Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцоў працягне працу, нягледзячы на патрабаваньні Міжнароднай фэдэрацыі зьняць яго з пасады


Дзьмітры Шаўцоў. Ілюстрацыйны каляж
Дзьмітры Шаўцоў. Ілюстрацыйны каляж

Раней Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца заклікала БТЧК вызваліць Дзьмітрыя Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара арганізацыі да 30 лістапада.

Генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) Дзьмітры Шаўцоў працягвае выконваць свае паўнамоцтвы, нягледзячы на заклік міжнароднай фэдэрацыі зьняць яго з пасады. Пра гэта ТАСС паведамілі ў арганізацыі.

«У адпаведнасьці са статутам Беларускага Чырвонага Крыжа да выключнай кампэтэнцыі Зьезду адносяцца пытаньні абраньня, пераабраньня, зьняцьця генэральнага сакратара. 7 верасьня XXVI Зьездам Беларускага Чырвонага Крыжа прынята аднагалоснае рашэньне аб працягненьні працы Дзьмітрыя Шаўцова на займанай ім пасадзе генэральнага сакратара. Такім чынам, Дзьмітры Шаўцоў працягвае выконваць свае паўнамоцтвы ў адпаведнасьці з рашэньнем Зьезду», — заявілі ў арганізацыі.

У БТЧК заявілі таксама пра немагчымасьць прыпыніць дзейнасьць, спаслаўшыся на заканадаўства Беларусі і статут арганізацыі.

«Падобная дзейнасьць па фармаваньні сыстэмы гуманітарных каштоўнасьцяў ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам, статутам Беларускага Чырвонага Крыжа, і яе немагчыма прыпыніць, нягледзячы на патрабаваньні з чыйго-небудзь боку», — працытавала агенцтва ТАСС камэнтар арганізацыі.

Сёлета на пачатку кастрычніка Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас.

Расьсьледаваньне Фэдэрацыі паказала, што Дзьмітры Шаўцоў, «дзейны генэральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблем і Палітыку добрасумленнасьці МФТЧКіЧП.

Камітэт выкананьня прававых нормаў і пасярэдніцтва МФТЧКіЧП правёў расьсьледаваньне абвінавачаньняў, выкліканых афіцыйнымі заявамі генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку аб ядзернай зброі і перамяшчэньні дзяцей у Беларусь, а таксама ў сувязі зь ягоным візытам у Луганск і Данецк», — гаворыцца ў рашэньні Фэдэрацыі.

Праўленьне МФТЧКіЧП падтрымала высновы і рэкамэндацыі Камітэту выкананьня прававых нормаў і пасярэдніцтва і, у сувязі з парушэньнем генэральным сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыем Шаўцовым Палітыкі добрасумленнасьці, ужыла да апошняга абмежавальныя захады, забараніўшы яму займаць якія-небудзь кіроўныя пасады ў МФТЧКіЧП да далейшага апавяшчэньня.

Праўленьне таксама заклікала:

  • Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова ад займанай пасады не пазьней за 30 лістапада 2023 году.
  • Устрымацца ад новых партнэрскіх абавязаньняў у дачыненьні да Беларускага Чырвонага Крыжа, у тым ліку фінансаваньня, у выпадку, калі нацыянальнае таварыства ня выканае рашэньне праўленьня да 30 лістапада 2023 году.
  • Праўленьне зьвяртаецца да іншых кампанэнтаў Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца з просьбай зрабіць тое ж самае.
  • Беларускі Чырвоны Крыж павінен выканаць гэтыя рашэньні да 30 лістапада 2023 году. Калі Беларускі Чырвоны Крыж ня зробіць неабходных дзеяньняў для адхіленьня Шаўцова, членскія правы нацыянальнага таварыства будуць аўтаматычна прыпыненыя 30 лістапада 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG