Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам». Лукашэнка пачынае чарговую выбарчую кампанію


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Лукашэнка вырашыў пачаць сваю чарговую прэзыдэнцкую кампанію загадзя, аж за паўтара года да даты выбараў.

Відавочна, ён правёў працу над памылкамі і зрабіў высновы з прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Галоўная зь іх палягае ў тым, што той кампаніі ён фактычна не праводзіў: паспадзяваўся на сілу дзяржапарату і ўласны аўтарытэт.

Сьцісла:

  • Асаблівасьць цяперашняга году палягае ў тым, што набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. І Лукашэнка арыентуе адпаведным чынам чыноўнікаў.
  • Лукашэнка даводзіць, «што цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам», бо «лепш за нас ня будзе».
  • Рашэньне Пуціна зноў ісьці на прэзыдэнцкія выбары ў РФ зьняло псыхалягічны бар’ер і для Лукашэнкі.
  • Заявай пра намер балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнка вырашыў спыніць усялякія кулюарныя размовы. Маўляў, я застаюся, нічога не мяняецца, нават не спрабуйце шукаць новага гаспадара.
  • Блякаваньне YouTube азначае, што з пачаткам выбарчай кампаніі Лукашэнкі ўзяты курс на зьнішчэньне любой альтэрнатывы.

Гаворачы пра выбарчы год, усе звычайна маюць на ўвазе адзіны дзень галасаваньня 25 лютага, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў. Але высьвятляецца, што Аляксандар Лукашэнка, разважаючы на гэтую тэму, мае на ўвазе зусім іншае. Падчас кадравых прызначэньняў 4 студзеня, ён канстатаваў: «Год у нас асаблівы. Таму будзем гаварыць усё сумленна і адкрыта, каб нас да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў праз год не папракалі, што мы там недзе круцілі, няпраўду казалі і ўвогуле ўлада наша ні да чога не прыдатная, як зараз ужо пачынаюць гэта раскручваць. Таму гэты год будзе асаблівы».

Для тых, хто не зразумеў, Лукашэнка на наступны дзень, 5 студзеня, падчас нарады ў пытаньнях якасьці паўтарыў: «Год у нас будзе асаблівым. Зразумела, што напружаньне будзе неймавернае: да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рыхтуюцца ўсе — і на Ўсходзе, і на Захадзе».

Такім чынам, асаблівасьць цяперашняга году палягае ў тым, што пачынаецца падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. І Лукашэнка арыентуе адпаведным чынам чыноўнікаў, каб яны не затлумляліся, ня надта засяроджваліся на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах, якія мала каго цікавяць, а мелі на ўвазе галоўную падзею сэзону.

І тут Лукашэнка робіць яшчэ адзін адметны крок. Важная ягоная заўвага, што «будзем гаварыць усё сумленна і адкрыта, каб нас да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў праз год не папракалі, што мы там недзе круцілі». І вось ён ня круціць, а прама кажа:

«Лёгка ня будзе. Будзе цяжка, асабліва сёлета. Не таму, што цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам. Не таму, што нехта чагосьці хоча. Мы проста людзям павінны яшчэ раз даказаць, што мы сумленна, шчыра працавалі гэтыя гады. Ну а калі атрымаецца, пераканаць людзей у тым, што лепш за нас ня будзе. Гавару адкрытым тэкстам у пачатку году».

Такім чынам, Лукашэнка «адкрытым тэкстам» даводзіць, «што цяперашні прэзыдэнт хоча быць і далей прэзыдэнтам», бо «лепш за нас ня будзе». Дарэчы, аргумэнт, чаму ён хоча быць і далей прэзыдэнтам, ня самы пераканаўчы. Замест вобразу Выратавальніка краіны і народу ад забурэньняў гаворыцца, што ўсе іншыя прэтэндэнты будуць ня лепшымі, а горшымі. Ці то тут спрацоўвае прыродная сьціпласьць, ці гэта адзіны рэальны довад, які можа пераканаць людзей, якія пакуль ня вызначыліся.

Яшчэ летам мінулага году Лукашэнка на пытаньні журналістаў, ці будзе балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін, адказваў няпэўна: маўляў, яшчэ шмат часу наперадзе, там паглядзім. А цяпер за паўтара года да выбараў ён раптам робіць такую пэўную заяву. Чаму? Ёсьць некалькі прычын.

Па-першае, рашэньне Ўладзіміра Пуціна зноў ісьці на прэзыдэнцкія выбары ў РФ зьняло псыхалягічны бар’ер і для Аляксандра Лукашэнкі.

Па-другое, Лукашэнка пачаў адчуваць нейкія хістаньні ў асяродзьдзі намэнклятуры, блізкага атачэньня. І яны найперш зьвязаныя са станам здароўя ўладара. Гэта цяжка не заўважыць нават абываталю, які глядзіць тэлевізар. А людзі з блізкага атачэньня бачаць значна больш.

Справа нават не ў рэальным стане здароўя, а ў тым, што мяняецца вобраз. Амаль 30 гадоў Лукашэнка паўставаў у абліччы гэткага «мача», моцнага, фізычна дужага мужыка, спартовага прэзыдэнта, які гуляе ў хакей, дамінуе на лыжні, косіць траву з Дэпардзьё, коле дровы, танчыць з прыгожымі дзяўчатамі. І ўсіх перамагае — як у спорце, так і ў палітыцы.

А каго бачым цяпер? Немаладога, ня вельмі здаровага чалавека, псыхалягічна моцна траўмаванага падзеямі 2020 году, вельмі агрэсіўнага ў дачыненьні да палітычных апанэнтаў і суседзяў, увесь сэнс паводзінаў якога зводзіцца да таго, каб, як ён сам сфармуляваў, пасінелымі пальцамі трымацца за ўладнае крэсла да канца жыцьця.

Назіраючы гэта, кіроўная эліта пачынае задумвацца пра будучыню і азірацца па баках. Асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Лукашэнка гэта адчувае. І вырашыў спыніць усялякія кулюарныя размовы, «забіць цьвікі па плешку». Маўляў, я застаюся, нікуды ня рыпайцеся, нічога не мяняецца, нават не спрабуйце шукаць новага гаспадара.

У гэтым пляне варта разглядаць і новы раўнд барацьбы з карупцыяй. Лукашэнка ўбачыў, што кіроўная намэнклятура асьмялела, пачала выходзіць з-пад кантролю. Магчыма, ад таго, што ёй здалося, нібыта «бацька» аслаб. І вось, каб паставіць на месца высокіх чыноўнікаў, і разгортваецца «малочная справа», затрыманы экс-міністар сельскай гаспадаркі і памочнік Лукашэнкі па Віцебскай вобласьці Ігар Брыло. Зьявілася неправераная інфармацыя пра затрыманьне дырэктара БелАЗу. Гэта топавыя чыноўнікі. Сыгнал усім іншым пра тое, што павінны баяцца.

Нарэшце, па-трэцяе, Лукашэнка ў пэўным сэнсе правёў працу над памылкамі і зрабіў высновы з прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Галоўная зь іх палягае ў тым, што той кампаніі ён фактычна не праводзіў, паспадзяваўся на сілу дзяржапарату і свой аўтарытэт. І цяпер вырашыў пачаць чарговую прэзыдэнцкую кампанію загадзя, аж за паўтара года да даты выбараў.

Цяперашнія заявы — гэта не адзіная прыкмета перадвыбарнага пэрыяду, які пачаўся. Вось блякаваньне YouTube напярэдадні навагодняга віншаваньня Сьвятланы Ціханоўскай — знакавы жэст. Ён вяртае нас да падзей першых трох дзён пасьля галасаваньня 2020 году, калі ўлады адключалі інтэрнэт. Але навагодняе віншаваньне дэмакратычнага лідэра і прэзыдэнцкія выбары — рэчы непараўнальныя. Здавалася б, якая небясьпека ад выступу Ціханоўскай?

Што азначае цяперашняе блякаваньне? Тое, што з пачаткам выбарчай кампаніі Лукашэнкі ўзяты курс на зьнішчэньне любой альтэрнатывы. Можна меркаваць, што нешта падобнае будзе адбывацца і ў іншыя знакавыя даты: 25 лютага, адзіны дзень галасаваньня, 25 сакавіка, Дзень Волі і гэтак далей.

І частае зьяўленьне ў дзяржаўных мэдыя намесьніка міністра МУС, камандуючага ўнутранымі войскамі Мікалая Карпянкова з шаўронам ПВК «Вагнэр» павінна выконваць ролю пужалкі. Бо Карпянкоў сёньня — гэта ня проста сілавік, а вобраз, увасабленьне вагнэраўскай кувалды, скіраванай супраць усіх ворагаў Лукашэнкі.

І можна прагназаваць, як будзе праходзіць новая прэзыдэнцкая кампанія. Ня будзе ніякай, нават слабай альтэрнатывы. 2020 год, калі былі зарэгістраваны аж чатыры апанэнты Лукашэнкі, якія даволі моцна крытыкавалі ўладара, больш не паўторыцца. Патрэбны будуць хіба што падстаўныя слабыя кандыдаты, старэйшыя за яго, каб на іх фоне ён выглядаў маладым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG