Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іней на нарах, «шкляныя» робы, тушкі галубоў у вэнтыляцыі. Як вязьні беларускіх турмаў перажываюць зімовыя маразы


Ілюстрацыйны фотакаляж.
Ілюстрацыйны фотакаляж.

Паводле суразмоўцаў Свабоды зь ліку былых палітвязьняў, зіма і холад значна зьмяняюць жыцьцё ў беларускіх калёніях.

З прыходам моцных маразоў парадкі ў беларускіх калёніях мала мяняюцца, хоць умовы жыцьця і працы ў такі пэрыяд становяцца больш цяжкімі. Былыя палітвязьні расказалі Свабодзе, як яны ратаваліся ў халодныя ночы, што адбываецца ў маразы на «промцы» і чым даводзілася чысьціць тэрыторыю калёніі ад сьнегу.

«Пачуцьцё, што замярзаеш, не пакідала і пасьля вызваленьня»

Былая журналістка «Народнай волі» Вольга Класкоўская за ўдзел у пратэстах адседзела за кратамі больш як два гады. У Гомельскай жаночай калёніі, дзе Вольга адбывала свой тэрмін, яе неаднаразова кідалі ў ШЫЗА і ПКТ, у тым ліку зімой.

Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

«Колькі памятаю сябе за кратамі, увесь час я не магла сагрэцца. Увесь час было вельмі халадно. Альбо гэта былі сьледчыя ізалятары, альбо гомельская калёнія. Асабліва — у ШЫЗА. Гэтае пачуцьцё, што ты замярзаеш, вельмі доўга не пакідала мяне і пасьля вызваленьня».

Былая палітзьняволеная згадала, што ў ШЫЗА батарэі станавіліся цяплейшымі толькі ўвечары і раніцай, а ноччу астывалі. Вольга скардзілася ахоўнікам, што замярзае начамі, але ў адказ чула, што яна нібыта хлусіць. «І нічога не мянялася», — згадвае былая палітзьняволеная.

У корпусе, куды яна вярталася пасьля чарговага ШЫЗА, па яе словах, было не нашмат цяплей. Вольга згадвае скразьнякі, а яшчэ сваркі паміж вязьнямі наконт таго, трымаць вокны адчыненымі ці хаця б на ноч зачыняць.

«У любым выпадку частка вокнаў заўсёды была адчыненая. Уначы ў сэкцыю рэгулярна заходзілі кантралёры, правяралі, лічылі нас. І праз гэта ствараўся дадатковы скразьняк».

«Каб заснуць, трэба было апранацца як качан капусты», — згадвае Класкоўская зімовы пэрыяд у калёніі і пералічвае, якую вопратку магла нацягнуць на сябе, а чым уцяпляцца было забаронена: «Штаны, тэрмагольф з горлам, халат. Яшчэ была целагрэйка, але зь ёю тая асаблівасьць, што нельга было яе на коўдру нацягваць. Кантралёраў чамусьці гэта чапляла».

Наступнае моцнае выпрабаваньне холадам, паводле Вольгі Класкоўскай, — гэта ранішняя і вечаровая праверкі, дзеля чаго асуджаныя жанчыны мусяць выходзіць на шыхтаваньне ў сэктар. Дрэннае надвор’е пры гэтым не было прычынай адмены шыхтаваньня на вуліцы.

Выпаданьне сьнегу ў калёніі Вольга Класкоўская называе «заўсёды вялікай драмай». На тое, каб яго прыбіраць, вязьні мусілі класьці шмат сілаў і энэргіі, а ўмовы былі непрыдатныя, і жанчыны лёгка прастуджаліся.

«Нас ганялі ўвесь час на прыборку сьнегу. Працавалі рыдлёўкамі, але там, дзе немагчыма было прыбраць рыдлёўкамі, бо намярзаў лёд, даводзілася заліваць яго кіпенем, а ўжо потым тыя лужыны прыбіраць. У выніку ты ўвесь мокры, а прасушыць вопратку няма дзе, ты яшчэ больш замярзаеш і хварэеш».

«Спала ў позе эмбрыёна, каб не замерзнуць, бегала па камэры»

Умовы зімой у ШЫЗА ў калёніі «Зарэчча» пад Рэчыцай апісвала ў размовах з сваякамі палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якую дагэтуль утрымліваюць у вязьніцы. Пра тое, што перажыла і перажывае цяпер жанчына, расказаў яе муж Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк. Партрэт праекту "Палітвязынка".
Паліна Шарэнда-Панасюк. Партрэт праекту "Палітвязынка".

«З калёніі № 24 у Зарэччы Паліна пісала пра ШЫЗА ў зімовы час, што тэмпэратура там уначы зьніжалася да 0 градусаў і мэталічны вугалок, якім абабітыя дошкі шконкі, пакрываўся інеем. У такія дні яна проста не магла спаць на той шконцы, а спала проста на падлозе. Падлога ўсё ж драўляная, на ёй хоць крыху можна сагрэцца.

Ляжала ў позе эмбрыёна — каленкі да падбародзьдзя, рукамі абдымала ногі, а далоні хавала паміж ног. Толькі гэтак можна неяк хоць гадзінку паспаць, а потым зноў холад прымушаў падымацца, і ратавалі толькі заняткі фізкультурай. Спрабавала бегаць па камэры, скакаць на месцы, махаць рукамі», — расказаў Андрэй Шарэнда пра жонку.

Паводле Паліны Шарэнды-Панасюк, жанчынам, якіх зьмяшчаюць у ШЫЗА, у калёніі № 24 забаронена паддзяваць пад турэмную сукенку ня толькі штаны, а нават дадатковую бялізну. «Казала, што тканіна сукенкі старая, выцертая, амаль празрыстая. Уяўляеце, як у ёй „цёпла“ ў маразы?»

«На працу не павялі, толькі калі замерзла змазка»

Перакладчыка Аляксея Гайшуна пакаралі паўтара гадамі зьняволеньня за камэнтары апазыцыйнага зьместу. Аляксей адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15. Як шмат хто з палітычных вязьняў, ён адзначае, што ўзімку ў калёніі яму было холадна ўвесь час. Але асабліва — на «промцы», у цэху па здабычы каляровых мэталаў з правадоў.

Аляксей Гайшун
Аляксей Гайшун

«Цэхі былі дзіравыя, нармальных батарэй было няшмат. Ратаваліся тым, што хаваліся ў распранальню, дзе засоўвалі па чарзе рукі ці ногі паміж рэбрамі радыятара ацяпленьня. Але нас пэрыядычна адтуль выганялі, а потым увогуле пачалі распранальню зачыняць», — згадвае Аляксей.

Былы палітвязень расказаў, што толькі аднойчы, у самыя моцныя маразы — за 20 градусаў, на працу іх не павялі.

«Але не таму, што нас пашкадавалі. Проста пры марозе ніжэй за 20 замерзьлі змазачныя матэрыялы ды нейкія прыстасаваньні», — кажа Аляксей Гайшун.

«У раёне Новага году зэка аднесьлі ў мэдчастку — і з канцамі»

Падчас моцных маразоў, паводле былога вязьня 15-й калёніі, ня толькі рэзка павялічваліся прастудныя захворваньні, але абвастраліся і хранічныя хваробы.

«Людзі пачыналі кашляць, прасіліся да лекараў. Але гэта хутка спынілі. Проста пачалі на месцы выдаваць таблеткі, без бальнічнага. Нават калі чалавек падаў з ног, дык выносілі толькі тых, у каго быў прыступ ліхаманкі ці эпілепсіі».

Аляксей расказаў, як у атрадзе зьявіўся хворы на эпілепсію і чым скончылася для яго зьняволеньне.

«Пад зіму ў нашым кубрыку зьявіўся адзін старога веку чалавек, эпілептык. У яго часта былі прыступы, шконка трэслася ўначы, як зь ім пачыналася. Яму тады выклікалі, як у нас казалі, „карэту“ — насілкі. Ён яшчэ ўпіраўся, не хацеў на іх залазіць. Аднойчы па дарозе ў мэдчастку з насілак скокнуў і пабег у атрад як быў, босы.

Яшчэ ў суседнім атрадзе быў зэк, які перанёс інсульт, пасьля чаго ён страціў памяць. Ён увесь час пытаўся ўва ўсіх, дзе дзьверы, што зь ім адбываецца. Мы спачатку думалі, што ён сымулянт. А потым пачаліся маразы, зь ім зусім цяжка стала. Аднае раніцы ён ня выйшаў на праверку. Відаць, вырашыў, што можа схавацца. Але яго знайшлі, вывелі на шыхтаваньне. Потым яго нават і не пакаралі, бо было зразумела, чым скончыцца.

Недзе ў раёне Новага году вязьня аднесьлі ў шпіталь пасьля новага інсульту — і ўжо з канцамі. Неўзабаве ён там і сканаў», — расказаў Аляксей Гайшун.

Роба з «шкляной тканіны»

Паводле былога палітвязьня, вопратка, якую выдаюць у калёніі, зусім не разьлічаная на моцныя маразы.

«Мусіў апранаць на сябе ўсе камплекты нацельнай бялізны, што ў мяне былі, але гэта ўсё роўна не ратавала. Робу, якую нам выдаюць, нездарма называюць „шкляной“ — у маразы тканіна, зь якой вырабляюць робы, зусім не трымае цяпла. Паўзьверх робы вязень апранае куртку на ваціне, але яна тонкая і прадзімаецца наскрозь. Мая куртка была большага памеру, у рукавы і зьнізу пранікаў холад. Яшчэ і каўняра ў нашых куртках фактычна не было, а шалік накручваць на шыю гэтак, каб ён тырчаў з-пад курткі, нельга. Ня дзіва, што зэк у калёніі ходзіць такі скручаны, бо ўзімку яму ўвесь час холадна», — мяркуе былы палітвязень.

Тушкі замерзлых галубоў у вэнтыляцыі

Ночы ў пэрыяд маразоў станавіліся парою асаблівых пакут, бо тэмпэратура ў карпусах рэзка апускалася, зазначае Аляксей Гайшун. На ягоную думку, адна з прычын — кацельная ўночы працуе слабей, другая — начное праветрываньне памяшканьняў.

«Мы мусілі спаць з часткова ці цалкам адчыненымі вокнамі. На гэтым настойвалі хлопцы, якіх у нас называлі „спартоўцамі“ празь іх заняткі фізкультурай. „Спартоўцы“ казалі, што ім не хапае сьвежага паветра. Зь імі спрачаліся тыя, хто мучыўся ад холаду, у каго нары былі блізка ад дзьвярэй, на скразьняку. Збольшага спартоўцы мелі рацыю, бо калі на ноч не адчыніць вакно ў цесным пакоі, дзе ў два паверхі сьпяць больш за 20 чалавек, дык раніцай ва ўсіх будзе балець галава. Але раней трэба думаць і пра вэнтыляцыю! А ў нас толькі адна вэнтыляцыйная адтуліна была ў спраўным стане», — згадаў вязень.

Паводле Аляксея Гайшуна, у вэнтыляцыйных адтулінах аказваліся тушкі галубоў, якія праз паддашак залазілі туды, каб пагрэцца, але гінулі ад маразоў ды бяскорміцы.

Каб у моцныя маразы зьмяняўся «палажняк» (гэтак у вязьніцах завуць рацыён харчаваньня вязьняў. — РС) — такога Аляксей Гайшун ня памятае.

«Калі маеш грошы на рахунку, у краме нешта набудзеш. Але, канечне, мёду там няма», — згадаў былы палітвязень пра 15-ю калёнію.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG