Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакараў палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк яшчэ на 1 год калёніі

абноўлена

Паліна Шарэнда-Панасюк у судзе, 2021
Паліна Шарэнда-Панасюк у судзе, 2021

Сваякі чакалі Паліну на волі яшчэ 6 жніўня. Але яе другі раз запар судзяць нібыта за непадпарадкаваньне турэмнай адміністрацыі.

Суд Рэчыцкага раёну вынес вырак па справе актывісткі «Эўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнды-Панасюк, якую вінавацяць у злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі папраўчай установы.

Актывістку пачалі судзіць 2 кастрычніка, але на прапанову пракурора адклалі працэс на тыдзень. 9 кастрычніка працэс аднавіўся з таго, што супрацоўнік пракуратуры запрасіў для Паліны Шаранда-Панасюк максымальны з магчымых тэрмінаў — адзін год.

Рэчыцкі суд прысудзіў Паліне Шарэнда-Панасюк яшчэ 1 год і тры дні зьняволеньня. Вырак вынес судзьдзя Станіслаў Іванюценка.

У апошнім слове Паліна Шарэнда-Панасюк зноў заявіла пра сваю невінаватасьць. Актывістка параўнала падзеі 2020 году ў Беларусі з паўстаньнем Кастуся Каліноўскага, якое адбывалася больш за сто гадоў таму.

Паводле палітзьняволенай, людзі, якія ахвяруюць сабой дзеля незалежнасьці і дэмакратыі «будуць названыя ў новай Беларусі героямі», а тых, хто іх цяпер катуе, чакае суд.

«Беларусь абавязкова будзе вольнай, але дзеля гэтага трэба змагацца, не пакладаць рук», – сказала з лавы падсудных Паліна Шарэнда-Панасюк.

Таксама палітзьняволеная выказалася пра ўмовы ў калёніі №24 у Зарэччы, дзе ёй прыйдзецца адбываць новае пакараньне. Паводле Паліны Шарэнда-Панасюк, у гэтай калёніі для палітычных зьняволеных «створаны сапраўдны канцлягер».

Актывістка заклікала міжнародную супольнасьць зьвярнуць дадатковую ўвагу на ўмовы ў гэтай вязьніцы, каб спыніць сыстэматычнае парушэньне там правоў людзей.

Паводле Андрэя Шарэнды ягоная жонка будзе абскарджваць прысуд Рэчыцкага суду.

«Ня выключана, што ўжо сёньня Паліну перавядуць з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомлі, дзе яна будзе чакаць вынікаў апэляцыі», – мяркуе муж палітзьняволенай.

У спрэчках адвакат Паліны Шарэнда-Панасюк не пагадзіўся з абвінавачаньнем і даводзіў, што яна мусіла абараняць свае правы.

На судзе актывістка расказала пра ўмовы, у якіх яе трымалі летась, спачатку ў калёніі ў Зарэччы, а потым і Гомельскім СІЗА і Рэчыцкім ІЧУ.

«Расказала, што агулам больш за 200 дзён яе трымалі ў ШЫЗА і працягваюць зьдзекавацца цяпер у Рэчыцкім ізалятары часовага ўтрыманьня. Там ёй нават ня выдалі пасьцельных рэчаў і трымаюць, як асуджаную, хаця прысуд ёй яшчэ ня вынесены», — паведаміў муж палітзьняволенай Андрэй Шарэна.

Паводле ягоных зьвестак, Паліна Шарэнда-Панасюк расказала таксама пра тое, што раней у калёніі яе пабілі сукамэрніцы. Палітзьняволеная лічыць, што яны дзейнічалі на загад адміністрацыі папраўчай установы.
Па зьвестках Андрэя Шарэнды, сёньня на судзе сьлядоў пабіцьця на твары ягонай жонкі відаць не было.

«Трымалася мужна і выглядала нармальна. Зразумела, што ён цяжка даюцца такія суды, але яна на падае выгляду, трымаецца. Ведаю, што для яе зноў не прынялі перадачу ад сваякоў», — расказаў муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда.

  • Паліна Шарэнда-Панасюк мела выйсьці на волю 6 жніўня, але напярэдадні ёй выставілі новае абвінавачаньне, зноў па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі.
  • Паводле гэтага артыкулу палітзьняволеная ўжо адбыла 1 год пасьля таго, як скончыўся яе першы тэрмін у 2 гады.
  • Усяго ў зьняволеньні актывістка знаходзіцца са студзеня 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG