Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як на Акрэсьціна ад сілавікоў». Размова з блогерамі Лізай Ветравай і Мікітам Бялевічам


Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч, фота з прыватных архіваў герояў
Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч, фота з прыватных архіваў герояў

«Калі ты будзеш стала працягваць рабіць сваё, то посьпех ужо ў цябе ў кішэні». Аўтары шоў «Бусь Беларусь» расказваюць, чаго не хапае беларускаму ютубу і як там распачаць свой праект.

Ліза Ветрава і Мікіта Бялевіч — блогеры, вядоўцы ютуб-шоў «Бусь Беларусь» ад грамадзкай ініцыятывы «Годна». Ідэя шоў зьявілася ў Паўла Белавуса, які цяпер за кратамі.

«Паша прыцягнуў туды нас. Мы не павінны былі быць вядоўцамі гэтага праекту, плянавалі проста езьдзіць зь іншым вядоўцам і паралельна запісваць свае ТыкТокі. Але калі мы сабраліся ўсе разам на агульнай плянэрцы, стала зразумела, што будзе цікавей, калі будзе некалькі вядоўцаў. Так мы стартанулі ў «Годна», — апавядае блогерка Ліза Ветрава.

Мікіта Бялевіч пачаў сваю дзейнасьць у «Годна» з праекту «Электратрып» — вандроўкі на электрычцы на адзін дзень. Пасьля вёў ТыкТок «Годная музыка», тады ж прыйшла прапанова ўзяць удзел у «Бусь Беларусь».

За час падарожжаў у Мікіты зь Лізай здаралася шмат цікавага і нават страшнага, расказваюць блогеры.

Ліза Ветрава
Ліза Ветрава

«Мы здымалі ў Друі, мне насамрэч там вельмі спадабалася, але месца, дзе мы начавалі... Гэта быў кляштар, сапраўдныя кельлі. Калі мы туды прыехалі, нам сказалі: „Учора была навальніца. Маланка ўдарыла проста ў кляштар, таму электрычнасьці і гарачай вады няма“. Я падумала: гэта ўжо нейкі званочак. Потым засяляюць мяне ў пакой: белыя сьцены, ложак і на ўсю сьцяну палатно з Ісусам. І самае страшнае: адзін з чальцоў каманды вырашыў дакрануцца да палатна — і зразумеў, што Ісус штосьці хавае. І вось за гэтай карцінай была дзіра ў сьцяне, якая вяла ў наступны пакой, дзе стаялі закінутыя ложкі, нейкая сьвяточная ялінка. Для мяне гэта быў стандартны фільм жахаў», — прыгадвае Ліза.

У Мікіты ж іншыя ўспаміны пра той жа кляштар.

Мікіта Бялевіч
Мікіта Бялевіч

«Мы былі адзіныя, хто там жыў. Да нас прыходзілі мясцовыя жыхаркі гатаваць вячэру і сьняданак. І вось калі мы з дарогі толькі прыехалі, велізарны стол быў, як у „Тайнай вячэры“, мы селі ўсёй камандай пад крыжам, а там — дранікі, салацікі, усё кайфовае. А я веган, і яны нічога не прыдумалі лепш, чым зрабіць мне вялізную талерку грэчкі і агуркі. Але яны хоць штосьці прыдумалі, таму дзякуй прыемным жанчынам. Друя — клёвае месца».

Яшчэ адным запамінальным месцам у падарожжах па Беларусі была пячора Цмока, кажуць Мікіта зь Лізай.

«Мяне ўразіла само месца, бо навокал лес, азёры, сам шлях быў вельмі прыгожы. Хоць я не палезла ў саму пячору, бо я баюся, калі замкнёная прастора», — апавядае Ліза.

«Там было шмат павукоў. Я спачатку падумаў, што гэта нейкія валасы ў пячоры, а потым зразумеў, што яны рухаюцца. І страшна, што табе няма куды ўцякаць, бо ты прыйшоў да павукоў дадому», — дадае Мікіта.

«У „Годна“ атрымалася перажыць увесь гэты трэш»

У першым сэзоне шоў «Бусь Беларусь» выйшла ажно 12 выпускаў. Нават у 2021 годзе каманда працягвала здымаць, нягледзячы на разгар рэпрэсій у Беларусі.

«Гэта нейкая наіўная дурасьць беларуская, бо я адчула рэальную небясьпеку толькі пасьля таго, як Мікіту затрымалі. Калі ён вызваліўся, то крыху расказаў, як у яго праходзілі дні, і я тады падумала: трэба ехаць», — кажа Ліза.

Беларускія блогеры Ліза Ветрава, Мікіта Бялевіч і Мікіта Найдзёнаў.
Беларускія блогеры Ліза Ветрава, Мікіта Бялевіч і Мікіта Найдзёнаў.

Хлопца затрымалі летась 17 сакавіка і асудзілі на 15 сутак.

«Сапраўды, гэта нейкая дурасьць: ты спадзяесься, што цябе пранясе, а нават калі не, то быццам ня так страшна, стараесься пра гэта ня думаць. Але калі я трапіў у турму, думаў: калі мне пашчасьціць і гэтыя 15 сутак скончацца, то я не гатовы зноў рызыкаваць, я не хачу тут аказацца гадоў на дзесяць. Потым, як аказалася, яны [сілавікі. — РС] „прачнуліся“ крыху пазьней, дзесьці ў траўні ці ў пачатку лета яны пачалі „раскручваць“ справу, прыходзілі позвы ў суд».

Мікіта кажа, што яму пашчасьціла, бо пазьней пачалі прыходзіць яшчэ і па тыктокераў. Падчас здымак у Беларусі да вядоўцаў падыходзілі міліцыянты і пыталіся іх дадзеныя.

«Безумоўна, мы стараліся не нарывацца, пагаджаліся не здымаць болей. Неяк я пайшла з Пашам Белавусам і апэратарам здымаць пра школу, дзе вучылася Ларыса Геніюш. І вось два міліцыянты хадзілі за намі на адлегласьці 20 мэтраў, а потым падышлі, перапісалі нашыя дадзеныя. Было страшнавата», — кажа Ліза.

Блогерка заўважае, што, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, каманда «Годна» не распалася і працягвае разьвівацца нават пасьля пераезду за мяжу.

«Мы сапраўды шмат чаго прайшлі. Калі пачалася вайна, я была ва Ўкраіне — гэта таксама стрэс для каманды і для мяне. Потым Мікіту пасадзілі, далей быў пераезд, і мы ўсе апынуліся за мяжой, ня ведалі, што рабіць і як. Але, я думаю, мы малайцы, што працягнулі праект і не адмовіліся ад яго».

Мікіта дадае, што празь перажытыя цяжкасьці ўзровень шоў і асабістых навыкаў вядоўцаў значна вырас.

«У „Годна“ атрымалася перажыць увесь гэты трэш: затрымалі кіраўніка, пачалася вайна, потым суткі, пераезд, хтосьці ў Польшчы, хтосьці ў Вільні. Але калі паглядзець на той жа самы „Бусь“, як адрозьніваецца другі сэзон ад першага, я бачу, як мы зь Лізай вырасьлі ў асабістых навыках, як падняўся ўвесь прадакшн увогуле».

«Не хапае нам усім пачуцьця дома, каб пачаць бахаць на ўсю моц»

Беларусь за мяжой як грамада людзей існуе, упэўненая Ліза. Але скардзіцца, што адчуць сябе як дома ў Літве яна ня можа.

Ліза Ветрава
Ліза Ветрава

«Беларусь за мяжой адрозьніваецца ад той Беларусі, што існуе ўнутры краіны. Тут ты адчуваеш сябе па-іншаму, адчуваеш сябе чалавекам, ты не баісься выйсьці на вуліцу. Мяне ўжо ня трыгерыць, калі я бачу тут паліцыю, ня так пужаюць нейкія масавыя мерапрыемствы. Але і зь іншага боку, я тут адчуваю яшчэ большую адказнасьць, бо разумею, што на новую Беларусь людзі ўнутры Беларусі ня могуць так актыўна працаваць, як можам мы тут. Таму прыходзіцца працаваць удвая ці ўтрая больш, каб хутчэй вярнуцца на радзіму і там быць усім разам», — апавядае Ліза.

Мікіта перакананы, што беларусы здольныя рабіць клясныя рэчы за мяжой.

«Я ня ведаю, ці існуе Беларусь за межамі Беларусі. Я ведаю, што дакладна існуюць беларусы і беларускі — і гэта вельмі вялікая сіла, якая здольная на шмат клясных штук. Можа, не хапае нам усім нейкага пачуцьця дома тут, каб пачаць бахаць на ўсю моц».

«Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як мяне абражалі на Акрэсьціна сілавікі»

Людзі пішуць вядоўцам «Бусь Беларусь» шмат словаў падтрымкі, кажуць блогеры. Таксама гледачы заўважаюць, як палепшылася якасьць шоў. Але ёсьць і хэйтэры.

«У мяне ёсьць тэчка ў тэлефоне з хэйт-камэнтамі. Я пачаў іх скрыніць, калі мы яшчэ езьдзілі з „Электратрыпам“. Мой любімы камэнт нейкай жанчыны: „Можно было нормально про город рассказать, а не летать как клоун“. Я думаю: ну крута, лётаю як клоўн, — сьмяецца Мікіта. — Але што тычыцца „Буся“, то там мяне хэйцілі за зьнешнасьць: пафарбаваныя валасы, пірсінг, татуіроўкі. Вось цікавы патэрн: хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як мяне абражалі на Акрэсьціна сілавікі».

Мікіта Бялевіч
Мікіта Бялевіч

Ліза дадае, што пад «Бусь Беларусь» пакідаюць ня столькі хэйт-камэнтары, колькі розныя заўвагі і крытыку, якія каманда цалкам прымае і разумее.

«Я размаўляю па-беларуску — гэта стылёва, модна, і гэта знак якасьці»

Беларускаму ютубу цяпер нестае кантэнту, якія не канцэнтруецца вакол беларускай мовы і гісторыі, лічыць Мікіта Бялевіч.

«Не хапае любога кантэнту: якаснага і ня вельмі, аўтарскага, ад кампаніі, арганізацыі, кантэнту камэдыйнага, б’юці-сфэры, гульнявога. Гэта вось як жарт пра тое, што беларуская літаратура — пра вайну і вёску, вось штосьці падобнае можна сказаць пра беларускі ютуб: ён пра мову і гісторыю. І няма нічога дрэннага ў кантэнце пра мову і гісторыю, я сам гэта люблю і датычны да такога кантэнту. Але калі існуе толькі такі кантэнт, то ёсьць адчуваньне, што на беларускай мове нельга больш ні пра што размаўляць, а гэта ня так», — кажа Мікіта.

Ліза Ветрава
Ліза Ветрава

Ліза мяркуе, што беларускаму ютубу цяпер нестае свабоды, бо людзі ўнутры краіны баяцца нешта рабіць, і гэта затарможвае разьвіцьцё.

«Сапраўды, ёсьць такая пятля: калі ты знаходзісься ў Беларусі, табе страшна рабіць кантэнт на беларускай мове, бо тады ты быццам змагар, тэрарыст. А калі ты за мяжой, пачынаеш браць адказнасьць за тое, што ты павінен расказваць пра важныя рэчы, ня проста „як я правёў сёньня дзень“, „якім я хайлайтэрам карыстаюся“, а пра штосьці грунтоўнае. Людзям у Беларусі не хапае звычайнага кантэнту пра жыцьцё на беларускай мове, вельмі не хапае сьвежых твараў», — дадае Мікіта.

Блогерка перакананая, што каб выйсьці з расейскага інфармацыйнага кантэксту і ўплыву, варта папулярызаваць беларускую мову.

«Калі мы ня будзем казаць, што беларуская мова пад прыгнётам, нешчасьлівая, а наадварот, будзем трансьляваць думку: паглядзіце, я размаўляю па-беларуску, гэта стылёва, модна, моладзева, у мяне атрымліваецца, і гэта знак якасьці».

«Нас было двое, мы ня ўмелі нічога, затое быў тэлефон і жаданьне штосьці рабіць»

Мікіта і Ліза раяць усім: пачынайце рабіць сваё, нават калі баіцеся.

«Я разумею, што гэта складана, быццам: „У мяне ё ідэя, але мне ж трэба каманда, сьвятло, камэра, дзень, тыдзень, каб была поўня, каб гэта было ў красавіку, каб мяне звалі Лёша“. Але насамрэч галоўнае — пачаць штосьці рабіць. У кожнага ёсьць тэлефон, ёсьць сябар з тэлефонам, мама, тата, хоць штосьці», — кажа Мікіта.

І калі ютуб патрабуе большай якасьці кантэнту, то пачаць свой праект у ТыкТоку можна, маючы ўсяго адзін тэлефон, тлумачыць блогер.

«Лепш за ўсё падганяць творчую ідэю пад тэхнічныя магчымасьці. Клясна, што ў цябе ёсьць ідэя зьняць міні-сэрыял на 15 камэр і 16 чалавек, але пакуль пакінь гэта, зрабі самую простую вэрсію таго, што ты прыдумаў. Няхай гэта будзе скетч, дзе ты зайграеш сам усіх людзей: жанчыну з ручніком на галаве, мужчыну з барадой, намаляванай маркерам. І ня важна, што гэта будзе 15 ці 50 праглядаў спачатку, бо калі ты будзеш стала працягваць рабіць сваё, то посьпех ужо ў цябе ў кішэні».

Ліза дадае, што яна таксама пачынала свой шлях зь ня вельмі добрага тэлефону, ня маючы нават лямпы для здымак.

«Ты будзеш даведвацца пра новае асяродзьдзе, хтосьці нешта падкажа, параіць, і ўсё — уступіш у суполку, дзе будуць такія ж людзі, як ты. Потым штосьці можна разам здымаць. Вось вы ўжо выходзіце на новы ўзровень здымак. Гэта ўсё паступовы працэс, і каб яго запусьціць, трэба яго падштурхнуць».

«Знайдзіце людзей, якія займаюцца нечым падобным, і рабіце гэта разам. Вас можа быць трое, вы, можа, нічога ня ўмееце, але вучыцца і рабіць штосьці будзеце ў тры разы хутчэй. Мой першы праект, зьвязаны з блогінгам, — гэта падкаст на трасянцы, запісаны на 7-ы айфон, які ляжаў на падушцы на стале. Нас было двое, мы ня ўмелі нічога, затое быў тэлефон і жаданьне штосьці рабіць. Гэта быў пачатак, які дазволіў мне прыйсьці сюды», — дадае Мікіта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG