Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захад мае толькі адзін сродак уплыву на рэжым Лукашэнкі — санкцыі», — палітычны аналітык Кацярына Глод


Кацярына Глод, Аляксандар Лукашэнка, каляж
Кацярына Глод, Аляксандар Лукашэнка, каляж

Як працуюць заходнія санкцыі адносна Беларусі? Чаму сёлета афіцыйны Менск аднавіў міграцыйны ціск на Эўропу? Ці прызнаў Захад Ціханоўскую і дэмакратычныя сілы Беларусі на афіцыйным узроўні?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае палітычны аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Кацярына Глод.

Сьцісла:

  • Расея ў значнай ступені нівэлюе ўзьдзеяньне заходніх санкцыяў адносна Беларусі.
  • Захаду застаецца толькі адзін інструмэнт узьдзеяньня на рэжым Лукашэнкі — санкцыі.
  • Абвешчаны Ціханоўскай выбар на карысьць Эўропы забясьпечвае тое, што на Захадзе не забываюць Беларусь.
  • Сёлета паглыбілася інстытуцыйнае ўзаемадзеяньне заходніх урадаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
  • Ціханоўская будзе разглядацца на Захадзе як легітымная прадстаўніца беларускага народу і ў 2024, і ў 2025 гадах, пасьля чарговых прэзыдэнцкіх выбараў.

Асноўныя падзеі 2023 году ў стасунках Беларусь — Захад

  • Новыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • Спрэчкі ў ЭЗ пра санкцыі адносна калійных угнаеньняў.
  • Абвастрэньне міграцыйнага крызісу.
  • Візыты міністра замежных справаў Вугоршчыны, даверчыя лісты Лукашэнку ад вугорскага амбасадара.
  • Адсутнасьць прагрэсу ў пытаньні палітвязьняў.
  • «Паўзучае» прызнаньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту з боку заходніх краінаў.
  • Эўрапейскі выбар, дэкляраваны дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
  • Зьмена ўлады ў Польшчы.

— Кацярына, ці працуюць заходнія санкцыі адносна Беларусі? А калі працуюць, то ў якой ступені?

— Ці атрымліваецца ў Захаду ажыцьцяўляць ціск на рэжым Лукашэнкі? Я думаю, што ў гэтым сэнсе санкцыі працуюць недзе на 20-30%. Калі ж гаварыць пра ўзьдзеяньне на эканоміку, то, зразумела, санкцыі працуюць. Гандаль Беларусі з ЭЗ зьменшыўся амаль на 70%.

Расея здолела перанакіраваць на сябе 60% таго гандлю, які быў у Беларусі з ЭЗ. Таксама спынілася пастаўка беларускіх калійных угнаеньняў празь літоўскія порты. Яны перанакіраваныя на расейскую чыгунку і расейскія порты, адкуль экспартуюцца ў Кітай і Індыю. І гэта выходзіць для Беларусі значна даражэй. Беларускія чыноўнікі ня езьдзяць у ЭЗ і больш ня маюць магчымасьці выпраўляцца на шопінг у Вільню ці Варшаву. З кожным пакетам санкцыяў сьпіс неўязных у ЭЗ чыноўнікаў пашыраецца. Гэта пэўны ціск на рэжым, але ня вельмі моцны. З прычыны санкцыяў даводзіцца больш езьдзіць у Афрыку, шукаць новыя рынкі. Але яна далёкая, лягістыка для гандлю там значна горшая, чым была для Беларусі ў ЭЗ.

Магчыма, сёньня макраэканамічны эфэкт санкцыяў не такі прыкметны. Тут шмат прычынаў — гэта і пандэмія, і паляпшэньне ўмоваў гандлю пасьля пандэміі, і вайна Расеі ва Ўкраіне. Але мы бачым, што інфляцыя паскараецца. Усе кажуць, што санкцыі маюць кумулятыўны эфэкт. Каб ён праявіўся, павінна прайсьці некалькі гадоў, тады праявіцца макраэканамічны эфэкт.

Да таго ж, калі побач ёсьць такая краіна, як Расея, даволі проста абыходзіць санкцыі. Для Захаду гэта наагул даволі новая зьява — абыход санкцыяў. Тое, што ў свой час рабіў Іран, сёньня робяць Расея і Беларусь. Цяпер створана адмысловая інстытуцыя ў ЭЗ, якая адсочвае выпадкі абыходу санкцыяў (у ЗША такая інстытуцыя даўно ёсьць). Але на гэта патрэбныя сродкі і час. Калі мы складзем гэтыя чыньнікі, то можна сказаць, што эфэкт, на які мы спадзяваліся, ёсьць, але ён адносны.

— Вы чамусьці не гаворыце пра базавы момант. Санкцыі ўводзіліся ня дзеля таго, каб адно толькі «зрабіць балюча» Лукашэнку і беларускай эканоміцы. Яны ўводзіліся дзеля таго, каб зьмяніць паводзіны беларускага рэжыму. У гэтым сэнсе які плён?

— Рэжыму «чыняць боль», каб ён зьмяніў свае паводзіны, каб імкнуўся пазбавіцца ад гэтага «болю». У гэтым мы ня бачым амаль ніякіх зьменаў. Але гэта таму, што на сёньняшні дзень ёсьць Расея, якая падтрымлівае Лукашэнку. Гэта багатая краіна, і ў яе ёсьць шмат інструмэнтаў, якімі яна можа падтрымліваць Беларусь.

Санкцыі працягваюцца, бо іншых інструмэнтаў у Захаду няма, акрамя як прывесьці ў Беларусь сваю армію і міжнародную паліцыю. Аднак такога шляху няма, ён існуе толькі тэарэтычна. Захад яшчэ можа падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю ў Беларусі, каб яны прасоўвалі свой парадак дня.

— А дыпляматыя як інструмэнт тут выкрэсьліваецца?

— Канфідэнцыйныя перамовы вядуцца. Але сёньня Захад ня можа нічога прапанаваць Лукашэнку, каб ён сказаў: «Добра, я вызвалю некалькі палітвязьняў». Да вайны Расеі з Украінай, калі Лукашэнка спрабаваў выбудоўваць адносіны з Захадам, калі ён баяўся, што Беларусь стане наступнай пасьля Крыму, — тады магчымасьці для дыпляматыі былі. Сёньня Захад у сфэры дыпляматыі нічога ня можа прапанаваць, каб Лукашэнка хаця б вызваліў некалькіх палітвязьняў.

Сваю пазыцыю, свае ўмовы для Лукашэнкі Эўразьвяз сфармуляваў яшчэ ў 2020 годзе: дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, спыненьне рэпрэсіяў і свабодныя выбары. Калі гэтыя ўмовы будуць выконвацца, Эўразьвяз будзе рабіць свае крокі.

Калі б сёньня Ціханоўская сказала, што трэба весьці перамовы з рэжымам, што трэба прызнаваць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, а яна адмаўляецца ад сваёй ролі, то ў такім разе Захад, відавочна, да яе прыслухаўся б.

— Думаеце, што прыслухаўся б?

— Думаю, што так. Да яе прыслухоўваюцца. Але ЭЗ — гэта 27 краінаў, і яны не прымаюць рашэньні аднаасобна. Сытуацыя з пачаткам перамоваў з Украінай пра ўступленьне ў ЭЗ паказвае, што калі нават толькі адна краіна супраць, то рашэньне не прымаецца.

— Менавіта сёлета Сьвятлана Ціханоўская агучыла выразны геапалітычны выбар дэмакратычных сілаў Беларусі на карысьць Эўропы, Эўразьвязу, эўраінтэграцыі. Прынамсі, падчас выбараў 2020 году (дый пазьней) яна нічога такога не заяўляла. Якую рэакцыю ў Эўропе гэта выклікала? Ці ўспрынялі там гэта як выбар Беларусі?

— Гэтая ініцыятыва разглядаецца як выбар прынамсі значнай часткі беларускага грамадзтва. Рэакцыя на гэтую ініцыятыву — тое, што ў ЭЗ адрозьніваюць грамадзтвы Беларусі і Расеі. Там разумеюць, што ў Беларусі іншая грамадзкая думка, чым у РФ. Што ладная, калі ня большая частка беларусаў хоча добрых стасункаў з ЭЗ. І гэта добра ўспрымаюць у Эўразьвязе.

Людзі ў Беларусі не пратэстуюць, Лукашэнка праводзіць такую ж палітыку, як Расея, і, чаго хоча народ Беларусі, ніхто ня ведае. А Ціханоўская агучвае іншы выбар, і пра Беларусь у Эўропе не забываюць. Другі момант — гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці. Гэта складана цяпер рабіць унутры краіны, офіс Эўракамісіі ў Менску рэалізуе цяпер зусім невялічкія праекты. Таму цяпер падтрымка грамадзянскай супольнасьці — гэта падтрымка яе ў дыяспары.

Зараз пачынаюцца перамовы аб уступленьні ў ЭЗ Малдовы і Ўкраіны. Пры зьмене рэжыму ў Беларусі ёсьць такая ж магчымасьць распачаць эўраінтэграцыю. Калі будзе жаданьне ў новых уладаў і ў большасьці беларускага народу, Беларусь таксама можа ісьці гэтым шляхам.

— Ці можна сьцьвярджаць, што сёлета адбывалася «паўзучае» прызнаньне інстытутаў дэмакратычных сілаў (кансультацыйная група АПК з ЭЗ, стратэгічны дыялёг з ЗША)? Калі так, то чаму ўсё ж не адбылося афіцыйнага прызнаньня АПК легітымным урадам у выгнаньні, а Ціханоўскай — прэзыдэнтам-электам?

— Называць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам, а АПК урадам у выгнаньні ня будуць, бо ёсьць прыклад Вэнэсуэлы. І настроі падчас галасаваньня ў 2020 годзе, і альтэрнатыўны падлік галасоў на плятформе «Голас» паказалі, што за Ціханоўскую прагаласавала больш, чым за Лукашэнку, і ня выключана, што яна перамагла ўжо ў першым туры. Сымбалічнае прызнаньне яе адбылося ўжо тады.

Але інстытуцыйнае прызнаньне займае час. Справа ня ў назвах, але зь Ціханоўскай сапраўды размаўляюць як зь легітымнай прадстаўніцай беларускага народу. Гэта ня значыць, што для Захаду Лукашэнка — ніхто, звычайны беларус. Усе разумеюць, што ён кіруе краінай, ён ажыцьцяўляе рэпрэсіі і вядзе вонкавую палітыку ў расейскім рэчышчы. Але на Захадзе падзяляюць рэжым і народ. Людзі зь Беларусі празь Ціханоўскую могуць даносіць свае погляды і жаданьні, якой яны хочуць бачыць Беларусь.

— Чаго можна чакаць у адносінах Беларусі з Захадам у 2024 годзе?

— Я мяркую, што адносіны паміж дэмакратычнымі сіламі і краінамі Захаду будуць больш інстытуцыяналізавацца. Ня думаю, што Ціханоўская страціць свой уплыў (у 2024 годзе дакладна не). Яна будзе разглядацца як легітымная прадстаўніца беларускага народу. Мяркую, што і пасьля 2025 году яна будзе разглядацца гэтаксама.

Прэзыдэнцкія выбары 2025 году ня будуць прызнаныя ні справядлівымі, ні дэмакратычнымі. Я мяркую, што з боку Захаду павялічыцца фінансавая падтрымка грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і праектаў, зьвязаных зь беларускай культурай і ідэнтычнасьцю.

Хада падзеяў унутры Беларусі будзе вельмі залежаць ад хады вайны ва Ўкраіне. Невядома, ці будуць ЗША і далей у тым жа аб’ёме працягваць падтрымліваць Украіну. І ня выключана, што пры пэўных абставінах Эўропе давядзецца ўзяць на сябе ўвесь кошт узбраеньня Ўкраіны.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG