Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая Натальля Качанава, якая мае кіраваць Беларусьсю, калі Лукашэнка пакіне пасаду. ВІДЭА


Натальля Качанава. Архіўнае фота
Натальля Качанава. Архіўнае фота

Натальля Качанава прайшла шлях ад дыспэтчара «Водаканалу» ў Полацку да старшыні Савету Рэспублікі. Чым яна запомнілася на сваёй пасадзе, расказвае «Настоящее время Беларусь».

Чым яна запомнілася на сваёй пасадзе, расказвае «Настоящее время Беларусь».

Натальля Качанаву называюць другім чалавекам у Беларусі, а ў выпадку сьмерці Аляксандра Лукашэнкі ўлада ў краіне павінна перайсьці да кіраўніка верхняй палаты парлямэнту, гэта значыць менавіта да гэтай чыноўніцы.

Натальлі Качанавай 62 гады. Яна нарадзілася ў Полацку, дзе доўгі час рабіла сваю кар’еру. Будучая чыноўніца хацела стаць выхавальніцай у дзіцячым садку, але мяркуецца, што за спартовыя заслугі ёй прапанавалі паступаць у Полацкі політэхнічны інстытут, каб яна прадстаўляла ВНУ на спаборніцтвах. Так Качанава паступіла на спэцыяльнасьць «Водазабесьпячэньне і каналізацыя» ў мясцовы палітэх.

Пасьля заканчэньня ВНУ ў 1982 годзе Качанава, а да замужжа Талкачова, павінна была адправіцца па разьмеркаваньні на завод «Хімвалакно» ў Сьветлагорску, але працоўнага месца для яе на прадпрыемстве не знайшлося, таму давялося ўладкоўвацца самастойна. Яна працавала дыспэтчаркай «Водаканалу» ў Полацку, праз тры месяцы стала інжынэрам, а пазьней перайшла ў сфэру ЖКГ. У 2002-м Качанава ўзначаліла аддзел ЖКГ у Полацкім гарвыканкаме.

Чыноўніца расказвала, што ўладкавалася ў гарвыканкам выпадкова, аднак, як заўважыла «Наша нiва», у яе была кватэра ў адным доме з мэрам Полацку Уладзімерам Тачылам. У 2007 годзе будучая старшыня Савету Рэспублікі ўзначаліла гарвыканкам Наваполацку. Пры ёй у горадзе пабудавалі лыжаролерную трасу, рэканструявалі нафтаперапрацоўчы завод. На гэтай пасадзе Качанава запомнілася тым, што па яе ініцыятыве ўсе жанчыны гораду, якія хацелі зрабіць аборт, былі вымушаны прайсьці кансультацыю ў псыхоляга. Чыноўнікі зрабілі справаздачу, што так ад аборту ў Наваполацку «адгаварылі больш за 80 жанчын».

З канца 2014-га па 2016-ы Качанава займала пасаду намесьніка прэмʼер-міністра. Тады ж яна пераехала ў Менск. Яе перавод на такую пасаду быў нечаканым. Магчыма, яе рэкамэндавалі прадстаўнікі сілавых структур.

Чыноўніца адказвала за сацыяльную сфэру і пасьля прызначэньня на пасаду стала куратаркай праекту аб «дармаедах». Наступным яе гучным праектам стала пэнсійная рэформа, у выніку якой жанчын цяпер адпраўляюць на пэнсію ў 58 гадоў, а мужчын — у 63.

У 2016 годзе Качанава пайшла на павышэньне. Яе прызначылі кіраваць адміністрацыяй Лукашэнкі. Там яна працавала да сьнежня 2019 году, пасьля чаго яе выбралі старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. За яе прагаласавалі 59 з 60 прызначаных сяброў верхняй палаты парлямэнту.

Неўзабаве Лукашэнка зьмяніў Канстытуцыю. Згодна са зьменамі, цяпер менавіта Натальля Качанава на сваёй пасадзе атрымае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, калі Лукашэнка пакіне пасаду прэзыдэнта.

Натальля Качанава актыўна падтрымлівала Лукашэнку ў антыкаранавіруснай палітыцы, а таксама, паводле былога супрацоўніка адміністрацыі, менавіта яна настойвала на тым, каб на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах «намаляваць Лукашэнку 80 працэнтаў».

У той час кіраўнік справамі Лукашэнкі Віктар Шэйман прапаноўваў абвясьціць вынік 60 працэнтаў і прызнаць паражэньне ў Менску. Пасьля фальсыфікацыі выбараў чыноўніца спрабавала супакоіць насельніцтва. 13 жніўня, у разгар пратэстаў, Качанава зьвярнулася да беларусаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь-1».

У жніўні 2020 году Качанава прыяжджала ў Белтэлерадыёкампанію разам з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Натальляй Эйсмант. Там яны гутарылі з супрацоўнікамі медыяхолдынгу, якія былі ня згодныя з тым, што расказвалі аб пратэстах і катаваньнях людзей на Акрэсьціна дзяржаўныя тэлеканалы.

У верасьні 2020 году чыноўніца сустракалася і са студэнтамі БДУ, у прыватнасьці факультэту журналістыкі, куды запрасілі толькі тых студэнтаў, якіх прызначыла адміністрацыя факультэта.

24 лютага 2022 году расейскія войскі ўварваліся ўва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. За два гады да гэтага ў інтэрвію Дзьмітрыю Гардону Лукашэнка даваў абяцаньні, што расейскія войскі ніколі ня будуць атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Качанава ж адхіляе любыя абвінавачаньні супраць Беларусі ва ўдзеле ў нападзе:

«Усе абвінавачаньні нашай дзяржавы нібыта ў дапамозе агрэсіі — поўны абсурд і брудная хлусьня. Мы, як ніхто іншы, зацікаўлены ў больш хуткім мірным урэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне».

Раней Качанава заяўляла, што прэзыдэнтам у Беларусі можа быць толькі мужчына, а падчас наведваньня аднаго з радзільных дамоў сказала, што гэтыя жанчыны выконваюць галоўную справу жыцьця — нараджаюць беларусаў.

Натальля Качанава абараняе так званыя традыцыйныя каштоўнасьці ў краіне і прапануе замест сьвяткаваньня Дня сьвятога Валянціна адзначаць Дзень сьвятых Пятра і Фэўроньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG