піша MayDay. Дапамагаць збору будуць берасьцейскія вэтэранскія арганізацыі. Да «Дня абаронцаў Айчыны» «Русский дом» у Берасьці заклікае прыносіць ім у офіс шакаляд, сала, кансэрвы, у тым ліку хатнія, а таксама грошы і паштоўкі зь віншаваньнямі.

4. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа

Улетку 2023 году генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў езьдзіў у вопратцы з нашыўкай «Z» на акупаваны Данбас і перадаў туды гуманітарную дапамогу.

Дзьмітры Шаўцоў
Дзьмітры Шаўцоў

Ён зьняўся ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1», дзе прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны. Пазьней міжнародны Чырвоны Крыж заявіў, што ня мае дачыненьня да паездкі кіраўніка беларускай філіі на акупаваны Данбас, а таксама выказаў заклапочанасьць і гатоўнасьць спыніць падобную дзейнасьць у будучыні. Шаўцоў застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на заклікі зьняць яго. Але міжнароднае таварыства Чырвонага Крыжа прыпыніла сяброўства беларускай адзінкі ў сваёй структуры.

5. Ігуменьня Гаўрыіла

Адыёзную прыхільніцу Аляксандра Лукашэнкі, якая асуджала пратэсты і насіла тарты амапаўцам, заўважылі ў дапамозе расейскім салдатам. Тэлеканал «Белсат» паведамляў пра выпадак, як людзі ў вайсковай форме з расейскімі знакамі адрозьненьня дзякуюць ігуменьні горадзенскага жаночага манастыра ў гонар Нараджэньня Багародзіцы Гаўрыіле за дапамогу.

«Дзякуем за гуманітарную дапамогу зь Беларусі ігуменьні жаночага манастыра матушцы Гаўрыіле, якая сабрала гуманітарную дапамогу і накіравала нам на „спэцыяльную ваенную апэрацыю“, аўдзееўскі кірунак», — сказаў адзін зь іх на відэа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG