Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка склаў усе яйкі ў адзін — расейскі — кошык, зрабіў Беларусь эканамічнай губэрняй Расеі, — Раманчук


Яраслаў Раманчук. 2019 год.
Яраслаў Раманчук. 2019 год.

Эканаміст Яраслаў Раманчук ацэньвае прызначэньне новага міністра эканомікі, аналізуе, ці здолее ўлада працягваць падвышаць заробкі ў новым годзе, і кажа пра магчымасьць абвалу, параўнальнага з часамі развалу СССР.

Сьцісла:

  • Новы міністар эканомікі — даволі шэрая асоба, якая наўрад ці будзе на нешта ўплываць.
  • Міністэрства эканомікі зараз працуе своеасаблівым палітруком у стасунках з прадпрымальнікамі, тлумачыць ім тыя правілы і рашэньні, якія прымае Адміністрацыя прэзыдэнта.
  • Самы папулярны спосаб «падвышаць заробкі» — гэта маніпуляцыі са статыстыкай і мэтадалёгіяй.
  • У беларускай эканоміцы можа адбыцца абвал, які магчыма будзе параўнаць толькі з развалам Савецкага Саюзу.


— Аляксандар Лукашэнка прызначыў новага міністра эканомікі — Юрыя Чабатара. Ці маеце вы нейкую думку пра гэтага чалавека? Дзеля чаго была патрэбная гэтая замена? Увогуле — ці вызначае ў сёньняшняй Беларусі міністар эканомікі асновы эканамічнай палітыкі?

— Перш за ўсё — што такое сёньня Міністэрства эканомікі ў сыстэме прыняцьця эканамічных рашэньняў? Гэта як салдат у войску, якому сказалі «маляваць плот адсюль і да абеду». Ніякай стратэгічнай ролі ў вызначэньні эканамічнай палітыкі міністэрства ня мае. Таму хто б зараз ні быў на чале гэтага міністэрства — ня мае вялікага значэньня.

Апошні міністар, які спрабаваў фармаваць эканамічную палітыку, — Андрэй Тур, які ўжо пайшоў з жыцьця. Ён быў доктарам эканамічных навук і імкнуўся ўплываць на тое, куды рухаецца эканоміка. Пасьля яго міністэрства было і застаецца адрыжкай Дзяржпляну, з элемэнтамі рэгуляваньня псэўдарынку. Новы міністар, які працаваў у міністэрстве больш за 20 гадоў, ня вылучыўся ні навуковымі працамі, ні публічнымі дыскусіямі, які адказваў за імпартазамяшчэньне — як ён можа прынесьці нешта новае, стаць прарыўным?

Калі паглядзім на Нацбанк ці Міністэрства фінансаў, то — хоць можна не пагаджацца зь нейкімі крокамі ці інструмэнтамі — але там працуюць тэхнакраты-прафэсіяналы. Як мне падаецца, новы міністар эканомікі — даволі шэрая асоба, якая ня будзе ні на што ўплываць. Зараз прызначаюць людзей, якія не высоўваліся. Вось ён і не высоўваўся, гатовы выконваць загады, якія спусьцяць «зьверху».

Міністэрства эканомікі зараз працуе такім своеасаблівым палітруком у стасунках з прадпрымальнікамі, тлумачыць ім тыя часта бязглуздыя правілы і рашэньні, якія прымае Адміністрацыя прэзыдэнта.

— Надыходзяць выбарчыя часы, і перад выбарамі ўлады заўсёды імкнуцца падвысіць заробкі, трымаць курс рубля, напампоўваць эканоміку. У прынцыпе, паводле афіцыйных дадзеных, ужо ў мінулым, 2023 годзе назіраўся істотны рост даходаў насельніцтва. Ці ўдасца падтрымаць гэтую тэндэнцыю сёлета, а калі так, то за кошт чаго?

— Самы папулярны спосаб «падвышаць заробкі» — гэта маніпуляцыі са статыстыкай і мэтадалёгіяй. Калі мы ня верым афіцыйным вынікам «выбараў», то няма ніякіх падставаў верыць і ў макраэканамічныя паказчыкі, якія прапануюцца ўладай.

Мяркую, што Міністэрства эканомікі ня будзе карыстацца строгімі правіламі разьліку інфляцыі, выяўленьня прадпрымальніцкіх настрояў і гэтак далей. Гэта будзе орган, якому скажуць «Цэны стоп, раз-два» — яны і адкажуць, што цэны спыніліся. Вы хацелі імпартазамяшчэньня і інавацыйных прадуктаў? Дык яны адразу зьмянілі мэтодыку, што можна называць «інавацыямі» — арэшнік стаў інавацыйным прадуктам.

Тое, што яны выдалі ў 2023 годзе — прадукцыйнасьць працы плюс 5,5 працэнта, рэальныя даходы насельніцтва плюс 6,5 працэнта — безумоўна, гэта ня можа працягвацца доўга. Улады разьлічваюць, што сёлета будзе працягвацца праца з расейскімі замоўнікамі, будзе чарговы «інтэграцыйны» грант ад Крамля — і можна будзе зноў намінальна падвышаць заробкі.

Міністэрства эканомікі ня можа прыцягнуць інвэстыцыі — яно ня мае для гэтага паўнамоцтваў.

— Цікава, што, паводле апытаньняў, беларусы ў масе сваёй не адчуваюць таго паляпшэньня матэрыяльнага становішча, пра якое кажа афіцыйная статыстыка.

— Калі яны дакладаюць пра павялічэньне заробку за год на 10 працэнтаў, то гэта павінна было б адчувацца большасьцю жыхароў краіны. І раней заўсёды замеры такіх апытаньняў, настрояў прыблізна супадалі з афіцыйнымі дадзенымі. Калі ж людзі цяпер кажуць, што не адчуваюць паляпшэньня ўзроўню жыцьця — то з афіцыйнай статыстыкай нешта ня тое.

Калі афіцыйна інфляцыя каля 5 працэнтаў, а людзі кажуць, што на харчаваньне трацяць 35–40 працэнтаў даходаў, то можна меркаваць, што сапраўдная інфляцыя 15–20 працэнтаў. І я больш веру людзям, а не Белстату, тым больш што многія дадзеныя цяпер засакрэчаныя.

— Эканоміка Беларусі прадэманстравала аднаўленчы рост у 2023 годзе, які склаў прыблізна столькі ж, колькі было падзеньня ў 2022-м. Які можна даць прагноз на 2024 год?

— Асноўныя чыньнікі будуць не эканамічныя, а геапалітычныя і ваенныя. Шмат залежыць ад таго, як будзе складацца сытуацыя на фронце. Калі Ўкраіна пачне больш рашуча перамагаць Расею, то гэта адаб’ецца на здольнасьці Масквы дапамагаць Менску. І гэта можа стаць лявінай, гэта ня будзе падзеньне на 2–4 працэнты, гэта будзе абвал. Бо разбурацца тыя ланцужкі, якія цяпер фінансуюцца Расеяй, падтрымка Масквы таксама зьменшыцца.

Лукашэнка зрабіў усё, каб у яго не было магчымасьці нэўтралізаваць такі сцэнар. Ён склаў усе яйкі ў адзін — расейскі — кошык, ён зрабіў Беларусь эканамічнай губэрняй Расеі. Пакуль ён зарабляе на вайне, на пастаўках у расейскі ВПК. Калі ж гэта скончыцца, то будзе абвал, які можна будзе параўнаць толькі з развалам Савецкага Саюзу.

— У мінулым годзе сапраўды беларускі экспарт быў пераарыентаваны на Расею, і цяпер каля 60 працэнтаў экспарту ідзе туды. Якія пагрозы нясе такая залежнасьць?

— Я б адзначыў, што важная нават ня столькі пераарыентацыя экспартных рынкаў, колькі пераарыентацыя транспартных і лягістычных ланцужкоў. Стала больш плоскай структура экспарту, эўрапейскі рынак прымаў больш розных тавараў, можна было там працаваць на самых розных дзялянках. А расейскі рынак успрымае беларускія тавары як «свае».

Стратэгічна і Беларусь, і Лукашэнка з гэтай пераарыентацыяй на Расею шмат страцілі, але тактычна гэты расейскі рынак выцягнуў беларускі экспарт. Безумоўна, у 2024 годзе Расея ўжо будзе больш агрэсіўна ставіцца да беларускіх тавараў, узрасьце канкурэнцыя. Да таго ж ліміт прысутнасьці беларускіх тавараў на расейскім рынку ўжо дасягнуты.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG