Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Швэцыі: «Месца Беларусі — у Эўразьвязе». ВІДЭА


Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм. Вільня, 6 лістапада 2023
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм. Вільня, 6 лістапада 2023

6 лістапада ў Вільні міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм абвясьціў аб прызначэньні Крыстыны Юганэсан, якая раней працавала амбасадаркай Швэцыі ў Менску, дыпляматычнай прадстаўніцай пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой.

Пасьля цырымоніі ў Віленскай ратушы міністар адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Ніжэй цытаты з гутаркі, інтэрвію цалкам глядзіце на відэа:

Пра новага дыпляматычнага прадстаўніка

— Вы выступілі 6 лістапада ў Віленскай ратушы зь вельмі важнай прамовай — важнай і для Беларусі, і для Швэцыі. Сярод іншага вы абвясьцілі аб новай стратэгіі Швэцыі ў дачыненьні да Беларусі і аб прызначэньні спэцпрадстаўніка для дачыненьняў з дэмакратычнай Беларусьсю. Не маглі б вы патлумачыць для беларусаў, якія знаходзяцца ў сваёй краіне і за мяжой у выгнаньні, чаго Швэцыя спадзяецца дасягнуць гэтымі зьменамі?

— Па-першае, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка для беларускай апазыцыі, пра якое сёньня тут абвяшчае ўрад Швэцыі, — гэта, вядома, спосаб стварыць лепшыя кантакты, якія дазволяць нам лепш зразумець, што трэба ў цяперашнім становішчы. І мець добрыя кантакты тады, калі Беларусь зноў стане свабоднай. Заўсёды лепш мець добрыя і стабільныя адносіны. І гэта менавіта тое, да чаго мы імкнёмся гэтым прызначэньнем. Але пытаньне стаіць і пра тое, каб мы маглі працаваць з гэтым пасланьнікам і ў межах Паўночна-Балтыйскіх краін.

Я хацеў бы бачыць большае супрацоўніцтва і паміж Паўночна-Балтыйскімі краінамі ў цэлым і беларускай апазыцыяй, а таксама ў рамках Эўразьвязу.

Пра эўрапейскае месца Беларусі

— Адказваючы на пытаньне з залі, вы сказалі, што верыце ў тое, што Беларусь калі-небудзь стане сябрам Эўразьвязу. Што ўмацоўвае вас у такой думцы?

— Ну, вядома, гэта паэтапны працэс. Першы крок — гэта ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі. Мы ўсе гэта ведаем, але мы таксама павінны сказаць беларускаму народу, што далей, што будзе потым?

І для мяне, і для ўраду, які я прадстаўляю, цалкам відавочна, што для Беларусі ёсьць месца ў Эўразьвязе. Беларусь належыць да эўрапейскай сям’і, і цалкам натуральна бачыць Беларусь членам Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм у інтэрвію Радыё Свабода
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм у інтэрвію Радыё Свабода

Гэты працэс павінен грунтавацца на заслугах, як і ва ўсіх краінах-кандыдатах, але зь нечага трэба пачынаць. І я кажу вам як міністар замежных спраў Швэцыі, і швэдзкі ўрад цьвёрда ў гэтым перакананы, што мы павінны ініцыяваць сяброўства Беларусі як эўрапейскай краіны, як толькі яна зноўку зробіцца свабоднай дзяржавай з дэмакратычным кіраваньнем.

— Адносна прызначэньня амбасадаркі Крыстыны Юганэсан новай дыпляматычнай прадстаўніцай Швэцыі для беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці, — ці гэта крок толькі Швэцыі, ці гэта супольнае дзеяньне, узгодненае зь іншымі эўрапейскімі краінамі? І як цяпер Швэцыя ставіцца да Лукашэнкі, які ён статус мае для швэдзкай дзяржавы?

— Ну, па-першае, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка ў асобе Крыстыны Юганэсан, — гэта, як я бачу, крок у слушным кірунку, і можна спадзявацца, што за ім рушаць іншыя дзяржавы. Я не магу загадваць іншым дзяржавам, што рабіць. Але я думаю паглядзець на сваіх калегаў, якія галасуюць, і сказаць: паглядзіце, што мы робім. Можа, гэта стане прыкладам.

Што тычыцца рэжыму Лукашэнкі, то, па-мойму, гэтае прызначэньне яшчэ раз паказвае, што мы прызнаём толькі адзін легітымны ўрад Беларусі. Вядома, той, якім кіруе Сьвятлана Ціханоўская, якая была абраным прэзыдэнтам, пакуль Лукашэнка не сфальсыфікаваў выбары. Так што, як мы бачым, менавіта спадарыня Сьвятлана Ціханоўская прадстаўляе беларускі народ.

Пра прызнаньне Ціханоўскай абраным прэзыдэнтам Беларусі

— То бок вы прызнаяце Сьвятлану Ціханоўскую абраным прэзыдэнтам?

— Мы прызнаём яе чалавекам, які перамог на выбарах і які па праву павінен быў стаць інаўгураваным прэзыдэнтам Беларусі.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм сустракаецца са Сьвятланай Ціханоўскай. Вільня, 6 лістапада 2023
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм сустракаецца са Сьвятланай Ціханоўскай. Вільня, 6 лістапада 2023

— Сёньня вы размаўлялі са Сьвятланай Ціханоўскай. Якія асноўныя вынікі?

— Я лічу, што яна, як заўсёды, паказвае, што працуе на карысьць беларускага народу. Яна легітымны лідэр, але яна таксама лідэр, які мае візію для беларускага народу. Гэта візія свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва, дзе тыя, хто зьдзейсьніў злачынствы супраць чалавечнасьці, павінны быць пакараныя. Тут маюцца на ўвазе вінаватыя ў тых злачынствах, калі людзей садзяць у турму, ужываюць катаваньні, адмаўляюць людзям у праве мець уласны голас і выказваць праз свабодныя СМІ, што яны думаюць.

Але гэта і пытаньне будучыні. Беларусь магла б быць квітнеючай краінай, магла б быць краінай з добрай эканомікай, магла б быць краінай, блізкай да Эўразьвязу і ў канчатковым выніку таксама сябрам Эўразьвязу. Усё гэта пытаньні, якія яе турбуюць, і ўрад Швэцыі яны турбуюць таксама.

Пра санкцыйны ціск і міжнародны ордэр на Лукашэнку

— Швэцыя далучылася да ўсіх санкцый супраць Лукашэнкі. Санкцыі былі ўведзеныя з прычыны ягонай кампаніі рэпрэсій і падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны. Не маглі б вы ацаніць эфэктыўнасьць гэтых санкцый? Якраз цяпер Эўразьвяз прымае новыя санкцыі супраць Расеі — ці закрануць яны і Беларусь?

— Спадзяюся, што так. Швэцыя, безумоўна, будзе працаваць у гэтым напрамку. Мы лічым, што, як вы слушна заўважылі, палітыка, якую праводзіў Лукашэнка — тое, што ягоны рэжым цяпер дазваляе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, што ён прыгнятае свой народ, прычым імпартуе рэпрэсіі ва ўласнае грамадзтва з Расеі, — усё гэта азначае, што нам трэба накладаць больш санкцый на сэктары беларускай эканомікі, і Швэцыя разам зь іншымі дзяржавамі Эўразьвязу будзе працаваць у гэтым напрамку. Можаце быць у гэтым упэўненыя.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм у інтэрвію Радыё Свабода
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм у інтэрвію Радыё Свабода

— А як наконт пэрсанальных санкцый? Эўрапарлямэнт прагаласаваў, што на Лукашэнку павінен быць выдадзены ордэр у Гаазе. Ці далучыцца Швэцыя да выдачы ордэраў на самога Лукашэнку і людзей ягонага рэжыму?

— Так, я лічу, што адказнасьць за ўчыненыя злачынствы абсалютна неабходная. Гэта неабходна і цяпер, каб рэжым панёс адказнасьць і за гвалт над уласным народам, і за ўдзел у вайне супраць Украіны. Але гэта таксама і пытаньне будучыні. Трэба ачысьціць беларускае грамадзтва ад выканаўцаў злачынстваў, ад тых, хто ўзначальвае КДБ на высокім узроўні, ад тых, хто дапамагаў Лукашэнку ў гэтых злачынствах. І памятайце, Камісар ААН па правах чалавека заявіў, што зьверствы, учыненыя рэжымам, — гэта злачынства супраць чалавечнасьці. Гэта вельмі і вельмі цяжкая праца. Мы, Эўразьвяз, павінны мець гэта на ўвазе, калі будзе ўхваляцца рашэньне аб санкцыях супраць Беларусі.

Пра дапамогу беларускім палітвязьням

— Сымбалічнай хроснай маці Алеся Пушкіна была дэпутат парлямэнту Швэцыі Каміля Гансэн. Гэта быў беларускі мастак, які памёр за кратамі ў турме, пазбаўлены належнай мэдычнай дапамогі. Цяпер у Беларусі больш за 1500 палітвязьняў у вельмі кепскіх умовах у турмах. Як Швэцыя, міжнародная супольнасьць, такія арганізацыі, як Чырвоны Крыж, могуць дапамагчы ім выжыць?

— Ёсць шмат спосабаў, якімі мы можам аказаць дапамогу, і гэта адбываецца ўвесь час. Мы павінны думаць, як паказаць, што мы прызнаём факты зьверстваў, катаваньняў, умоваў у турмах. Нам трэба гаварыць пра адказнасьць, але таксама і аказваць дапамогу грамадзянскай супольнасьці за мяжой. Беларуская грамадзянская супольнасьць намагаецца больш асьвятляць гэта і прыцягваць больш увагі да ўмоў утрыманьня палітвязьняў. І швэдзкі ўрад, вядома, выразна заклікае беларускі рэжым вызваліць палітычных зьняволеных.

— Усе незалежныя прафсаюзы ў Беларусі забароненыя і закрытыя, шмат хто зь іх лідэраў цяпер у турмах. Міжнародная арганізацыя працы заявіла аб прымяненьні да Беларусі артыкула № 33 свайго Статута.

Але такая форма рашэньня патрабуе выкананьня праз канкрэтныя крокі на нацыянальным узроўні. Як Швэцыя магла б выканаць гэтае рашэньне?

— Гэта, зноў жа, пытаньне міжнароднага супрацоўніцтва. Як міністар замежных спраў Швэцыі я хацеў бы бачыць больш перамоваў з маімі калегамі на гэтыя тэмы, як у Эўразьвязе, гэтак і на сусьветным узроўні.

І я лічу, што мы не павінны дазволіць, каб гэтыя зьверствы і іх выканаўцы засталіся без пакараньня. Трэба разабрацца з гэтым, прычым зрабіць гэта з законнага пункту гледжаньня, таму што, як вы слушна сказалі, трэба яўныя доказы, і ў пляне згаданага артыкула, і ў шырэйшым кантэксьце, што гэта становіць склад злачынства. Мы павінны з гэтым разабрацца.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні, 6 лістапада 2023
Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм і Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні, 6 лістапада 2023

Аб праблеме прытулку для беларускіх уцекачоў

— Перад гэтым інтэрвію я размаўляў зь некаторымі швэдзкімі праваабаронцамі. І яны сказалі мне пра вялікую праблему з асобамі зь Беларусі, якія шукаюць прытулку ў Швэцыі. Міграцыйнае агенцтва прызнае толькі 2-3% такіх асобаў. Што вы як міністар замежных спраў маглі б зрабіць, каб зьмяніць падыходы Міграцыйнага агенцтва да Беларусі, каб зьмяніць іх стаўленьне? Можа, вы як былы міністар міграцыі маглі б ім дапамагчы?

— Менавіта таму, што я былы міністар міграцыі, я хацеў бы адзначыць той факт, што асобныя справы ня могуць у Швэцыі разглядацца міністрамі, гэта забаронена законам. Таму я зьдзейсьніў бы правапарушэньне, калі б сказаў міграцыйным органам зрабіць тое ці гэтае.

Але што я магу сказаць — вядома, МЗС заўсёды гатовы паспрабаваць, і я таксама спадзяюся, што лепшае, што можна зрабіць, — гэта каб краіна перагледзела інфармацыйную базу па краінах, на аснове кой міграцыйны офіс працуе, але яму трэба больш інфармацыі, а яе можа надаць і грамадзянская супольнасьць.

У швэдзкім судзе, які разглядае міграцыйныя справы, вы маеце права падаваць любыя доказы, якія пажадаеце, і гэта дазваляецца швэдзкім заканадаўствам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG