Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская ў Washington Post: «Каб дэмакратыя вярнулася ў Беларусь, патрэбная дапамога ЗША»


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Пра гэта дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская напісала ў калёнцы ў газэце The Washington Post.

«Калі Лукашэнка супраць волі нашага народу ўцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну Ўладзіміра Пуціна супраць Украіны, я сфармавала ўрад у выгнаньні — Аб’яднаны пераходны кабінэт. Стала відавочна, што дыктатар больш не прадстаўляе беларускі народ. Ён служыць толькі Пуціну. Дэмакратычныя краіны пачалі працаваць з маім кабінэтам як з законным прадстаўніком Беларусі. Сярод іх і ЗША — непахісны партнэр нашых дэмакратычных сілаў»,— напісала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што раней сёлета Дзяржаўны дэпартамэнт паабяцаў наладзіць «усебаковы стратэгічны дыялёг» паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Такі дыялёг адбудзецца на гэтым тыдні. Гэта можа зьмяніць гульню ў нашай шматгадовай барацьбе за свабоду. І я спадзяюся, што гэта дасьць нам шанец вярнуць нашую краіну да дэмакратыі і вызваліць яе з расейскіх кіпцюроў. Раз і назаўсёды», — заявіла дэмакратычная лідэрка Беларусі.

Яна падкрэсьліла, што яе прыярытэт № 1 — спыніць паняволеньне Беларусі.

«Мы павінны выключыць магчымасьць таго, што Беларусь аддадуць Пуціну ў якасьці суцяшальнага прыза, калі будуць адбывацца мірныя перамовы аб Украіне. Мы не павінны дапусьціць, каб Беларусь засталася дзе-небудзь у расейскай сфэры ўплыву. „Нічога пра нас бяз нас“ — наш імпэратыў», — зазначыла яна.

«Мы будзем прасіць Злучаныя Штаты ўвесьці санкцыі супраць Расеі ня толькі за яе ваенныя злачынствы ва Ўкраіне, але і за падрыў беларускага сувэрэнітэту. Акрамя таго, ЗША павінны падкрэсьліць, што ўсе дамоўленасьці паміж Лукашэнкам і Расеяй незаконныя. Ён злачынец, а не законны прэзыдэнт. Мы таксама просім Злучаныя Штаты прызначыць адмысловага прадстаўніка для Беларусі, каб умацаваць нашае партнэрства. Кангрэс павінен абнавіць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — напісала Ціханоўская ў WP.

Яна адзначыла, што дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо абмяркоўваюць стратэгію эканамічных пераўтварэньняў у пераходны пэрыяд.

«Беларусь павінна быць часткаю пляну эканамічнага аднаўленьня рэгіёну — у які ўваходзяць Украіна, Малдова, Грузія і нашыя балтыйскія суседзі. Беларусы павінны ведаць, што калі пачнуцца перамены, ЗША працягнуць руку дапамогі» — мяркуе палітык.

Яна адзначыла важнасьць падтрымкі ініцыятываў папулярызацыі беларускай мовы, культуры і гісторыі:

«Моцная нацыянальная ідэнтычнасьць будзе найлепшай проціатрутай ад так званага „русского мира“», — зазначыла Ціханоўская.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG