Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія зоркі запісваюць пакаяньні пасьля «голай» вечарынкі. На імпрэзе былі і беларусы


Анастасія Іўлеева
Анастасія Іўлеева

Вядомыя артысты і мэдыйныя асобы, якія прысутнічалі ў ліку гасьцей, апублікавалі свае відэапрабачэньні. Сама арганізатарка мерапрыемства, блогерка і тэлевядоўца Анастасія Іўлеева, запісала зварот, у якім папрасіла другога шанцу ў «расейскага народу».

«Голая вечарына» Анастасіі Іўлеевай, якая праходзіла 20 сьнежня ў маскоўскім клюбе «Мутабор», была прысьвечана адкрыцьцю выставы неапублікаваных фатаздымкаў для часопіса Playboy, паведамляюць расейскія СМІ. Для гасьцей рэкамэндаваўся дрэс-код зь мінімумам адзеньня. Многія зоркі прыйшлі ў паўпразрыстых уборах або напалову аголенымі. Відэазапісы зь вечарынкі трапілі ў інтэрнэт і выклікалі скандал у расейскай блогасфэры, а затым і афіцыйнае асуджэньне.

У прыватнасьці, многія «патрыятычныя» блогеры прыраўноўвалі ўдзельнікаў вечарынкі да здраднікаў за «распушчаную весялосьць» у той час, калі расейскія салдаты гінуць ва Ўкраіне, і патрабавалі іх максымальна жорстка пакараць.

Сярод гасьцей імпрэзы заўважылі і беларусаў — Аляксандру Сулім і Дзіму Ермузевіча.

Прозвішча Ермузевіча (блогер з Гомля, які жыве і працуе ў Маскве, мае амаль мільён падпісантаў на Instagram, у 2020 годзе выказаўся за «сумленныя і свабодныя выбары». — РС) пазьней зьвілася ў неафіцыйных сьпісах розных тэлеграм-каналаў у ліку тых, да каго расейскія ўлады могуць прыйсьці з «рознымі праверкамі».

Сулім зь Менску, у свой час яна праходзіла стажыроўку ў «Белорусской деловой газете», апошнім часам працавала для расейскіх незалежных выданьняў Meduza і «Редакция». Цяпер вядзе свой YouTube-канал у тэматыцы тру-крайм.

Вядомыя артысты і мэдыйныя пэрсанажы, якія прысутнічалі сярод гасьцей, у выніку пачалі публікаваць свае прабачэньні. Сьпявак Філіп Кіркораў 26 сьнежня заявіў, што «зазірнуў на пяць хвілін, зразумеў, што зайшоў ня ў тыя дзьверы, і пайшоў». Ягоны калега Дзіма Білан таксама зьвярнуўся да прыхільнікаў, сказаўшы, што быў прыстойна апрануты і прабыў на вечарыне нядоўга.

Некаторыя зоркі выказаліся супраць такой скандальнай рэакцыі, зазначыўшы, што вечарынка была прыватнай, а фота і відэа зь яе не прызначаліся для распаўсюджваньня.

Журналістка і блогер Ксенія Сабчак у сваім відэазвароце назвала вечарынку «безгустоўнай», але заклікала не цкаваць яе ўдзельнікаў і «не рабіць з герояў фігні злачынцаў». Акторка і сьпявачка Лаліта Міляўская заявіла, што дрэс-код быў жартоўным. Міляўская таксама сказала, што чула патрабаваньні скасаваць і наагул забараніць яе выступы, у тым ліку ў навагодніх канцэртах.

Сама арганізатарка вечарынкі Анастасія Іўлеева двойчы патлумачыла сытуацыю ў сваіх сацсетках. Паводле яе, мерапрыемства было закрытым, нічога незаконнага на ім не адбывалася, а адкрыты паказ выставы адбыўся на наступны дзень і цалкам адпавядаў усім законным патрабаваньням. Яна папрасіла прабачэньня за тое, што некаторыя госьці, магчыма, «перагнулі палку», і за тое, што відэа з закрытай вечарынкі трапіла ў сеціва, што было непрымальна. Выручку ад продажу білетаў на выставу ў другі дзень яе адкрыцьця яна паабяцала пералічыць на дабрачыннасьць.

«Кажуць, Расея ўмее дараваць»

Аднак перасьледу з боку ўладаў прабачэньні блогеркі не спынілі. Празь некаторы час у Хамаўніцкі суд Масквы супраць Іўлеевай паступіў калектыўны пазоў. Пазоўнікі, чые імёны і колькасьць не называюцца, сьцьвярджаюць, што навіны пра вечарынку нанесьлі ім маральную шкоду. Яны запатрабавалі спагнаць зь Іўлеевай кампэнсацыю агульнай сумай у адзін мільярд рублёў.

Уначы 27 сьнежня Іўлеева запісала новае дваццаціхвіліннае відэа, у якім заявіла, што ёй шкада тых, хто пацярпеў з прычыны яе вечарынкі ў клюбе Mutabor.

«Кажуць, Расея ўмее дараваць. Калі гэта так, я б вельмі хацела папрасіць другі шанец у вас, у народу. А калі не, то прылюднага пакараньня ніхто не адмяняў. У прынцыпе, што, напэўна, цяпер і адбываецца. І гатовая да любых зыходаў», — заявіла блогерка, выціраючы сьлёзы.

Кампаніі МТС і VK, тэлеканалы ТНТ, НТВ, а таксама іншыя мэдыя і рэклямныя кампаніі спынілі супрацоўніцтва з Іўлеевай і іншымі ўдзельнікамі вечарыны, паведаміў «Коммерсантъ».

Ранкам 27 сьнежня стала вядома, што ФНС Расеі праводзіць падатковую праверку Іўлеевай. Аб гэтым заявіла кіраўнік Лігі бясьпечнага інтэрнэту Кацярына Мізуліна. Блогерцы пагражае да 5 гадоў зьняволеньня. Раней суд у Маскве прызнаў вечарынку Іўлеевай «ЛГБТ-прапагандай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG