Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы колішняга ўваходу ў Менскае гета павесілі памятную дошку


Фота з Фэйсбуку Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамад
Фота з Фэйсбуку Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамад

У чарадзе памятных мерапрыемстваў да Дня памяці ахвяраў Галакосту Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамад павесіў памятную дошку на месцы ўваходу ў Менскае гета ў памяць пра больш як 100 тысяч зьнішчаных там габрэяў.

Усталяваньне памятнай дошкі на будынку на вуліцы Раманаўская Слабада, 1 стала магчымым дзякуючы падтрымцы амбасады Ізраілю ў Беларусі і Ізраільскаму культурнаму цэнтру ў Менску, паведамляе Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх абʼяднаньняў і грамад у Фэйсбуку.

Таксама ў паведамленьні выказваецца падзяка архітэктару Галіне Левінай і скульптару Канстанціну Касьцючэнку «за дапамогу і прафэсійны падыход».

Афіцыйная цырымонія адкрыцьця памятнай дошкі адбудзецца пазьней, пра гэта абяцаюць паведаміць у хуткім часе.

Да Другой усясьветнай вайны ў Беларусі пражывала каля 900 тысяч габрэяў. За гады акупацыі нацысты зьнішчылі тут каля 800 тысяч беларускіх і 50 тысяч эўрапейскіх габрэяў.

На тэрыторыі Беларусі было створана 250 гета. У самым буйным — Менскім — загінула больш за 100 тысяч чалавек. Яно было адным з самых буйных ва ўсёй Эўропе, на акупаванай тэрыторыі СССР займала другое месца па колькасьці вязьняў пасьля Львоўскага, якое налічвала 136 тысяч чалавек.

Менскае гета было створана ў жніўні 1941 году. Найбольш масавыя забойствы габрэяў (немцы выкарыстоўвалі эўфэмізм «акцыя») адбыліся 7–8 лістапада 1941 году (зьнішчана 18 тысяч габрэяў), 20 лістапада 1941 году (15 тысяч), 2 сакавіка 1942 году (8 тысяч), 28 ліпеня 1942 году (25 тысяч), 21–23 кастрычніка 1943 году (22 000 габрэяў, прывезеных на сьмерць з краінаў Эўропы). Да таго ж зь вясны 1942 году вязьняў Менскага гета пачалі зьнішчаць у душагубках.

На тэрыторыі Менскага гета ў жывых засталося толькі 13 чалавек, якія некалькі месяцаў хаваліся ў сутарэньні дома каля габрэйскіх могілак на вуліцы Сухой і змаглі выйсьці са сховішча толькі ў дзень вызваленьня Менску ў ліпені 1944 году.

У Беларусі дагэтуль няма ні музэю Галакосту, ні музэю Менскага гета. У жніўні 1946 году ў Менску быў узьведзены першы ў СССР помнік загінулым габрэям «Яма» з надпісам на ідыш «Габрэям — ахвярам нацызму». У ліпені 2000 году зьявілася скульптурная кампазыцыя «Менскае гета». Пачалі зьяўляцца мэмарыяльныя знакі, невялікія помнікі па ўсёй Беларусі, але сапраўднага, паўнавартаснага музэю, прысьвечанага ахвярам Галакосту, у Беларусі няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG